Мітрапаліт Веніямін узнёс малітвы аб ацаленні хворых у галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры ў горадзе Мінску
31 сакавіка 202131 сакавіка 2021 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узнёс малітвы аб ацаленні хворых у 432-м ордэна Чырвонай Зоркі галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у горадзе Мінску. Асаблівыя малітвы прагучалі і аб усіх працаўніках медыцынскіх устаноў.
Звяртаючыся да медыцынскіх работнікаў, Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы адзначыў адказнасць і важнасць іх працы і пажадаў дапамогі Божай у нялёгкім служэнні.
У якасці прыкладу такога служэння людзям ён прывёў асобу свяціцеля Лукі Война-Ясянецкага. Яго хірургічныя метады лячэння гнойных захворванняў і раненняў, выкладзеныя ў «Нарысах гнойнай хірургіі», выратавалі тысячы жыццяў. Нярэдка хірург браўся аперыраваць у безнадзейных выпадках. «Свяціцель Лука пачынаў аперацыю з малітвы, у якой ён вызнаваў Богу немач чалавечай сілы і прасіў у Госпада дапамогі ў сваёй працы. І сапраўды, часта бывалі такія выпадкі, калі насуперак медыцынскім прагнозам адбывалася паляпшэнне стану і нават ацаленне», — распавёў мітрапаліт Веніямін і параіў медыцынскім работнікам заклікаць свяціцеля для дапамогі ў сваёй працы.
За вялікі ўклад у барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй, самаадданасць і высокі прафесіяналізм, праяўленыя пры выкананні ўрачэбнага доўгу, Патрыяршы Экзарх узнагародзіў шэраг вайсковых лекараў узнагародамі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
У сваю чаргу начальнік галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра, палкоўнік медыцынскай службы Ігар Касінскі адзначыў, што для супрацоўнікаў установы велізарны гонар атрымаць узнагароды Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ён таксама падзякаваў БПЦ за духоўную дапамогу і малітоўную падтрымку і выказаў надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва.
У завяршэнне мітрапаліт Веніямін падаў архіпастырскае благаславенне супрацоўнікам галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра на далейшую працу на карысць бліжніх.