Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве «Дзень праваслаўнай кнігі — 2017»

10 сакавіка 2017

top.jpg

10 сакавіка 2017 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Дзень праваслаўнай кнігі — 2017».

У гэтым годзе ўрачыстасць была прымеркавана да юбілею беларускага кнігадрукавання. Роўна 500 гадоў таму, у 1517 годзе ў Празе беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром Францыскам Скарынам быў выдадзены Псалтыр. Затым вялікі асветнік і гуманіст падрыхтаваў і выдаў астатнія кнігі Старога Запавету пад агульнай назвай «Біблія Руска».

Удзел у святкаванні Дня праваслаўнай кнігі прынялі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі; епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, старшыня Сінадальнага аддзела адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы; епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы; епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній; духавенства Беларускага Экзархату, кіраўнікі і прадстаўнікі абласных і мясцовых выканаўчых органаў улады, Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, прадстаўнікі Міністэрстваў культуры, адукацыі, інфармацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі і супрацоўнікі дыпламатычных місій, рэктары вышэйшых навучальных устаноў, навучэнцы духоўных школ і свецкіх навучальных устаноў Беларусі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі: Выдавецкі савет Беларускай Праваслаўнай Царквы, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Лізавецінскі жаночы манастыр горада Мінска.

Урачыстае мерапрыемства пачалося з адкрыцця экспазіцыі рэдкіх выданняў Бібліі ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Цырымонію адкрыцця ўзначалілі: мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі.

Унікальным экспанатам выставы з'яўляецца факсімільнае ўзнаўленне рукапісу паслання апостала Пятра, датаванага III стагоддзем. На выставе таксама прадстаўлены выданні Бібліі XV — XX стагоддзяў з розных краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі і іншых.

Затым у канферэнц-зале бібліятэкі адбыўся ўрачысты сход, у пачатку якога з прывітальным словам да прысутных звярнуўся епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел. Праасвяшчэнны ўладыка адзначыў, што святкуемы ў гэтыя дні юбілей беларускага кнігадрукавання не толькі дапамагае азнаёміцца з гісторыяй, але і садзейнічае выхаванню моладзі ў любові да кнігі, да нацыянальных традыцый і хрысціянскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў.

У прывітальным слове мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел адзначыў, што кніга давала магчымасць нашым продкам пазнаваць Бога, навакольны свет і самога сябе. Яна вучыла чалавека ствараць добрае, вечнае і святое. Гэтыя ж функцыі кніга выконвае і ў сучасным свеце. Мітрапаліт Павел выказаў надзею, што дзеці і моладзь Беларусі захаваюць любоў да кнігі, нягледзячы на імклівае развіццё сучасных інфармацыйных тэхналогій. Архіпастыр цёпла падзякаваў дырэктару Нацыянальнай бібліятэкі Раманау Матульскаму за актыўнае і плённае супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой і заклікаў на ўдзельнікаў святочнага мерапрыемства благаславеньне Божае.

Былі падведзены вынікі конкурсаў творчых і даследчых работ вучняў, прымеркаваных да 500-годдзя выдання Бібліі Францыскам Скарынам і праведзеных Інстытутам тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дыпломы пераможцам уручыў Патрыяршы Экзарх.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі правёў прэзентацыю факсімільнага выдання «Кніжная спадчына Францыска Скарыны» ў дваццаці тамах. Першы том серыі быў урачыста перададзены ў бібліятэку Мінскай духоўнай акадэміі.

Адбылася канцэртная праграма з удзелам ансамбля скрыпачоў «Сугучча» гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка (мастацкі кіраўнік Галіна Ганчарова) і дзіцячага харавога калектыву пры нядзельнай школе Лізавецінскага манастыра (мастацкі кіраўнік Марыя Бахвалава).

У фае працавала выстава кніг беларускіх праваслаўных выдавецтваў, якія прадставілі свае навінкі дзіцячай літаратуры, праваслаўных мастацкіх выданняў, твораў святых айцоў і вучыцеляў Царквы, а таксама катэхізічных кніг. 

Church.by

Фотарэпартаж