Велікодны фестываль «Радасць» пройдзе ў Мінску з 14 па 25 красавіка
07 красавіка 2021Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна і пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта з 14 па 25 красавіка ў Палацы мастацтва (г. Мінск, вул. Казлова, 3) пройдзе Велікодны фестываль «Радасць». Яго арганізатары — Лізавецінскі жаночы манастыр горада Мінска і сястрыцтва ў гонар прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы.
Фестываль традыцыйна ўключае праваслаўную выставу-кірмаш і духоўна-асветніцкую праграму для дарослых і дзяцей.
Сёлета на выставу з'едуцца каля 80 удзельнікаў з 8 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Сербіі, Босніі і Герцагавіны, Грэцыі і Палесціны. Наведвальнікі выставы змогуць азнаёміцца з манастырамі і прыходамі, а таксама набыць іх прадукцыю — ад царкоўнага начыння да сувеніраў ручной працы і прадукцыі для ўмацавання здароўя.
Радасцю і суцяшэннем для гасцей фестывалю стануць сустрэчы са святарамі, канцэрты, размовы з артыстамі і музыкамі. Жывыя гісторыі пра шляхі да Бога і гутаркі аб веры, любові і прабачэнні.
З насычанай фестывальнай праграмы кожны абавязкова абярэ нешта па душы. Сярод запланаваных мерапрыемстваў:
- гутарка «Аб любові і Божым Промысле» (сустрэча з Наталляй Карнеевай, сястрой міласэрнасці Сястрыцтва ў гонар прападобнамучыніцы вялікай княгіні Лізаветы);
- праект «Наша здароўе» (гутарка з урачом-фітатэрапеўтам, прафесарам народнай медыцыны Мікалаем Агрэнічам; гутарка з кандыдатам медыцынскіх навук манахіняй Марыяй (Літвінавай));
- праект «Сям'я» (гутарка «Неразуменне ў сям'і», вядучая Святлана Ярцава, педагог, тэолаг; «Што такое патрыятызм?», вядучы Пётр Барысавіч Шапко, старшыня моладзевага дабрачыннага аб'яднання «Горад без наркотыкаў», кіраўнік ваенна-патрыятычнага цэнтра «Казачы Спас»);
- дзень, прысвечаны памяці аб Вялікай Айчыннай вайне (сустрэчы з параалімпійцам Аляксеем Талаем, пісьменніцай Таццянай Дашкевіч, творчымі калектывамі, якія выконваюць песні пра вайну, конкурс на веданне гісторыі);
- сустрэчы са святарамі, сярод якіх ігумен Лаўрышаўскага манастыра айцец Яўсевій (Цюхлоў), духаўнік Свята-Лізавецінскага манастыра айцец Андрэй Лемяшонак, выкладчыкі Мінскай духоўнай семінарыі, супрацоўнікі епархіяльных аддзелаў;
- разнастайныя майстар-класы рамеснікаў і манастырскіх майстэрняў.
Таксама будзе працаваць дзіцячая гасцёўня. Наведвальнікаў чакаюць спектаклі, інтэрактыўныя паказы, забаўляльныя і развіваючыя заняткі, навучанне жывапісу па дрэве і вадзе, а таксама мерапрыемствы для татаў і мам.
Традыцыйна на фестывалі «Радасць» пройдзе дабрачынная акцыя «Велікодны цуд». Гэтым разам наведвальнікаў выставы запрашаюць стварыць маленькі цуд для насельнікаў Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, падрыхтаваўшы тое, што ім неабходна.
Рэжым працы выставы: з 11:00 да 20:00 па буднях і з 10:00 да 20:00 па выхадных. Уваход вольны.
Праграма Велікоднага фестывалю «Радасць».