Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён: не баішся заразіцца сам, падумай пра іншых

24 сакавіка 2020

top.jpg

Тысячы святароў і мільёны простых вернікаў апынуліся ў асабліва складанай сітуацыі ў сувязі з пандэміяй каронавіруса, якая выбухнула ў перыяд Вялікага посту і падрыхтоўкі да галоўнага хрысціянскага свята — Вялікадня (сёлета праваслаўныя сустрэнуць яго 19 красавіка). Як распаўсюджванне захворвання адбілася на жыцці праваслаўнага свету, Старажытных Усходніх Цэркваў, каталікоў, пратэстантаў і паслядоўнікаў іншых веравызнанняў, чаго чакаць і як дзейнічаць у сітуацыі, якая склалася, асабліва пажылым, наколькі могуць быць больш жорсткімі антывірусныя меры ў Рускай Царкве, ці можа яна закрыць храмы або ўступіць у канфлікт з уладамі, ці гатовая сустрэць Уваскрасенне Хрыстова без Благадатнага агню і анлайн, распавёў у эксклюзіўным інтэрв'ю РІА «Новости» кіраўнік Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

Свет

— Уладыка, як пандэмія каронавіруса адбілася на царкоўным жыцці праваслаўных у розных краінах свету?

— Адбілася самым сур'ёзным чынам. У Італіі, Францыі, шэрагу іншых краін Еўропы праваслаўныя храмы зачынены, богаслужэнні адменены. Дзесьці набажэнствы працягваюцца, але абмежаваная колькасць асоб, якія могуць прысутнічаць у храме адначасова.

— Ці на сувязі Вы з іншымі Памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі па пытанні пандэміі? Якія меры там прымаюцца?

— Апублікавана рашэнне Канстанцінопальскай Царквы закрыць на каранцін да 29 сакавіка храмы і манастыры па ўсім свеце.

У мэтах процідзеяння распаўсюджванню каронавіруса Кіпрская Архіепіскапія ў спецыяльнай заяве заклікала вернікаў устрымлівацца ад наведвання храмавых богаслужэнняў і ад прычашчэння на працягу трох тыдняў, рэкамендаваўшы сачыць за службамі з дапамогай тэле-і радыётрансляцыі.

У Эладскай Царкве богаслужэнні спыненыя. На днях аднаго мітрапаліта нават ледзь не арыштавалі за тое, што ён здзейсніў богаслужэнне ў прысутнасці вернікаў.

На экстраным пасяджэнні Сінода Праваслаўнай Царквы ў Амерыцы пасля нарады з медыцынскімі экспертамі прынята Сінадальнае пасланне адносна эпідэміі каронавіруса. Епархіяльныя архіерэі закліканы ажыццяўляць сваю апеку аб пастве з улікам пазіцыі дзяржаўных уладаў і прымаць у каардынацыі з Сінодам самастойныя рашэнні аб абмежаванні колькасці ўдзельнікаў богаслужэнняў, скарачэнні колькасці богаслужэнняў або аб іх часовым спыненні (у выпадку магчымых рашэнняў свецкіх уладаў). Манастыры зачыняюцца для прыёму паломнікаў да 1 красавіка. Свяшчэнны Сінод зноў разгледзіць сітуацыю ў канцы сакавіка.

Я прывёў толькі некаторыя прыклады. У той ці іншай ступені на эпідэмію каронавіруса адрэагавалі усе Памесныя Праваслаўныя Цэрквы.

— А якія рашэнні прымаюцца ў Старажытных Усходніх Цэрквах?

— У Копцкай Царкве на тэрыторыі Егіпта да 5 красавіка зачынены ўсе парафіяльныя храмы: у іх не будуць праводзіцца ніякія набажэнствы, за выключэннем адпяванняў, на якіх могуць прысутнічаць толькі члены сем'яў памерлых.

Усе храмы Армянскай Апостальскай Царквы да 9 красавіка будуць адкрыты толькі «для індывідуальных наведванняў і прыватных малітваў вернікаў», прычым на працягу ўсяго дадзенага перыяду благаслаўляецца «здзяйсняць Літургію без вернікаў, толькі пры ўдзеле духавенства».

Ва ўсіх парафіях Асірыйскай Царквы Усходу на тэрыторыі ЗША адмененыя набажэнствы з удзелам вернікаў, у тым ліку прычашчэнне міран у храмах да 12 красавіка ўключна (а яны Вялікдзень святкуюць 12 красавіка). Аналагічныя абмежаванні дзейнічаюць для асірыйскіх абшчын у Італіі і іншых краін Заходняй Еўропы, у якіх абвешчана надзвычайнае становішча.

— Дзе ў Еўропе сітуацыя цяпер найгоршая?

— Горш за ўсё сітуацыя ў Італіі: больш за пяцьдзесят тысяч заразіліся, некалькі тысяч памерлых. Уся краіна на цвёрдым каранціне, выходзіць у горад фактычна забаронена, вуліцы пустыя, людзі сядзяць па дамах. Усе богаслужэнні адменены, у тым ліку і ў праваслаўных храмах. Паліцыя ва ўзмоцненым рэжыме патрулюе гарады, і калі бачыць, што каля храма збіраецца хаця б невялікая група людзей, адразу ж прыязджаюць паліцэйскія і ладзяць разбіральніцтвы.

У горадзе Бергама крэматорыі працуюць круглыя суткі, сірэны хуткай дапамогі і памінальны звон у цэрквах гучаць амаль бесперапынна, бальніца перапоўненая і не спраўляецца з наплывам заражоных і паміраючых.

— Якая сітуацыя ў Рыме? Што робіць Ватыкан?

— Усе рымскія храмы зачыненыя для наведвання і малітвы да 3 красавіка. Раней для барацьбы з каронавірусам у Ватыкане турыстам забаранілі наведваць сабор Святога Пятра і прылеглую да яго плошчу.

Велікодныя службы ў Ватыкане сёлета пройдуць без прысутнасці вернікаў, гаворыцца ў заяве прэфектуры Папскага дома. З-за надзвычайнай сітуацыі ў медыка-санітарнай вобласці ўсе літургічныя ўрачыстасці Страснога тыдня ў Ватыкане таксама будуць праходзіць без удзелу міран.

— Што вам вядома аб мерах прафілактыкі, якія прымаюцца іншымі хрысціянскімі Цэрквамі?

— Практычна ўсе еўрапейскія хрысціянскія Цэрквы прымаюць меры.

У прыватнасці, архіепіскап Кентэрберыйскі і архіепіскап Ёркскі апублікавалі 17 сакавіка ліст, у якім паведамілі, што святарам Царквы Англіі варта прыпыніць правядзенне штодзённых публічных богаслужэнняў. Святары па-ранейшаму змогуць здзяйсняць імшы і павінны імкнуцца трансляваць нядзельныя богаслужэнні ў рэальным часе праз Інтэрнэт, аднак англіканскія храмы з гэтага часу будуць адкрыты толькі для прыватнай малітвы.

Прыклад Царквы Англіі ўжо пераймаюць брытанскія метадысты. Раней Царква Англіі апублікавала заяву, прысвечаную распаўсюджванню каронавіруса. У апублікаваным тэксце заклікаюць не выкарыстоўваць для прычасця адну і тую ж Чашу, а таксама не абменьвацца поціскам рукі пры традыцыйным «цалаванні міру».

— Якая абстаноўка на Украіне? Як дзейнічае кананічная Украінская Праваслаўная Царква?

— На апошнім пасяджэнні Сінода Украінскай Праваслаўнай Царквы быў прыняты Зварот, у якім змяшчаюцца наступныя рэкамендацыі вернікам: захоўваць спакой і не паддавацца паніцы; узмоцнена маліцца (зацверджаны тэкст малітвы і прашэнняў на патроенай екценні); уважліва ставіцца да рашэнняў і рэкамендацый уладаў. Епархіяльным архіерэям рэкамендавана ў выпадку пагаршэння сітуацыі ўзгадняць свае дзеянні з Прадстаяцелем УПЦ.

Канстатавана, што храмы застаюцца адкрытымі, у іх будзе здзяйсняцца ўвесь богаслужэбны чын, а таксама рэгулярныя вадасвятныя малебны і царкоўны звон у сувязі з эпідэміяй. Дадзены дазвол на прычашчэнне і споведзь на працягу ўсяго дня, групамі па 10 чалавек, і на правядзенне богаслужэнняў на адкрытым паветры, каб пазбегнуць збору вялікай колькасці народа.

— Што адбываецца сёння ў Сірыі? Ці працягваюцца гуманітарныя праекты Рускай Царквы, супрацоўніцтва з мусульманамі краіны?

— Усе гуманітарныя праекты працягваюцца, супрацоўніцтва таксама, але абцяжараныя асабістыя кантакты. Як і многія іншыя краіны, Сірыя сёння закрытая для ўезду гасцей з-за мяжы.

Руская Царква

— Якія меры па прафілактыцы распаўсюджвання захворвання прымае Руская Царква ў краінах, якія ўваходзяць у сферу яе кананічнай адказнасці?

— У кожнай краіне прымаюцца розныя меры ў залежнасці ад эпідэміялагічнай абстаноўкі, ад указанняў уладаў.

У той жа час маецца і агульная інструкцыязацверджаная Свяшчэнным Сінодам 17 сакавіка. Яна загадвае захаванне строгіх гігіенічных і санітарных мер. У прыватнасці, пры прычашчэнні абціраць лыжку прапітанай спіртам хустай, а затым акунаць яе ў ваду, даваць запіўку паасобку кожнаму прычасніку ў аднаразовым посудзе, для раздачы антыдора выкарыстоўваць аднаразовыя гігіенічныя пальчаткі, вусны кожнага прычасніка абціраць папяровымі сурвэткамі. Прычаснікам загадана ўстрымлівацца ад цалавання Чашы.

 

— Якую рэакцыю ад прыходаў, вернікаў вы атрымліваеце на апошняе рашэнне Сінода, на інструкцыю, на прынятыя канкрэтныя захады?

 

— У цэлым рэакцыя станоўчая, удзячная і спакойная.

 

Але ёсць людзі, якія спрабуюць скарыстацца сітуацыяй, каб, што называецца, «разгайдаць лодку», падарваць давер да Явяшчэннаначалля. Адзін дыякан вось нядаўна напісаў: «Хочацца задаць нашым іерархам пытанне: навошта вы так хутка, без бою, пад гуманістычным соусам "клопату аб блізкіх" прадаеце свабоду Царквы? Бо для праваслаўных людзей відавочна, што праз Святое Прычасце ніякая інфекцыя не перадаецца. Думаць інакш — блюзьнерства».

 

Я хацеў бы паўтарыць тое, што Царква ў апошнія дні казала шмат разоў: мы цвёрда верым у тое, што ніякая зараза не можа перадацца праз Святыя Дары. Цела і кроў Хрыстовыя прымаюцца вернікамі «у ацаленне душы і цела», гэта значыць яны самі з'яўляюцца крыніцай вылячэння. Але Чаша і лыжка для прычашчэння — гэта тыя прадметы, якія не абароненыя ад трапляння на іх бактэрый і вірусаў. А таму прымаюцца спецыяльныя меры для іх санітарнай апрацоўкі. Да гэтага трэба ставіцца пакорліва і спакойна.

 

Тыя, хто сёння бравіруюць сваім Праваслаўем, хто з гонарам кажуць, што «вызнаўцы на каранцін не сыдуць», паводзяць сябе не па-евангельску, а па-фарысейску. Яны карыстаюцца крызісам для выпінання сябе: паглядзі, маўляў, я не такі, як іншыя людзі, я вызнаўца веры, не тое, што Патрыярх і іншыя архіерэі. Гэта безадказныя і эгаістычныя паводзіны. Не баішся заразіцца сам, падумай пра іншых.

 

Такіх людзей не пераканаць, але я хацеў бы звярнуцца да тых, хто пад уплывам гэтых прапаведнікаў можа спакусіцца. Паверце, дарагія мае, Свяцейшы Патрыярх і Свяшчэнны Сінод не горш нашых гора-змагароў ведаюць Свяшчэннае Паданне Царквы. Калі рыхтавалася інструкцыя, былі вывучаны прэцэдэнты. Бо Царква не ў першы раз сутыкаецца з эпідэміяй.

 

— А калі яна сутыкалася з эпідэміямі раней, што прадпісвала? Ці ўлічана гэта сёння?

 

— Ёсць, напрыклад, кніга, якая называецца «Підаліён. Правілы Праваслаўнай Царквы з тлумачэннямі». Яе аўтар — прападобны Нікадзім Святагорац. Вось што ён піша ў тлумачэнні на 28-е правіла VІ Усяленскага Сабора: «І іерэям, і архіерэям падчас чумы варта ўжываць для прычашчэння хворых такі спосаб... Яны павінны класці Святы Хлеб... у якую-небудзь свяшчэнную пасудзіну, з якой... хворыя могуць браць Яго лжыцай. Пасудзіну і лжыцу варта затым апускаць у воцат, а воцат выліваць у алтарны калодзеж». На гэтым прэцэдэнце заснавана прадпісанне праціраць лжыцу пасля кожнага прычасніка хустай, змочанай спіртам, а затым акунаць яе ў ваду. Але нашы гора-змагары уявілі сябе больш праваслаўнымі, чым прападобны Нікадзім Святагорац.

 

А ў «Настольнай кнізе для свяшчэнна-царкоўнаслужыцеля» Булгакава, выдадзенай у 1900 годзе, утрымліваюцца прадпісанні, якія тычацца прычашчэння ў выпадку з'яўлення «заразнай хваробы, напрыклад, дыфтэрыту, воспы, якія лёгка могуць пераходзіць да іншых пры прычашчэнні праз лжыцу і пакравец». Гэтыя прадпісанні таксама былі ўлічаны пры складанні інструкцыі.

 

— Ці могуць быць унесены нейкія карэктывы ў рэкамендацыі?

 

— Так, у залежнасці ад развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі.

 

— Чаму вернікам не дадзена ніякіх рэкамендацый на прысутнасць на богаслужэннях, па магчымасці, у масках (пры тым што ёсць рэкамендацыі, напрыклад, пра аднаразовыя пальчаткі і дэзінфекцыю розных прадметаў)?

 

— Нашэнне масак можа знізіць рызыку перадачы інфекцыі. У некаторых храмах яны выкарыстоўваюцца і парафіянамі, і святарамі. На днях з'явілася фатаграфія з храма Рускай Праваслаўнай Царквы ў Пхеньяне, дзе пасля перапынку, выкліканага каранцінамаднавіліся набажэнствы. Дык вось, там святар стаіць у масцы. Калі сітуацыя будзе пагаршацца, цалкам магчыма, што і ў іншых месцах будуць апранаць маскі.

 

Праўда, і на гэты конт ёсць жадаючыя паіранізаваць. Адзін бацюшка перад вымаўленнем пропаведзі надзеў нешта падобнае на процівагаз, каб рассмяшыць прыхаджан і прадэманстраваць несур'ёзнасць тых, хто баіцца заразіцца. Але шмат каму зараз не да смеху. Напрыклад, у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі.

 

— Ці можа Руская Царква спыніць доступ прыхаджан у манастыры і храмы ці ўвогуле закрыць іх і для служэння духавенства ў Расіі, Беларусі, на Украіне, калі таго запатрабуюць эпідэміялагічная сітуацыя і ўлады? Ці ёсць нейкія асаблівыя дамоўленасці з уладамі краін кананічнай адказнасці Рускай Праваслаўнай Царквы, гарантыі таго, што храмы не закрыюць для людзей ні пры якіх абставінах?

 

— Такіх дамоўленасцяў няма і, думаю, у цяперашняй сітуацыі быць не можа. Але Царква не будзе ўступаць у канфлікт з уладай, калі спатрэбяцца экстраардынарныя меры для прадухілення эпідэміі. Царква не менш, чым улады, клапоціцца пра здароўе і дабрабыт людзей. Калі будуць прапаноўвацца нейкія радыкальныя меры, Царква ўступіць у дыялог з уладай, але не ў канфлікт.

 

— Абмежаванне, уведзенае ў Маскве, — не збірацца ў памяшканні больш за 50 чалавек — не дзейнічае на праваслаўныя храмы. Чаму?

 

— Да цяперашняга часу не зачыненыя буйныя гандлёвыя цэнтры і іншыя месцы масавага збору людзей, уключаючы метро, дзе ў кожным вагоне ў гадзіны пік набіраецца значна больш за пяцьдзесят чалавек. Але калі сітуацыя будзе развівацца ў горшы бок, могуць быць уведзены дадатковыя абмежаванні, у тым ліку, якія тычацца колькасці людзей, што млдяцца ў храме.

 

— Ці могуць паломнікі па-ранейшаму спакойна наведваць вялікія абіцелі Расіі, такія як Троіца-Сергіева Лаўра, Опціна пустынь, Дзівеева, астраўныя Валаам і Салаўкі?

 

— Цяпер не самы лепшы час для паломніцтва. Лепш сядзець дома і чакаць, пакуль пройдзе эпідэмія. Некаторыя манастыры па рэкамендацыі мясцовых уладаў зачынілі доступ для паломнікаў. Днямі мітрапаліт Пскоўскі і Порхаўскі Ціхан выступіў з відэазваротам, у якім заклікаў часова ўстрымацца ад паездак у Пскова-Пячэрскі манастыр. Лічу, што гэта вельмі правільныя і адказныя паводзіны, асабліва на фоне той безадказнай бравады, якая раздаецца з вуснаў некаторых святароў.

 

— Ці можа пандэмія паўплываць на богаслужэнні ў манастырах і на прыходах, напрыклад, на дапушчальную колькасць паломнікаў або манахаў на службе адначасова?

 

— Можа. І ёсць розныя спосабы скараціць лік адначасова прысутных у храме прыхаджан. Напрыклад, замест адной нядзельнай літургіі служыць дзве — раннюю і познюю. Хутка пацяплее, і можна будзе пры неабходнасці здзяйсняць богаслужэнні на вуліцы. Дзе-нідзе такія меры ўжо прымяняюцца, у прыватнасці, на Украіне.

 

— Ці можа прычашчэнне адбывацца онлайн?

 

— Вядома, не. Але для пажылых прыхаджан, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, а значыць павінны быць зараз прадметам нашага асаблівага клопату, можа быць усталяваны асаблівы парадак. Напрыклад, яны могуць глядзець богаслужэнне ў прамой трансляцыі, а прычашчаць іх можа свяшчэннік дома.

 

Вялікдзень

 

— Як у гэтым годзе праваслаўны свет будзе праводзіць Страсны тыдзень і святкаваць Вялікдзень? Ці забароняць хрэсныя хады?

 

— Усё будзе залежаць ад развіцця сітуацыі ў кожным канкрэтным рэгіёне.

 

— Ці прывязуць Благадатны агонь з Іерусаліма? Ці гатовая Руская Царква да яго адсутнасці на велікодных службах? І як ставіцца да магчымых зменаў простым вернікам?

 

— Мы гатовыя да адсутнасці Благадатнага агню на велікодных службах. Больш за тое, Руская Царква на працягу тысячы гадоў здзяйсняла велікодныя богаслужэнні без Благадатнага агню, і яны ад гэтага не былі менш урачыстымі, радаснымі або благадатнымі.

 

Аднак, наколькі мне вядома, Фонд Андрэя Першазванага мае цвёрды намер прывезці агонь, нават калі прыйдзецца не выходзіць з самалёта па прыбыцці ў Ізраіль. Як раз на днях я размаўляў на гэтую тэму са старшынёй фонду Уладзімірам Іванавічам Якуніным, які ўжо доўгія гады забяспечвае Рускую Царкву Благадатным агнём з Іерусаліма.

— Ці магчыма вернікам, асабліва пажылым, святкаваць Вялікдзень онлайн, без прычашчэння?

— Давайце спадзявацца, што да Вялікадня крызіс пройдзе і такія меры не спатрэбяцца. Руская Царква моліцца аб больш хуткім пераадоленні крызісу за кожнай Літургіяй, і я веру, што нашы малітвы будуць пачутыя міласэрным Богам. Трэба ўсім светам маліцца, каб Гасподзь адвёў бяду.

Патрыярхія.ru / Church.by