Патрыяршы Экзарх узначаліў у Жыровіцкай абіцелі ўрачыстасці ў гонар прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага
06 верасня 20216 верасня 2021 года, у дзень памяці прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, і першую гадавіну ўзвядзення ў сан мітрапаліта Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін у саслужэнні архіепіскапа Пінскага і Лунінецкага Сцяфана, архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя, епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда, епіскапа Лідскага і Смаргонскага Парфірыя, епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація, епіскапа Светлагорскага Амвросія, вікарыя Гомельскай епархіі, здзейсніў Бажэственную літургію ў Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра.
Архіпастырам саслужылі выкладчыкі Мінскай духоўнай семінарыі, клірыкі Навагрудскай епархіі, брація абіцелі ў свяшчэнным сане.
Дыяканскі чын узначаліў протадыякан Уладзімір Назараў.
Богаслужэбныя спевы выканаў мужчынскі хор Мінскай духоўнай семінарыі пад кіраваннем выкладчыка Мінскай духоўнай семінарыі протадыякана Андрэя Скробата.
Пропаведзь пасдя запрычаснага сціха прамовіў дацэнт семінарыі протаіерэй Генадзь Поўны.
Па заканчэнні Бажэственнай літургіі ад Успенскага сабора з абразом прападобнамучаніка Серафіма быў здзейснены хрэсны ход да Яўленскай царквы Жыровіцкага манастыра, дзе быў адслужаны малебен з акафістам прападобнамучаніку.
Звяртаючыся да паствы са словам павучання пасля святочнага богаслужэння, мітрапаліт Веніямін прывёў прыклад благадатнай дапамогі святога прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага: «Адзін з труднікаў манастыра падчас здзяйснення хрэснага ходу, на якім пры вялікім зборы народа з горада Слоніма ў Жыровічы быў ўрачыста прынесены абраз прападобнамучаніка, стаяў і маліўся. Пазней ён падзяліўся, што яго апанавала скруха. З аднаго боку, была радасць ад таго, што такая ўрачыстасць у Жыровіцкай абіцелі — услаўленне угодніка Божага. А з другога боку, ён задумаўся і кажа так сабе: «Час жыцця майго праходзіць. Вось як жывуць людзі святыя. А я нават не магу пазбавіцца ад шкоднай звычкі курэння». Заплакаў, памаліўся гэты чалавек і адчуў благадатную дапамогу, якая дапамагла яму ў далейшым расстацца з гэтай хваробай. І іншыя прыклады ёсць, — адзначыў уладыка Экзарх. — Можа быць, яны не такія шматлікія, як хацелася б нам для ўмацавання веры, але Гасподзь дае нам тое, што трэба, і тое, што людзі могуць змясціць».
«Пастараемся ж, каб натхняльны прыклад прападобнамучаніка Серафіма дапамагаў нам накіроўвацца, як ён, да прапаведання Слова Божага, да выканання Слова Божага ў сваім жыцці, да таго, каб і нам дасягнуць спасення! Святы прападобнамучаніча, Ойча наш Серафіме, малі Бога за нас!», — завяршыў мітрапаліт Веніямін.
У працяг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 75-годдзя мучаніцкага скону прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, у Мінскай духоўнай семінарыі прайшла навуковая канферэнцыя «Святыя Белай Русі: актуальныя пытанні шанавання і праслаўлення».
Да гадавіны служэння мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха: фотагалерэя