Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прыняў удзел у цырымоніі пахавання астанкаў ахвяр нацызму

25 чэрвеня 2018

top.jpg

25 чэрвеня 2018 года на мемарыяльных могілках «Благаўшчына» адбылася цырымонія пахавання астанкаў ахвяр нацызму. Удзел у журботным мерапрыемстве прыняў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

На могілках «Благаўшчына» былі адданыя зямлі і здабылі вечнай спакой больш за 40 чалавек, прах якіх быў знойдзены падчас правядзення будаўнічых работ на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Самаму малодшаму з іх было каля 5 гадоў.

Цырымонію адкрыў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Віктаравіч Юркевіч. Ён нагадаў, што ў год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі было пачата будаўніцтва мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». У гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі размяшчалася 260 лагераў і месцаў масавага знішчэння людзей. Лагер смерці «Трасцянец» — найбуйнейшы з іх. Тут абарвалася жыццё больш як 200 тысяч чалавек. Ахвярамі фашызму сталі мірныя жыхары, партызаны і падпольшчыкі, савецкія ваеннапалонныя, вязні Мінскага гета і грамадзяне краін Еўропы.

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узнёс памінальную малітву аб бязвінна забітых і закатаваных.

Памяць ахвяр нацызму ўшанавалі таксама прадстаўнікі Рымска-Каталіцкай Царквы, Евангелічнай Царквы Германіі, іудзейскай і мусульманскай суполак Беларусі.

Па заканчэнні цырымоніі рэлігійныя лідары, прадстаўнікі Мінгарвыканкама і адміністрацый раёнаў, афіцыйных дэлегацый з Аўстрыі, Германіі і іншых краін Еўропы ўсклалі кветкі да месца пахавання.

Цырымонія пахавання астанкаў загінуўшых адбылася напярэдадні афіцыйнага адкрыцця другой чаргі будаўніцтва комплексу «Трасцянец» — мемарыяльных могілак «Благаўшчына».

У 1941 — 1943 гадах ўрочышча Благаўшчына было месцам масавага знішчэння жыхароў Беларусі, удзельнікаў антыфашысцкай падпольнай барацьбы і партызанскага руху, савецкіх ваеннапалонных, вязняў Мінскага гета і яўрэйскага насельніцтва, дэпартаванага з Аўстрыі, Германіі, Чэхіі, Польшчы і іншых краін Еўропы. У 34 магілах-траншэях мемарыяльных могілак «Благаўшчына» спачываюць астанкі 150 тысяч чалавек. 

БелТА, «Минск-Новости» / Church.by

Фотарэпартаж