Падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскай духоўнай акадэміяй і Прэзідэнцкай бібліятэкай з Санкт-Пецярбурга

31 студзеня 2023

top.jpg

30 студзеня 2023 года адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Мінскай духоўнай акадэміяй імя свяціцеля Кірыла Тураўскага Беларускай Праваслаўнай Царквы і Прэзідэнцкай бібліятэкай імя Б. М. Ельцына (Санкт-Пецярбург).

Праект ажыццёўлены пры падтрымцы прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.

Падпісанне пагаднення адбылося ў анлайн-фармаце. Дакумент замацавалі подпісамі генеральны дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Юрый Носаў і рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій (Сакалоў).

У мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча, старшыня Рады па культуры Мінскай епархіі протаіерэй Іаан Задаражын, кіраўнік прадстаўніцтва «Россотрудничества» ў Рэспубліцы Беларусь Юрый Макушын, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Віктар Пшыбытка, загадчык бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі Ілья Перчанка, сакратар Выдавецкай рады Беларускай Праваслаўнай Царквы Тамара Самайлюк і іншыя.

Прысутным былі падрабязна прэзентаваны магчымасці рэалізуемага праекта.

Як адзначыў генеральны дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Юрый Носаў, «наведвальнікі новай аддаленай электроннай чытальнай залы ў Мінскай духоўнай акадэміі зараз могуць атрымаць аператыўны доступ да ўсяго фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі, які на сённяшні дзень налічвае больш за мільён адзінак захоўвання. Гэта лічбавыя копіі рарытэтных кніжных выданняў, архіўных дакументаў, навуковых прац, аўдыё- і відэазапісы і іншыя матэрыялы».

Рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій падкрэсліў: «Унікальныя зборы дакументаў, якія захоўваюцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы, з'яўляюцца скарбніцай інфармацыі ў рознабаковых галінах навукі і культуры як славянскіх народаў, так і ўсёй сусветнай супольнасці. Выказваю надзею, што рэсурсы, да якіх сёння адкрыты доступ у чытальнай зале і на кафедры гісторыі і царкоўна-практычных дысцыплін, прынясуць карысць не толькі нашай прафесарска-выкладчыцкай і студэнцкай аўдыторыі, а таксама будуць спрыяць духоўнай асвеце ўсіх, хто звяртаецца ў нашу бібліятэку».

Пагадненне забяспечвае пастаянны аддалены доступ да рэсурсаў Прэзідэнцкай бібліятэкі з працоўных месцаў у чытальнай зале акадэмічнай бібліятэкі. Пошук ажыццяўляецца па базе, якая змяшчае больш за 770 тысяч бібліятэчных і 325 тысяч архіўных матэрыялаў, якія таксама сабраны ў тэматычныя калекцыі.

Мэтай праекта з'яўляецца прыцягненне карыстальніцкай цікавасці да ўнікальных рэсурсаў, пашырэнне кола чытачоў акадэмічнай бібліятэкі, павышэнне якасці навукова-адукацыйнага працэсу.

Пагадненнем таксама прадугледжаны абмен копіямі электронных дакументаў для папаўнення фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі і Мінскай духоўнай акадэміі. Такім чынам, пагадненне аб супрацоўніцтве азначае новы этап сумеснай дзейнасці ўстаноў у культурна-адукацыйнай сферы.

Праект ажыццёўлены ў рамках рэалізацыі Праграмы па развіцці бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі.

Азнаёміцца з рэсурсамі Прэзідэнцкай бібліятэкі можна на камп'ютарах у чытальнай зале бібліятэкі Мінскай духоўнай акадэміі. Рэжым працы чытальнай залы адпавядае рэжыму працы бібліятэкі: панядзелак-пятніца з 9:00 да 19:00.

МінДА/Прэзідэнцкая бібліятэка імя Б. М. Ельцына/Сhurch.by

Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber

сацсетках InstagramВКонтакте

Facebook і Одноклассники