Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ўзначаліў цырымонію адкрыцця міжнароднай канферэнцыі «Мітрапаліт Нікадзім: шлях служэння Царкве»
15 кастрычніка 201915 кастрычніка 2019 года, у дзень 90-годдзя з дня нараджэння мітрапаліта Ленінградскага і Наўгародскага Нікадзіма (Ротава; 1929 — 1978), мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, узначаліў цырымонію адкрыцця міжнароднай канферэнцыі «Мітрапаліт Нікадзім: шлях служэння Царкве».
Уладыка Нікадзім быў выдатным царкоўным дзеячам ХХ стагоддзя, духоўным настаўнікам цяперашняга Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы — Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, а таксама мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), цяпер Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Са жніўня па кастрычнік 1963 года мітрапаліт Нікадзім узначальваў Мінскую і Беларускую кафедру, пакінуўшы аб сабе добрую памяць на Беларускай зямлі.
Арганізатарамі канферэнцыі з'яўляюцца: Беларускі Экзархат Маскоўскага Патрыярхату, Міжнароднае грамадскае аб'яднанне «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла», Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Інстытут тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Перад пачаткам міжнароднага форуму Патрыяршы Экзарх узначаліў памінальную ліцію па незабыўнаму мітрапаліту Нікадзіму ў Свята-Духавым кафедральным саборы горада Мінска. Яго Высокапраасвяшчэнству саслужылі ўдзельнікі канферэнцыі ў свяшчэнным сане. За богаслужэннем маліліся: мітрапаліт Вострскі Цімафей, Экзарх Іерусалімскага Патрыярхату на востраве Кіпр і епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній.
Адкрыццё міжнароднай канферэнцыі «Мітрапаліт Нікадзім: шлях служэння Царкве» адбылося ў Мінскай гарадской ратушы. У прэзідыум форуму ўвайшлі: мітрапаліт Павел, мітрапаліт Цімафей, рымска-каталіцкі мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прафесар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі архімандрыт Аўгусцін (Нікіцін). Мадэратарам канферэнцыі выступіў іерэй Святаслаў Рагальскі, старшыня праўлення МГА «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла».
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел абвясціў прывітальны адрас Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, а таксама падзяліўся сваімі ўспамінамі аб мітрапаліце Нікадзіме.
У відэафармаце прагучаў зварот мітрапаліта Філарэта, Ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Сакратар Маскоўскай абласной епархіі протаіерэй Міхаіл Ягораў зачытаў прывітанне мітрапаліта Круціцкага і Каломенскага Ювеналія — пераемніка мітрапаліта Нікадзіма на пасадзе старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносін Маскоўскага Патрыярхату.
Святар Ярамір Задрапа (Рымска-Каталіцкая Царква) вітаў прысутных ад імя Пантыфікальнага савета па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч удзяліў асаблівую ўвагу ўкладу ўладыкі Нікадзіма у развіццё міжхрысціянскага і, у прыватнасці, праваслаўна-каталіцкага дыялогу.
Сакратар пасольства Расіі ў Беларусі Марыя Анатольеўна Данец зачытала прывітанне Дзмітрыя Фёдаравіча Мезенцава, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
У адрас арганізатараў і ўдзельнікаў канферэнцыі таксама паступіў прывітальны адрас ад Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
На пленарным пасяджэнні з дакладамі выступілі: мітрапаліт Вострскі Цімафей, прафесар Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі архімандрыт Аўгусцін (Нікіцін), дацэнт Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі протаіерэй Аляксандр Ранэ. Даклады прысвячаліся багаслоўскім поглядам мітрапаліта Нікадзіма, яго дзейнасці па абароне Царквы ва ўмовах атэістычнага пераследу, а таксама яго ўкладу ва ўмацаванне царкоўнага адзінства.