Падведзены вынікі IV Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання»

26 чэрвеня 2018

11.jpg

26 чэрвеня 2018 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі былі падведзены вынікі IV Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання».

У конкурсе прынялі ўдзел больш за 50 работ ад бібліятэк устаноў адукацыі, падпарадкаваных Міністэрству адукацыі Рэспублікі Беларусь, публічных бібліятэк Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, бібліятэк Беларускай Праваслаўнай Царквы. Лепшыя работы з усіх рэгіёнаў Беларусі, згодна з Інструкцыяй аб парадку правядзення Рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання», прынялі ўдзел у адборы на абласным і ведамасным узроўнях. Працы, якія занялі першыя і другія месцы сярод публічных бібліятэк Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, бібліятэк устаноў адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і бібліятэк Беларускай Праваслаўнай Царквы, былі прадстаўлены на суд кампетэнтнага журы рэспубліканскага этапу конкурсу. У выніку былі намінаваны 29 конкурсных работ.

У ходзе пасяджэння рэспубліканскага журы былі вызначаны пераможцы ў чатырох намінацыях. У склад журы ўвайшлі: епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін (старшыня журы), дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Р. С. Матульскі (намеснік старшыні), галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вольга Аляксандраўна Рынкевіч (сакратар журы), галоўны спецыяліст упраўлення агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Уладзіміраўна Булаўкіна, галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Сяргей Уладзіміравіч Боцян, адказны сакратар Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы Т. А. Самайлюк, загадчыца Цэнтральнай бібліятэкі Беларускага Экзархату Святлана Ф. Вінаградава і член Каардынацыйнага савета па бібліятэчнай дзейнасці Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ Т. А. Квасава.

Пасля зацвярджэння пратакола пасяджэння журы Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, інфармацыя пра пераможцаў будзе апублікаваны на афіцыйных парталах Беларускай Праваслаўнай Царквы, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ, а таксама на сайце «Праваслаўныя бібліятэкі Беларусі».

***

Штогадовы рэспубліканскі конкурс «Бібліятэка — цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання» заснаваны Беларускай Праваслаўнай Царквой з мэтай удасканалення дзейнасці царкоўных і свецкіх бібліятэк, прафесіяналізацыі бібліятэчных кадраў, а таксама актывізацыі работы па выхаванню патрыятызму і грамадзянскасці дзяцей і моладзі на аснове праваслаўных традыцый. Распараджэнне па Беларускай Праваслаўнай Царкве «Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку правядзення рэспубліканскага конкурсу «Бібліятэка — цэнтр духоўнай асветы і выхавання» ад 12 снежня 2014 года, № 2189 падпісана мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі і ўзгоднена з Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь, Міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Арганізацыю і правядзенне конкурсу ажыццяўляе Сінадальны аддзел рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі БПЦ. Суарганізатарамі конкурсу выступілі: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Удзел у конкурсе прымаюць таксама бібліятэкі, якія знаходзяцца ў ведамстве іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання.

Праваслаўныя бібліятэкі Беларусі / Church.by