Узнагароджаны пераможцы рэспубліканскага конкурсу на лепшую работу бібліятэк «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання»
02 сакавіка 2021Узнагароджаны пераможцы VI рэспубліканскага конкурсу на лепшую работу бібліятэк «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання». Ён праводзіўся ў 2020 годзе ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015-2020 гады.
Арганізатарам агляду выступіў Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы пры ўдзеле Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі Беларусі, Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Усяго на разгляд рэспубліканскага журы было прадстаўлена 62 работы ад публічных бібліятэк Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, бібліятэк устаноў адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, бібліятэк, падведамных Беларускаму Экзархату.
Гран-пры конкурсу прысуджана філіялу Лідскай гарадской бібліятэкі № 4, епархіяльнай бібліятэцы Свята-Міхайлаўскага кафедральнага сабора горада Ліды за падрыхтаваны і эстэтычна аформлены летапіс сяла Дакудава Лідскага раёна і мясцовага храма ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы.
Спецыяльнай граматы і першага месца ў намінацыі «Сям'я — спадчынніца маральных і духоўных каштоўнасцяў» удастоена бібліятэка сярэдняй школы № 16 горада Ліды.
26 лютага 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь граматы для лаўрэатаў конкурсу перадала сакратару Лідскай епархіі протаіерэю Максіму Цыгелю галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі, намеснік старшыні Каардынацыйнай рады па бібліятэчнай дзейнасці пры Сінадальным аддзеле рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы Вольга Рынкевіч.