Адышоў да Госпада пазаштатны клірык Мінскай епархіі протаіерэй Фёдар Крыванос
02 чэрвеня 20211 чэрвеня спачыў у Госпадзе пазаштатны клірык Мінскай епархіі протаіерэй Фёдар Крыванос.
Айцец Фёдар нарадзіўся 18 жніўня 1962 года ў перадсвята Праабражэння Гасподняга. Ахрысціўся ў свядомым узросце ў храме святога Аляксандра Неўскага горада Мінска ў 1987 годзе. У 1994 годзе павенчаны з Ірынай Уладзіміраўнай Шыпавай. У тым жа годзе ў адданне свята Праабражэння Гасподняга мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам (Вахрамеевым), Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, быў рукапаложаны ў дыякана, а ў свята Казанскай іконы Божай Маці (4 лістапада) і ў святара.
Скончыўшы Мінскую духоўную семінарыю ў 2001 годзе і Мінскую духоўную акадэмію ў 2007 годзе, многія гады аддаў выкладанню ў Мінскіх духоўных школах.
Служэнне праходзіў у Свята-Духавым кафедральным саборы. Таксама дбайна выконваў даручаныя яму высокія царкоўныя послухі: адказнага за працу Нядзельных школ у прыходах Мінскай епархіі, працу ў Выдавецкім савеце Беларускай Праваслаўнай Царквы, членства ў Сінадальнай камісіі па кананізацыі святых Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Протаіерэй Фёдар быў удастоены многіх богаслужэбных і царкоўных узнагарод: Патрыяршай граматы, Граматы Патрыяршага Экзарха, медаля свяціцеля Кірыла Тураўскага. З-за хваробы, якая асабліва мучыла яго апошнія гады, быў палічыны за штат у 2018 годзе. Тым не менш, не пакідаў асветніцкай дзейнасці: рэгулярна пісаў і публікаваў артыкулы па гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Айцец Фёдар скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1985 года. Усе набытыя там кампетэнцыі паставіў на службу роднай Праваслаўнай Царкве. Менавіта дзякуючы самазабыўнай працы айца Фёдара праслаўлены навамучанікі і падзвіжнікі набожнасці Белай Русі ХХ стагоддзя.