Падведзены вынікі V рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых работ «Тут родныя трымаюць карані...»

25 снежня 2018

top.jpg

У актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі адбылося падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў V рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых работ «Тут родныя трымаюць карані...»

Конкурс праводзіла ўстанова «Рэдакцыя часопіса "Роднае слова"» пры падтрымцы Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Сёлета ўдзел у конкурсе прынялі вучні IX-XI класаў, навучэнцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, студэнты вышэйшых навучальных устаноў, педагогі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі, прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў краіны. Акрамя таго, на конкурс даслалі працы вучні V–VIII класаў. Найбольш моцныя працы, нягледзячы на юны ўзрост удзельнікаў, журы прыняло на разгляд, а некаторыя нават сталі пераможцамі.

Дыпломы пераможцаў атрымалі 129 чалавек, Граматамі ўзнагароджаны 104 кіраўніка работ, дыпломамі ўдзельнікаў узнагароджаны 182 канкурсанта.

Старшыня журы конкурсу, галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Зоя Іванаўна Падліпская ў пачатку ўрачыстага мерапрыемства адзначыла, што з году ў год якасць конкурсных работ павышаецца, што за кожнай конкурснай працай — значныя душэўныя намаганні аўтараў і клопат кіраўнікоў, іх глыбокія думкі і чыстыя імкненні.

Прадстаўнікі журы конкурсу (намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы, настаяцель парафіі свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраскі іерэй Дзімітрый Ворса; доктар філалагічных навук прафесар, загадчык кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, галоўны рэдактар часопіса «Беларуская мова і літаратура» Аляксандр Іванавіч Бельскі; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Леановіч Капылоў; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Дзмітрый Васільевіч Дзятко; першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў, член Саюза пісьменнікаў Расіі Алена Анатольеўна Стэльмах; настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі, аўтар метадычнай дапаможніка «Беларуская мова. Тэсты» Ларыса Іванаўна Пшанічная; рэдактар аддзела — член рэдкалегіі Ларыса Уладзіміраўна Сагановіч; рэдактар аддзела — член рэдкалегіі Наталля Мікалаеўна Шапран; рэдактар аддзела Вольга Леанідаўна Крукоўская; рэдактар аддзела Крысціна Мікалаеўна Пучынская) выступілі з прывітальнымі словамі і добрымі пажаданнямі пераможцам.

Кожны з членаў кампетэнтнага журы адзначаў важнасць правядзення рэдакцыяй часопіса «Роднае слова» такіх конкурсаў, якія спрыяюць выхаванню беларускай моладзі ў павазе да сваіх каранёў, продкаў, уласнай сям'і і Радзімы, высокі ўзровень работ пераможцаў і перспектыўнасць далейшай распрацоўкі абраных для даследавання тэм.

Намаганні рэдакцыйнай калегіі часопіса «Роднае слова», пісьменнікаў, супрацоўнікаў Нацыянальнай акадэміі навук па зберажэнню і захаванню духоўнай спадчыны, культурна-асветніцкая дзейнасць былі адзначаны ўзнагародамі Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Мерапрыемства, якое прайшло ў шчырай і сяброўскай атмасферы, завяршылася фота- і аўтограф-сесіяй.

Арганізатары конкурсу выказалі словы шчырай падзякі прарэктару па выхаваўчай рабоце Мінскай духоўнай акадэміі іерэю Андрэю Бабушкіну за дапамогу, якую аказала кіраўніцтва Мінскай духоўнай акадэміі ў арганізацыі ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў V рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых і творчых работ «Тут родныя трымаюць карані...»

Church.by