Агучана папярэдняя праграма Патрыяршага візіту ў Беларусь
05 кастрычніка 20185 кастрычніка 2018 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэс-канферэнцыя, прысвечаная будучаму візіту Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і членаў Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы ў Беларусь.
Удзел у сустрэчы з журналістамі ўзялі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, настаяцель Усіхсвяцкага прыхода горада Мінска протаіерэй Фёдар Поўны і старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін.
Мітрапаліт Павел, знаёмячы журналістаў з праграмай знаходжання Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, паведаміў, што галоўная мэта візіту заключаецца ў архіпастырскім наведванні народа Божага ў Белай Русі ў памятную гадавіну 1030-годдзя Хрышчэння Русі.
У суботу 13 кастрычніка, напярэдадні свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, Першасвяціцельскі візіт пачнецца са здзяйснення усяночнага трывання ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска. Разам з Патрыярхам Кірылам у богаслужэнні прымуць удзел члены Свяшчэннага Сінода, архіпастыры Беларускага Экзархату і клірыкі Мінскай епархіі. На малітоўныя зносіны з Патрыярхам запрашаюцца ўсе жадаючыя. Пачатак богаслужэння ў 17:00.
У нядзелю 14 кастрычніка, у свята Пакрова Прасвятой Багародзіцы, Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы ўзначаліць чын вялікага асвячэння храма-помніка ў гонар Усіх святых у горадзе Мінску, а затым будзе правіць у ім першую Бажэственную літургію. Свяцейшаму патрыярху Кірылу будуць саслужыць члены Свяшчэннага Сінода, архіпастыры Беларускага Экзархату і клірыкі Мінскай епархіі. На малітоўныя зносіны з Патрыярхам запрашаюцца ўсе жадаючыя. Пачатак богаслужэння ў 9:00.
У гэты ж дзень а 14:30 Свяцейшы Патрыярх Кірыл ўскладзе вянок да абеліска на Плошчы Перамогі горада Мінска і ўшануе памяць усіх правадыроў і воінаў, якія за веру і Айчыну жыццё сваё аддалі. Гэта дзейства сёння мае асаблівы сэнс, паколькі народ Беларусі рыхтуецца да памятнай даты-75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У панядзелак 15 кастрычніка ў 9:30 у Палацы Незалежнасці горада Мінска адбудзецца сустрэча Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, членаў Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы і Сінода Беларускага Экзархату з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам.
У гэты ж дзень у Мінскім епархіяльным упраўленні адбудзецца пасяджэнне Свяшчэннага Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы. Упершыню ў гісторыі Рускай Праваслаўнай Царквы Свяшчэнны Сінод збярэцца на сваё пасяджэнне ў сталіцы Рэспублікі Беларусь — горадзе Мінску.
Пасля завяршэння работы Свяшчэннага Сінода высокія госці адбудуць да месца свайго служэння.
Форма для акрэдытацыі на асвятленне візіту Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і членаў Свяшчэннага Сінода будзе апублікавана на афіцыйным сайце Беларускай Праваслаўнай Царквы ў бліжэйшы час.
У праграме візіту магчымыя карэктывы. Сачыце за абнаўленнямі на нашым сайце.