Мітрапаліт Павел: Ставіць пытанне пра кананізацыю мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) пакуль рана

20 сакавіка 2018

top.jpg

20 сакавіка 2018 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная святкаванню 220-годдзя з дня нараджэння і 150-годдзя з дня блажэннага скону мітрапаліта Літоўскага і Віленскага Іосіфа (Сямашкі), ініцыятара ўз'яднання беларускіх уніятаў з Праваслаўнай Царквой.

Удзел у прэс-канферэнцыі прыняў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

Адказваючы на пытанне аб магчымай перспектыве прылічэння мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) да ліку святых, уладыка Экзарх адзначыў, што казаць аб гэтай кананізацыі яшчэ рана, хоць характар місіянерсккай працы ўладыкі Іосіфа сведчыць аб яго выдатных здольнасцях і значных заслугах перад Царквой і народам Божым.

Мітрапаліт Павел нагадаў, што існуюць пэўныя крытэрыі прылічэння да ліку святых. У іх ліку — бездакорнае жыццё падзвіжніка, яго заслугі перад Царквой, яго аскетычныя, прапаведніцкія альбо місіянерскія намаганні. Немалаважным крытэрыем кананізацыі з'яўляецца шанаванне падзвіжніка ў народзе Божым.

На дадзеным этапе ідзе збор і даследаванне матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі). Мы рыхтуем матэрыялы, і, калі ўсё будзе зроблена, Сінадальная камісія па кананізацыі святых Беларускага Экзархату зробіць сваю пэўную выснову, — адзначыў уладыка Павел.

Па словах Патрыяршага Экзарха, мітрапаліт Іосіф (Сямашка) — асаблівы чалавек, дзейнасць якога была звязана з некалькімі краінамі. Ён нарадзіўся на Кіеўскай зямлі, кіраваў епархіяй, размешчанай на тэрыторыі цяперашніх Беларусі і Літвы, быў вядомы і ў Расіі. Калі царкоўнае ўслаўленне ўладыкі Іосіфа адбудзецца, то, хутчэй за ўсё, ён будзе кананізаваны не як мясцовашануемы, а як агульнацаркоўны святы. Зыходзячы са значнасці яго дзейнасці для ўсёй царкоўнай паўнаты, думаю, што пытанне аб прылічэнні мітрапаліта Іосіфа (Сямашкі) да ліку святых будзе знаходзіцца ў кампетэнцыі Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Рускай Праваслаўнай Царквы, — сказаў архіпастыр.

«Мы не хочам апярэджваць якое-небудзь рашэнне. Мы проста збіраем дакументы. Рашэнне будзе прымаць вышэйстаячая камісія», — адзначыў мітрапаліт Павел. 

Church.by

Фотарэпартаж