Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прыняў удзел у сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь з удзельнікамі пленарнага пасяджэння Рады епіскапскіх канферэнцый Еўропы

28 верасня 2017

796288.jpg

28 верасня 2017 года ў Палацы Незалежнасці ў горадзе Мінску адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі з каталіцкімі епіскапамі — удзельнікамі пленарнага пасяджэння Рады епіскапскіх канферэнцый Еўропы.

На сустрэчы прысутнічаў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

На пасяджэнне ў Мінск прыбылі еіскапы Рымска-Каталіцкай Царквы з 45 краін Еўропы. Характэрна, што ў гэтым годзе спаўняецца 25 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім прывітальным слове сказаў: «У Беларусі разумеюць важнасць рэлігіі ў жыцці грамадства. У нас усталяваліся вельмі цвёрдыя, традыцыйна моцныя, думаю, на стагоддзі, традыцыі ўзаемаадносін і ролі Царквы ў нашым грамадстве. <...> Я вельмі хачу, каб Царква і Касцёл і ў маёй краіне, і ў іншых краінах ігралі сёння больш значную ролю, чым нават яны бачаць сваю ролю самі. Вы нам сёння патрэбныя як ніколі».

Прысутных вітаў старшыня Рады епіскапскіх канферэнцый Еўропы кардынал Анджэла Баньяска. Кардынал з удзячнасцю адзначыў гасціннасць беларускага народа, і выказаў надзею на далейшае паспяховае развіццё канфесійна-дзяржаўнага дыялогу ў Рэспубліцы Беларусь.

Са словам прывітання да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся мітрапаліт Павел, які, у прыватнасці, сказаў, што «беларускі народ не па чутках, а з асабістага досведу ведае цану міру. Менавіта таму мы з радасцю сустракаем ўсіх, хто прыходзіць да нас з мірам, у каго няма падвойных стандартаў, у каго няма схаваных задум і недружалюбных мэт.

658289.jpg

Міралюбны настрой беларускага народа заснаваны на асабістым вопыце перажытых шматразовых выпрабаванняў, якія выпалі на долю нашых продкаў у мінулыя стагоддзі.

Наша гісторыя мае ў вялікай колькасці страшныя ўспаміны мінулых войнаў, міжрэлігійных канфліктаў і бязладдзя. І мы шчыра хочам, каб яны ніколі не паўтараліся ў будучыні».

Мітрапаліт Павел нагадаў, што Беларуская Праваслаўная Царква з натхненнем і радасцю падтрымала сустрэчу Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з Папам Рымскім Францыскам у Гаване і падпісанне сумеснай заявы, у якой прагучаў заклік да каталікоў і праваслаўных ва ўсіх краінах свету «вучыцца жыць разам у міры, любві і аднадумстве паміж сабою (Рым. 15:5)».

Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі выказаў надзею, што праца канферэнцыі будзе спрыяць міру і добрасуседству на ўсёй прасторы Еўропы.

Фота: БелТА

Church.by