Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прыняў удзел у адкрыцці II Бакінскага саміту рэлігійных лідараў свету

14 лістапада 2019

top.jpg

14 лістапада 2019 года ў Бакінскім Кангрэс-цэнтры адкрыўся II Бакінскі саміт рэлігійных лідараў свету. Арганізатарамі форуму, прымеркаванага да 70-годдзя старшыні Упраўлення мусульман Каўказа (УМК) Шэйха-уль-іслама Пашазадэ Алахшукюра і 40-годдзя яго знаходжання на пасадзе старшыні УМК, выступілі Упраўленне мусульман Каўказа і дзяржаўная ўлада Азербайджанскай Рэспублікі.

На саміт прыбылі каля 200 лідараў розных традыцыйных рэлігій, экспертаў, дыпламатаў, дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў з многіх краін. Прывітанні ў адрас форуму накіравалі кіраўнікі рэлігійных абшчын і кіраўнікі міжнародных арганізацый.

Удзел ва ўрачыстым адкрыцці саміту прынялі: Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл; мітрапаліт Ташкенцкі і Узбекістанскі Вікенцій, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату, мітрапаліт Екацярынбургскі і Верхатурскі Кірыл, архіепіскап Бакінскі і Азербайджанскі Аляксандр, кіраўнік адміністрацыйнага Сакратарыята Маскоўскай Патрыярхіі епіскап Паўлава-Пасадскі Фама, намеснік старшыні АЗЦС архімандрыт Філарэт (Булекаў), старшыня Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Ц. Р. Лягойда.

Удзельнікаў саміту вітаў Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. «Гэтая міжнародная сустрэча вельмі важная, і мы ганарымся тым, што ўжо другі раз Азербайджан прымае гэтае грандыёзнае мерапрыемства», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў, што ў Азербайджане здаўна падтрымліваецца традыцыя канструктыўных міжрэлігійных кантактаў і дыялогу: «На працягу стагоддзяў у нашай краіне пражывалі прадстаўнікі розных этнічных груп, розных рэлігій — як адзіная сям'я, ва ўмовах дружбы і ўзаемаразумення. Рэлігійная і нацыянальная разнастайнасць — наш вялікі скарб. Гэта спрыяе паспяховаму развіццю, стабільнасці».

Ільхам Аліеў высока ацаніў працу Шэйха-уль-іслама Пашазадэ Алахшукюра, падкрэсліўшы, што ён набыў вялікі аўтарытэт як унутры краіны, так і за яе межамі. Прэзідэнт Азербайджана ўручыў кіраўніку Упраўлення мусульман Каўказа вышэйшую ўзнагароду краіны — ордэн Гейдара Аліева.

Далей прагучала выступленне старшыні Упраўлення мусульман Каўказа Шэйха-уль-іслама Пашазадэ Алахшукюра.

Са словам да гасцей і ўдзельнікаў саміту звярнуўся  Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Ён акцэнтаваў увагу прысутных на новых выкліках, якія ўсталі перад традыцыйнымі рэлігіямі.

«Апошнія дзесяцігоддзі былі азмрочаны шматлікімі канфліктамі ў розных кропках зямнога шара і нябачаным дагэтуль разгулам тэрарызму — канстатаваў Яго Свяцейшасць. — Тэрарысты праліваюць кроў нявінных мірных людзей. Шры-Ланка, Новая Зеландыя, Сірыя, Ірак, Афганістан, Германія, Францыя — вось далёка не поўны спіс краін, дзе толькі за апошнія два гады адбываліся тэракты, якія ўзрушылі свет».

Варта прызнаць, што супраць традыцыйных рэлігій ідзе вайна, адзначыў Святы Патрыярх Кірыл: «Яна вядзецца ў гарадах і вёсках, у інфармацыйнай прасторы і, што важней за ўсё, у розумах і душах людзей. Небяспечней за ўсё тое, што ў гэтай вайне на перадавых змагаюцца прадстаўнікі маладога пакалення. Ідэолагі экстрэмісцкіх рухаў выкарыстоўваюць адсутнасць жыццёвага вопыту ў моладзі, яе гатоўнасць абараняць свае погляды любой цаной». Сітуацыя пагаршаецца вельмі нізкім узроўнем дасведчанасці, недахопам базавых ведаў не толькі аб іншых рэлігіях, але нават аб сваёй уласнай рэлігійнай традыцыі, падкрэсліў Свяцейшы Уладыка.

Ён указаў на тое, што пэўны поспех экстрэмісцкай прапаганды тлумачыцца, перш за ўсё, тым, што экстрэмісты эксплуатуюць непрыманне рэлігійнымі людзьмі сучаснай секулярнай парадыгмы. «Калі з усіх бакоў пераконваюць, што галоўнае ў жыцці — поспех, багацце, уцехі, то веруючы чалавек не можа не пратэставаць супраць такога агрэсіўнага навязвання лжывых каштоўнасцяў — нагадаў Патрыярх Кірыл. — Крызіс традыцыйнай каштоўнаснай сістэмы пакідае шырокае поле для дзейнасці вярбоўнікаў-экстрэмістаў. Яны лёгка падмяняюць сваёй ідэалогіяй секулярную ідэалогію, іх насенне падае на падрыхтаваную глебу». Менавіта таму рэлігійныя лідары павінны не толькі адхіляць і асуджаць экстрэмізм, але і выхоўваць у грамадстве непарушныя, заснаваныя на Свяшчэнным Пісанні каштоўнасці — сям'і, шлюбу, павагі да старэйшых, павагі да рэлігіі і да рэлігійнага выбару чалавека, падтрымкі тых, хто пакутуе, і абяздоленых, і гэтыя ідэі, падмацаваныя пераканаўчымі прыкладамі, павінны актыўна транслявацца намі ў інфармацыйнай прасторы, упэўнены Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы.

У сваім выступленні Яго Свяцейшасць асобна спыніўся на сітуацыі на Блізкім Усходзе, чыё насельніцтва моцна пацярпела ад разбуральных крывавых канфліктаў апошніх гадоў — гэта стала прычынай масавай міграцыі ў рэгіёне, а таксама ў шэрагу краін Афрыкі. Свяцейшы Уладыка заклікаў звярнуць увагу на пераследы хрысціян у гэтых рэгіёнах. «Непапраўны ўрон нанесены хрысціянскай прысутнасці на Блізкім Усходзе — святой зямлі для ўсіх аўраамічных рэлігій. Гісторыя сведчыць аб тым, што хрысціяне, мусульмане і іудзеі стагоддзямі разам жылі на гэтай зямлі. І сёння яны ў роўнай меры адказныя за захаванне міру, — падкрэсліў Свяцейшы Патрыярх. — Кажучы аб пераследзе хрысціян, нельга абысці ўвагай праблему Афрыкі. Цэлы шэраг дзяржаў на поўдзень ад Сахары пакутуе ад бескантрольнай дзейнасці экстрэмісцкіх груповак. У Нігерыі, у прыватнасці, здзяйсняецца сапраўдны генацыд хрысціян. І я заклікаю ўсіх людзей добрай волі да таго, каб праблемы хрысціян у афрыканскіх краінах не заставаліся без увагі».

Канстатаваўшы, што форум сабраў шматлікіх прадстаўнікоў розных рэлігійных традыцый, Свяцейшы Патрыярх Кірыл падкрэсліў: «нягледзячы на аб'ектыўныя адрозненні ў веравучэнні, мы аднолькава глядзім на пытанні грамадскай маралі. Наш агульны абавязак і сумесная задача — сведчыць аб маральных арыенцірах ў жыцці чалавека».

На думку Яго Свяцейшасці, рэлігійныя лідары могуць і павінны адзіным голасам звярнуцца да лідараў палітычных. «Пара недвухсэнсоўна заявіць аб тым, што неабходна спыніць вырашаць геапалітычныя задачы за кошт больш слабых, у тым ліку больш слабых дзяржаў, — заклікаў Свяцейшы Уладыка. — Пара спыніць безадказную дзяльбу энергетычных рэсурсаў. Пара перастаць дзяліць краіны свету на першыя, другія і трэція. Хацелася б, каб больш развітыя і багатыя дзяржавы ўсвядомілі сваю адказнасць за лёсы чалавецтва. Яны павінны быць гарантамі бяспекі і стабільнасці, а не дыктатарамі глабальнага парадку. Як паказала практыка, навязванне аднымі дзяржавамі іншым сваіх правіл, традыцый і культуры не прыводзіць ні да чаго добрага. Самабытнасць і свабода народаў — залог іх бяспечнага і мірнага суіснавання. Вельмі важна, каб спынілася драпежніцкая здабыча прыродных рэсурсаў у небагатых краінах і забруджванне навакольнага асяроддзя. Мы нясем адказнасць за Божае стварэнне, створанае на карысць людзей. Наш пасыл звернуты да кожнага чалавека, і мы шчыра верым, што ён будзе пачуты».

Свяцейшы Патрыярх Кірыл выказаў перакананне, што рэлігійныя лідары шляхам дыялогу могуць сур'ёзна паўплываць на праблемы, з якімі сутыкаецца сёння чалавецтва. «Наш голас будзе пераканаўчым тады, калі ён будзе сумесным і салідарным. Упэўнены, што разам мы можам сведчыць аб тым міратворчым пакліканні, за якое адказваем перад Усявышнім. Шчыра жадаю, каб сённяшні форум стаў таму пацвярджэннем», — рэзюмаваў Патрыярх.

Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы таксама сардэчна павіншаваў Шэйха-уль-іслама Пашазадэ Алахшукюра з адзначаемымі ім знамянальнымі датамі. «Той факт, што сёння ў Баку прыехалі сотні аўтарытэтных рэлігійных лідараў з усяго свету, кажа пра многае. І, перш за ўсё, аб высокім аўтарытэце, якім карыстаецца шаноўны Шэйх-уль-іслам. Мы ўсе не адзін дзясятак гадоў ведаем яго як паслядоўнага прыхільніка дружбы і дыялогу паміж рэлігіямі і народамі», — падкрэсліў Яго Свяцейшасць.

Зважаючы на падтрымку Рускай Праваслаўнай Царквы ў міратворчым служэнні і ў сувязі з 70-годдзем з дня нараджэння Свяцейшы Патрыярх Кірыл уручыў Шэйху-уль-ісламу Алахшукюру Пашазадэ ордэн прападобнага Серафіма Сароўскага I ступені.

Прывітанне Прэзідэнта Расіі У. У. Пуціна абвясціў на пасяджэнні намеснік старшыні Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу РФ І.М. Умаханаў. Кіраўнік расійскай дзяржавы, у прыватнасці, адзначыў, што шматгадовым падзвіжніцкім служэннем, накіраваным на ўмацаванне міру і грамадскай згоды на Каўказе, Шэйх-уль-іслам Алахшукюр Пашазадэ набыў «высокі, бясспрэчны аўтарытэт як у Азербайджане, так і за яго межамі». «З глыбокім задавальненнем адзначаю Ваш значны ўклад ва ўмацаванне плённага супрацоўніцтва з цэнтральнымі мусульманскімі арганізацыямі Расіі і Рускай Праваслаўнай Царквой, у развіццё расійска-азербайджанскіх адносін, якія абапіраюцца на даўнія традыцыі дружбы, добрасуседства, узаемнай павагі і даверу», — гаворыцца ў пасланні У. У. Пуціна.

14-15 лістапада ў рамках саміту пройдуць панэльныя секцыі, прысвечаныя пытанням міжрэлігійнай салідарнасці, мультыкультуралізму, верацярпімасці. Удзельнікі секцыйных пасяджэнняў абмяркуюць тэму барацьбы рэлігійных лідараў супраць тэрарызму, нянавісці, ксенафобіі, іслама- і хрысціянафобіі і антысемітызму, важнасць супрацоўніцтва прадстаўнікоў традыцыйных рэлігій, дзяржавы, навукоўцаў і грамадскасці ў справе абароны правоў жанчын і дзяцей, у адукацыі і выхаванні моладзі; удзельнікі таксама падзеляцца сваімі думкамі пра значнасць дзейнасці Шэйх-уль-іслама Пашазадэ Алахшукюра для развіцця міжкультурнага і міжрэлігійнага дыялогу.

* * *

27-29 красавіка 2010 года ў Баку адбыўся Саміт рэлігійных лідэраў «Глабалізацыя, рэлігія, традыцыйныя каштоўнасці», які стаў працягам традыцыі правядзення такіх форумаў, пачынаючы з саміту 2006 года ў Маскве. Арганізатарамі форуму выступілі ўлады Азербайджана, Упраўленне мусульман Каўказа, ЮНЕСКА і Міжрэлігійны савет СНД. У выніковым дакуменце падкрэслівалася важнасць міжрэлігійнага супрацоўніцтва, утрымліваўся заклік да стварэння міжрэлігійных саветаў, узнімаліся пытанні экстрэмізму і тэрарызму, секулярызацыі і глабалізацыі.

На палях форуму прайшла трохбаковая сустрэча Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, старшыні Упраўлення мусульман Каўказа Пашазадэ Алахшукюра і Каталікоса ўсіх армян Гарэгіна II, прысвечаная ўрэгуляванню сітуацыі ў Карабаху. Акрамя таго, у Духоўным упраўленні мусульман Каўказа адбылося пасяджэнне Міжрэлігійнага савета СНД, а на наступны дзень у рамках саміту — сустрэча Групы рэлігійных лідараў высокага ўзроўню ў партнёрстве з ЮНЕСКА.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by