Адышоў да Госпада мітрапаліт Чарнагорскі і Прыморскі Амфілохій (Радавіч)
30 кастрычніка 202030 кастрычніка 2020 года ў цэнтральным клінічным шпіталі Чарнагорыі, прычасціўшыся Святых Хрыстовых Таін, спачыў у Госпадзе мітрапаліт Чарнагорскі і Прыморскі Амфілохій (Сербская Праваслаўная Царква).
Спачуванні ў сувязі са смерцю выдатнага іерарха выказаў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.
Мітрапаліт Амфілохій, у свеце Рыста Радавіч, нарадзіўся 7 студзеня 1938 года ў невялікім сяле Бары Радавіча ў Ніжняй Марачы (Чарнагорыя). Скончыўшы ў роднай вёсцы сярэднюю школу, прыехаў у Бялград, дзе паступіў у духоўную акадэмію святога Савы. Атрымаўшы ў 1962 годзе дыплом, працягнуў навучанне на філасофскім факультэце Бялградскага ўніверсітэта па спецыяльнасці класічная філалогія.
Вялікі ўплыў на духоўнае жыццё будучага архіпастыра аказалі айцец Юсцін (Попавіч) і афонскі старац Паісій.
Пасля заканчэння вучобы ў Бялградзе будучы мітрапаліт працягвае навучанне ў Берне (Швейцарыя) і ў Рыме, адкуль адпраўляецца ў Грэцыю. Там праводзіць сем гадоў і прымае манаства. У Эладскай Праваслаўнай Царкве яго рукапалагаюць у свяшчэнніка. На працягу свайго знаходжання ў Грэцыі ён абараняе доктарскую дысертацыю, прысвечаную свяціцелю Грыгорыю Паламе (на грэчаскай мове). Год праводзіць на Святой Гары, адкуль яго накіроўваюць выкладаць у Парыж у Свята-Сергіеўскі інстытут, а з 1976 года становіцца выкладчыкам на кафедры праваслаўнай педагогікі ў Бялградскай духоўнай акадэміі святога Іаана Багаслова.
У маі 1985 года пасля абрання епіскапам Банацкай епархіі пераехаў у Цэтынэ. 30 снежня 1991 года ўзведзены ў сан мітрапаліта Чарнагорскага і Прыморскага, Зэцка-Брдаскага і Скендэрыйскага.
Валодаў рускай, грэчаскай, італьянскай, нямецкай і французскай мовамі. Быў членам Саюза пісьменнікаў Сербіі і Чарнагорыі. Аўтар шматлікіх перакладаў з сербскай на грэчаскую і з грэчаскай на сербскую, нарысаў і пропаведзяў.
Мітрапаліту Амфілохію ўдалося аднавіць у Чарнагорыі вялікую колькасць цэркваў і манастыроў, пабудаваць новыя. Павялічылася колькасць святароў і манахаў. З 1992 года ў Цэтынэ была адроджана духоўная акадэмія, закрытая ў 1945 годзе.
З прычыны шпіталізацыі Свяцейшага Патрыярха Сербскага Паўла з 13 лістапада 2007 года Архіерэйскі сабор Сербскай Праваслаўнай Царквы, які адкрыўся 15 мая 2008 года ў Бялградзе, пастанавіў часова перадаць функцыі Прадстаяцеля Свяшчэннаму Сіноду на чале з мітрапалітам Амфілохіем. З 15 лістапада 2009 па 22 студзеня 2010 года ўладыка Амфілохій быў Месцазахавальнікам Патрыяршага прастола.
У 2008 годзе адбыўся візіт мітрапаліта Амфілохія ў межы Беларускай Праваслаўнай Царквы. 11 студзеня ён быў абраны ганаровым доктарам Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў, цяпер Ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі) узнагародзіў уладыку ордэнам свяціцеля Кірыла Тураўскага.