Падведзены вынікі дзейнасці Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра ў 2017 годзе
02 студзеня 2018На выніковым пасяджэнні праўлення міжнароднага грамадскага аб'яднання «Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірыла» былі падведзены вынікі дзейнасці цэнтра ў 2017 годзе.
У справаздачным дакладзе, які прадставіў членам праўлення старшыня Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра свяшчэннік Святаслаў Рагальскі, былі названы асноўныя мерапрыемствы і праекты, рэалізаваныя ў адыходзячым годзе.
У 2017 годзе аб'яднанню споўнілася 20 гадоў. Гэтай даце была прысвечана праведзеная 15 студзеня 2017 года юбілейная канферэнцыя «Калядны вечар», якая адбылася ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. На Калядным вечары былі ўручаны юбілейныя прэміі намінантам, якія актыўна рупіліся на ніве хрысціянскай адукацыі і асветы на працягу апошніх дваццаці гадоў — прафесару Мінскай духоўнай акадэміі протаіерэю Уладзіміру Башкіраву і прафесару кафедры філасофіі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Таццяне Кароткай.
5 красавіка 2017 года на базе Мінскай духоўнай акадэміі была ажыццёўлена духоўна-адукацыйная культурная праграма «Музычнае прынашэнне» сумесна з Беларускім саюзам музычных дзеячаў. У рамках праграмы прагучала сімфанічная араторыя «Страсці паводле Матфея» мітрапаліта Валакаламскага Іларыёна з удзелам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Аляксандра Анісімава. Канцэрт наведала больш за 200 слухачоў.
Адным са значных міжнародных навуковых форумаў, якія арганізуюцца Хрысціянскім адукацыйным цэнтрам сумесна з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краін СНД і замежжа ўжо больш за дваццаць гадоў, з'яўляюцца штогадовыя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, якія традыцыйна праводзяцца ў маі, у дні святкавання славянскай пісьменнасці і культуры.
У мінулым годзе, улічваючы знамянальную дату — 500-годдзе выдання першай усходнеславянскай Бібліі і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, 22-26 мая ў Мінску адбыліся XXIII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні на тэму: «Рэлігія і пісьменнасць як фактары фарміравання славянскай культуры». Канферэнцыя праходзіла на некалькіх пляцоўках: адкрыццё і першы працоўны дзень прайшоў на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, затым чытанні працягнулі работу ў Інстытуце тэалогіі БДУ і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У завяршэнне канферэнцыі ўдзельнікам была прапанавана экскурсійная паездка ў Полацк, на радзіму Францыска (у Хрышчэнні Георгія) Скарыны. У канферэнцыі прыняло ўдзел больш за 500 чалавек.
14-16 ліпеня 2017 года сумесна з моладзевым брацтвам святога прападобнамучаніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, і Мінскай духоўнай семінарыяй адбыўся аўта-мотапрабег з цудатворнай Жыровіцкай іконай Божай Маці па маршруце: Жыровічы — Слонім — Баранавічы — Ляхавічы, у якім прыняло ўдзел больш за 60 аўтамабіляў. У рамках аўтапрабегу 15 жніўня ў Ляхавічах адбыўся семінар на тэму: «Святыя Белай Русі: актуальныя пытанні шанавання і праслаўлення».
1-4 верасня адбылася сумесная акцыя «Радасць ведаў» для 200 дзяцей з Першамайскага раёна Мінска. Акцыя праходзіла пры ўдзеле БТО «Глобус» і ЗАТ «Галаграфічная індустрыя».
Была аказана арганізацыйная падтрымка навуковым канферэнцыям Інстытута тэалогіі БДУ: міжнароднай канферэнцыі «Рэлігія і гісторыя» (20-22 красавіка) і міжнароднай студэнцкай канферэнцыі «Хрысціянскія каштоўнасці ў культуры сучаснай моладзі» (27 кастрычніка).
У рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году навукі, у Інстытуце падрыхтоўкі навуковых кадраў НАН Беларусі 27 лістапада на базе кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін прайшоў круглы стол на тэму «Навука і рэлігія». У рабоце круглага стала ўзялі ўдзел магістранты прыродазнаўчых спецыяльнасцяў і выкладчыкі ІПНК.
Таксама на працягу 2017 года працягвалася падтрымка праграмы дадатковай адукацыі «Нядзельная школа» і духоўна-адукацыйнага праекта «ЛОГАС» у рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой.
На праведзеным пасяджэнні праўлення быў прыняты план-графік работы Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра ў 2018 годзе, а таксама вызначаны кандыдатуры на ўручэнне штогадовых Калядных прэмій цэнтра «За асаблівы ўклад у справу хрысціянскай асветы і адукацыі, дбайнае служэнне Царкве Хрыстовай у справе выхавання моладзі, уклад у развіццё тэалагічнай адукацыі» па выніках 2017 года.