Па матэрыялах СМІ. Протадыякан Павел Бубноў: якога беларускага святога называлі «Залатавустам, які больш за ўсіх заззяў на Русі»
22 кастрычніка 2022У год 1030-годдзя Праваслаўя на беларускіх землях «Народная газета» прапануе сваім чытачам звярнуцца да духоўнага вопыту беларускіх святых, актуальнага і ў нашы дні. Аўтар публікацыі пра спадчыну свяціцеля Кірыла Тураўскага — протадыякан Павел Бубноў, выкладчык Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, кандыдат багаслоўя.
Адзін з самых старажытных цэнтраў праваслаўнай духоўнай культуры на землях Белай Русі — горад Тураў. Тураўская епархія была заснавана ў 1005 годзе і ўключала ў сябе манастыры і прыходы на тэрыторыі сучасных Брэсцкай, Гродзенскай, Мінскай і Гомельскай абласцей.
Да XII стагоддзя Тураў па велічы, дзяржаўнаму ўплыву і плёну духоўнай асветы не саступаў Полацку, Ноўгараду і Кіеву. Сярод сведак гэтага росквіту, якія дайшлі да нашых дзён — падмурак вялікага кафедральнага сабора Тураўскіх епіскапаў, выяўлены на Тураўскім замчышчы падчас археалагічных раскопак у 1963 годзе. У наш час над гэтым падмуркам узвысіўся музейны комплекс, дзе можна сутыкнуцца з унікальнай спадчынай старажытнага Праваслаўя. Штогод 11 мая, у дзень памяці свяціцеля Кірыла, епіскапа Тураўскага, на месцы старажытнага кафедральнага сабора Тураўскіх епіскапаў здзяйсняецца ўрачыстая Бажэственная літургія, якую ўзначальвае Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі ў саслужэнні архіпастыраў, шматлікага духавенства і паломнікаў.
Свяціцель Кірыл, епіскап Тураўскі (1130-1182), яшчэ пры жыцці набыў вялікую вядомасць ва ўсёй Старажытнай Русі. У 1169 годзе ён быў пастаўлены ў сан епіскапа Тураўскага і старанна працаваў на гэтай пасадзе ў справе асветы нашых продкаў. Бачачы вострую неабходнасць менавіта ў духоўным развіцці сваіх суайчыннікаў, значную частку жыцця свяціцель Кірыл прысвяціў напісанню літаратурных твораў, многія з якіх дайшлі да нашых дзён. Яго пяру належаць малітвы і прытчы, тлумачэнні асобных урыўкаў са Свяшчэннага Пісання, словы на ўвесь гадавы круг вялікіх царкоўных святаў, пасланні і іншыя тэксты. А павучанні свяціцеля Кірыла змяшчаліся ў розных зборніках нароўні са старажытнымі сьвятаайцоўскіх творамі. Таму ён і атрымаў ад сучаснікаў еайменне «Залатавуста, які больш за ўсіх на Русі заззяў».
Чым жа ззяў гэты багамудры чалавек? Давайце адкрыем яго твор з цыклу малітваў на кожны дзень тыдня і паспрабуем пранікнуцца душэўнай атмасферай нашага вялікага земляка. Малітва ў суботу ўвечары:
«Спадобі мяне, Госпадзі, бачыць світанак і сонца і без граху захавацца Тваім заступніцтвам, Уладыка, і даруй мне пахваліць непераможную сілу Тваю. Ты ўладкаваў прыгожае стварэнне на службу нам грэшным; удастой і мяне гэтага святла. Малюся Табе, Госпадзе Міласцівы, дай мне некалі ўбачыць нязгаснае, бясконцае, нятленнае святло Аблічча Твайго. Цяпер жа, абуджаны Тваёй дапамогай, радуючыся аб міласці Тваёй, я так усклікаю: слава Табе, Адзінасутная, Непадзельная, Жыватворная, Пачэсная Троіца, Айцец, Сын і Святы Дух, і цяпер, і заўсёды, і на векі вякоў. Амінь».
У гэтых простых, але праніклівых словах свеціць любоў да Бога і да створанага Ім свету. Свяціцель Кірыл успрымае кожны новы дзень свайго жыцця як падарунак ад Бога. І таму ў суботні вечар, пасля вячэрняга набажэнства, ён просіць Бога спадобіць (удастоіць) убачыць світанак новага дня, просіць прайсці гэтую ноч і ўсё жыццё без граху і нарэшце — славасловіць свайго Бога і Тварца. Можна прызнаць, што агульны настрой гэтай малітвы ўдзячна-радасны. Наперадзе ў яе аўтара — нядзельны дзень, калі ўся Царква праслаўляе Уваскрасенне Хрыстова і прадчувае будучую сустрэчу са Збаўцам у Яго вечным Царстве.
Творы Кірыла Тураўскага ўзвышаюць, адукоўваюць, праганяюць з душы роспач і смутак, дораць радасць і натхненне. Чытайце іх, дарагія беларусы, Далучайцеся да нашай духоўнай спадчыны і гэтым далучэннем памнажайце і перадавайце яго сваім дзецям.
Чытаць больш па спасылцы >>