Патрыяршы Экзарх прыняў удзел у цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне»
11 студзеня 202310 студзеня 2023 года ў Палацы Рэспублікі адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва, а таксама прэміі «Беларускі спартыўны Алімп».
Удзел у цырымоніі прыняў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.
У зале прысутнічалі святары Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўнікі і супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, парламентарыі, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі.
Адкрываючы ўрачыстае мерапрыемства, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты вечар — працяг свята Ражджаства Хрыстовага.
«Прэміі, якія мы штогод ўручаем у гэтыя зімовыя дні, — даніна спрадвечным традыцыям, што звязвае эпохі і пакаленні. Даніна духоўнай сіле беларусаў — мудрых, працавітых, якія любяць родную зямлю і шануюць продкаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У ліку лаўрэатаў — аўтарскі калектыў у складзе Васіля Баранчука, дырэктара Духоўна-асветніцкага цэнтра прыхода храма ў гонар прападобнамучаніцы вялікай княгіні Лізаветы ў Бабруйску, і настаяцеля прыхода гэтага храма протаіерэя Віктара Толаха. Прэмія «За духоўнае адраджэнне» ўручана ім за вялікі ўклад ва ўмацаванне духоўных каштоўнасцей, культурнае і маральнае выхаванне дзяцей і моладзі.
У сваім прывітальным слове Прадстаяцель Беларускай Праваслаўнай Царквы нагадаў, што Нараджэнне Хрыстова стала пераломным момантам у чалавечай гісторыі і гісторыі ўсяго Сусвету. Сын Божы становіцца Сынам чалавечым.
«У пераломныя моманты гісторыі заўсёды ўзрастае значэнне духоўнага складніка, — звярнуў увагу Патрыяршы Экзарх. — Пры гэтым незвычайна павялічваецца роля кожнага ўчынку чалавека».
«Сёння вы адзначаны асаблівай высокай узнагародай, — падкрэсліў Яго Высокапраасвяшчэнства, звяртаючыся да лаўрэатаў прэмій. — Няхай гэта падзея натхніць вас і ўсіх прысутных на новую благаславёную працу на карысць нашай дарагой Айчыны. На славу Божую, на карысць блізкіх і далёкіх нашых. Заклікаем у гэты святы вечар Божае благаславенне на працу кожнаму з прысутных. Няхай мір, згода і любоў Божая будзе з усімі вамі».
***
Прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» заснавана ў 1997 годзе па ініцыятыве Беларускай Праваслаўнай Царквы.
Прэмія прысуджаецца штогод за выдатныя творы літаратуры і мастацтва і (або) актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, якая спрыяе зберажэнню і прымнажэнню нацыянальнага культурнага здабытку, выхаванню ў моладзі любові да Айчыны, сцвярджэнню духоўных каштоўнасцей і мастацка-маральных традыцый, ідэй чалавекалюбства, дабрачыннасці і міласэрнасці.
На суісканне прэміі могуць вылучацца дзеячы культуры, літаратуры, мастацтва, архітэктуры, аховы здароўя, адукацыі, навукі, сацыяльнай абароны, сродкаў масавай інфармацыі, прыёмныя бацькі, апекуны, святары, іншыя асобы, а таксама аўтарскія, творчыя і іншыя калектывы работнікаў.
Афіцыйны інтэрнэт-партал Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь/Сhurch.by
Чытайце нас у Telegram, Viber, Instagram, ВКонтакте і Facebook