Мітрапаліт Павел прыняў удзел у адкрыцці пленарнага пасяджэння Савета епіскапскіх канферэнцый Еўропы

29 верасня 2017

top.jpg

28 верасня 2017 года ў Мінскай гарадской ратушы адкрылася пленарнае пасяджэнне Савета епіскапскіх канферэнцый Еўропы. Упершыню ў гісторыі сталіца Беларусі прыняла кіраўнікоў каталіцкіх епіскапскіх канферэнцый з 45 краін Еўропы. Праца форуму прысвечана пастырскаму клопату аб моладзі, царкоўнай місіі дабравесця і ўкладу Царквы ў будаўніцтва агульнага еўрапейскага дома.

Удзел ва ўрачыстым адкрыцці пленарнага пасяджэння Савета епіскапскіх канферэнцый Еўропы прыняў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

На форуме прысутнічалі: віцэ-прэм'ер Рэспублікі Беларусь Васіль Іванавіч Жарко, старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй Віктаравіч Шорац, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Паўлавіч Гуляка, лідары традыцыйных канфесій Беларусі.

У сваім звароце да ўдзельнікаў пасяджэння мітрапаліт Павел падкрэсліў, што тэмы і праблемы, якія хвалююць Каталіцкую Царкву, таксама актуальныя і для Праваслаўнай Царквы.

Мітрапаліт Павел звярнуў асаблівую ўвагу на праблему віртуальнага жыцця моладзі. Па яго словах, «мы павінны даць моладзі добры прыклад прыстойнага жыцця, які можа быць у веруючых людзей на зямлі», а таксама «перадаць ім шматвяковы вопыт Царквы, каб маладыя людзі маглі і на зямлі пражыць годнае жыццё і спадзявацца на жыццё ў вечнасці ў Царстве Нябесным».

У завяршэнне свайго прывітальнага слова Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі пажадаў удзельнікам пленарнага пасяджэння плённай працы ў абмеркаванні і вырашэнні важных пытанняў, якія стаяць на парадку дня.

Фота: БелТА

Church.by