Зварот Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы да народа Рэспублікі Беларусь аб спыненні народнага супрацьстаяння
15 жніўня 2020Дарагія суайчыннікі!
Узлюбленыя браты і сёстры!
Наша Радзіма сёння ахоплена духам хвалявання. І ўсё, што адбываецца цяпер, так ці інакш мае дачыненне да кожнага з нас.
Мінулы тыдзень стаў для ўсіх нас часам народнага ўзрушэння. Смута і падзел прыйшлі ў наш агульны дом, брат паўстаў на брата. Весткі аб вулічных сутыкненнях, арышты і збіццё сведчаць аб пакутах велізарнай колькасці нявінных людзей, уцягнутых у супрацьстаянне, і прымушаюць ўздрыгваць дзяцей, жанчын і састарэлых бацькоў.
Ужо вядома пра дзве смерці і мноства параненых у сутыкненнях, у тым ліку супрацоўнікаў праваахоўных органаў пры выкананні службовага абавязку; зьбітых і пакалечаных у ізалятарах часовага ўтрымання.
Калі мы сёння ўсе разам не спынім проціборства, то давядзем краіну да незваротных разбуральных наступстваў.
Кожны з нас цяпер абавязаны даць сумленны і разважлівы адказ на пытанні: чаму гэта адбываецца? І што нам трэба зрабіць, каб у наш дом вярнуліся мір і згода?
Катэгарычна асуджаючы гвалт, катаванні, знявагі, беспадстаўныя затрыманні, экстрэмізм ва ўсіх яго формах і праявах, хлусню і вераломства, заклікаем усіх, для каго дарогая наша Айчына, дзеці, родныя і блізкія людзі — спыніцца і спыніць супрацьстаянне.
Нам тут — у роднай Айчыне — жыць далей, выхоўваць дзяцей, ствараць будучыню. Мы — народ Божы і грамадзяне сваёй зямной Бацькаўшчыны — Рэспублікі Беларусь. Мы — адна сям'я. І не дай Бог, каб грахоўныя страсці заняволілі нас і ператварылі ў жорсткі і сляпы натоўп, здольны разваліць свой Бацькоўскі дом.
Мы верым і спадзяемся, што кіраўніцтва краіны, якое па праве заклікана паважаць і ахоўваць свой народ, спыніць гвалт, пачуе галасы пакрыўджаных і нявінна пацярпелых у перыяд супрацьстаяння, а тых, хто праявіў зверства і жорсткасць — аддасць законнаму Суду і асуджэнню.
Беларусь — міралюбівая краіна. Усе мы, хто жыве на гэтай благаславёнай зямлі, павінны праявіць разважлівасць, адзінства, высакароднасць, міласэрнасць, разумнасць, сапраўдную хрысціянскую любоў адзін да аднаго і адказнасць за свае ўчынкі.
Толькі з Божай дапамогай і ў імкненні да міру і згоды мы зможам справіцца з напаткаўшымі нас выпрабаваннямі і пераадолець ўзнікшае супрацьстаянне.
Заклікаем усіх дараваць крыўды адзін аднаму і згуртавацца любоўю да Бога і бліжняга, каб захаваць родную Беларусь і перадаць яе наступным пакаленням мірнай, незалежнай і квітнеючай. Іншага шляху ў нас няма.
Правакатараў і падбухторшчыкаў заклікаем адумацца і спыніць правакацыі, накіраваныя на дэстабілізацыю нашай краіны і падзел нашага народа.
Праваслаўная Царква заўсёды была і будзе з народам. Мы пакліканыя зрабіць усё магчымае, каб кожны пакутны быў суцешаны, а кожны, хто шукае праўды — быў пачуты.
Разам з тым, Праваслаўная Царква заўсёды была і будзе па-за палітыкай. Мы не дзелім людзей па партыйнай прыкмеце або перакананні, не займаемся прапагандай на карысць любых палітычных партый і лідараў, дактрын і рэжымаў. Справа Царквы — не падзяляць, а аб'ядноўваць людзей, для ўсіх быць усім, каб выратаваць хаця б некаторых, да чаго заклікае нас апостал Павел (1 Кар. 9:22).
Заклікаем святароў, манахаў і ўсіх неабыякавых людзей да асаблівай малітвы за народ і Айчыну.
Няхай благаславіць Гасподзь Айчыну нашу і захавае ўсіх нас ў духу міру і аднадумства!
З малітвай, спачуваннем, перажываннем і любоўю да ўсіх вас, дарагія браты і сёстры, усе мы — члены Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы.
15 жніўня 2020 года