Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён назваў ператварэнне Святой Сафіі ў мячэць «аплявухай усяму хрысціянству»

12 ліпеня 2020

top.jpg

Ператварэнне сабора Святой Сафіі ў Стамбуле ў мячэць — гэта «аплявуха ўсяму сусветнаму хрысціянству», заявіў ТАСС старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

«Можна па-рознаму ацэньваць ўнутраную палітычную сітуацыю ў Турцыі і тыя фактары, якія заахвоцілі турэцкае кіраўніцтва да падобнага рашэння. Але духоўны і культурны здабытак усяго свету не павінен станавіцца закладнікам бягучай палітычнай сітуацыі. Шкада, што палітычная кан'юнктура бярэ верх над павагай да іншых рэлігійных традыцый. Ператварэнне Святой Сафіі ў мячэць — аплявуха, якую кіраўніцтва Турцыі нанесла Праваслаўнай Царкве, усяму сусветнаму хрысціянству», — сказаў суразмоўца агенцтва.

Раней Дзяржаўны савет Турцыі адмяніў пастанову турэцкага ўрада аб прысваенні сабору Святой Сафіі ў Стамбуле статусу музея. Пра гэта паведаміў у пятніцу тэлеканал CNN Turk. Прэзідэнт Турцыі Таіп Эрдаган падпісаў указ, які дазваляе мусульманам здзяйсняць малітву ў Айя-Сафіі, якая з гэтага часу носіць статус мячэці.

Мітрапаліт Іларыён адзначыў, што такое рашэнне дзяржаўнага кіраўніцтва Турцыі не можа не расчароўваць. «Святая Сафія была пабудавана як храм, прысвечаны Іісусу Хрысту, і мы, праваслаўныя хрысціяне, не можам успрымаць яе інакш. З 1934 года і да гэтага дня Святая Сафія мела статус музея, што давала магчымасць і хрысціянам, і мусульманам, і прадстаўнікам іншых рэлігій яе бесперашкодна наведваць < ... > Для праваслаўных хрысціян Святая Сафія — тое ж, што для каталікоў Сабор святога Пятра ў Рыме. Гэта храм-сімвал і адна з найвялікшых хрысціянскіх святынь», — дадаў кіраўнік АЗЦС, падкрэсліўшы, што ніяк інакш успрымаць яе хрысціяне не могуць і не будуць.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by