«Паказаць, што Царква — не зборышча маргіналаў». Да 20-годдзя газеты «Воскресение»
19 мая 201920-годдзе духоўна-асветніцкай газеты «Воскресение» адзначылі ў Мінску 16 мая. Святочны вечар, які адбыўся ў актавай зале Мінскай духоўнай акадэміі па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, сабраў разам чытачоў і сяброў гэтага па-свойму ўнікальнага выдання.
— Той факт, што праваслаўная газета, не друкаваўшая камерцыйнай рэкламы, праіснавала 20 гадоў у абстаноўцы жорсткай канкурэнцыі — сведчанне таго, што «Воскресение» патрэбнае людзям, — сцвярджае галоўны рэдактар газеты Алена Міхаленка. Сапраўды, усе гэтыя два дзесяцігоддзі газету робіць калектыў, колькасць якога ў розныя гады не перавышала 7 чалавек. Робіць на чыстым энтузіязме «за ідэю», а дакладней — у славу Божую.
Усё пачалося ў 1999 годзе, калі мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт благаславіў журналістцы Марыі Філіповіч выдаваць духоўна-асветніцкую газету «для настаўнікаў, бацькоў і дзяцей». Назву газета атрымала ў гонар галоўнага хрысціянскага свята — Уваскрэсення Хрыстовага. Духаўнікам газеты стаў малады мінскі святар Аляксій Хацееў.
Насустрач свайму чытачу «Воскресение» выйшла тады, калі праваслаўнае кнігавыданне на постсавецкай прасторы толькі зараджалася, а інтэрнэт быў даступны толькі вузкай меншасці. Газета распавядала пра запаведзі Божыя, Таінствы Царквы, праваслаўныя святы і святых, публікавала вершы, апавяданні і казкі, не толькі напоўненыя духоўным сэнсам, але і напісаныя добрым літаратурным стылем. Цяпер, калі амаль усё «гугліцца», складана ўсвядоміць да канца ўсю важнасць місіі, якую «Воскресение» несла ў пачатку 2000-х гадоў, дапамагаючы людзям прыйсці да Бога і прапаноўваючы якасную інфармацыю аб Праваслаўнай Царкве.
У 2003 годзе галоўны рэдактар «Воскресения» Марыя Філіповіч раптоўна памерла ва ўзросце 56 гадоў. Пераемніцай Марыі Канстанцінаўны стала Алена Іосіфаўна Міхаленка, настаўнік фізікі па асноўнай прафесіі, пісьменнік, да таго моманту — аўтар шэрагу кніг для дзяцей і дарослых.
Зараз газета «Воскресение» выходзіць пры падтрымцы Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Заснавальнікам газеты з'яўляецца Барысаўская епархія — яе правячы архіерэй, епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веніямін, узначальвае Сінадальны аддзел.
На пытанне, у чым складаецца місія «Воскресения» сёння, Алена Міхаленка адказвае:
— Я спадзяюся, што нас чытаюць і царкоўныя, і не зусім уцаркоўленыя людзі. І вось у апошнія гады тое, што адбываецца ў грамадстве, прывяло мяне да думкі, што мы павінны рабіць такія матэрыялы, якія паказалі б нецаркоўным людзям, што Царква — гэта не зборышча маргіналаў, гэта не зборышча рэтраградаў. Мы павінны ім распавядаць, што ў Царкве ёсць людзі, якія думаюць, сур'ёзныя даследчыкі, што ў Царкве ёсць глыбокая культура. А царкоўных чытачоў, наадварот, хочацца вывесці са штучна створанага заняволення ў царкоўнай агароджы, распавядаць ім, што адбываецца ў свеце, у сусветнай культуры, што адбываецца ў нашай краіне — не толькі ў Царкве.
Па словах Алены Іосіфаўны, газета імкнецца зрабіць сваім чытачам «прышчэпку» ад псеўдаправаслаўнага цемрашальства, забабонаў, захаплення сталінізмам і іншымі дэструктыўнымі поглядамі.
— Мы хочам паказаць нармальнае, думаючае, разумнае Праваслаўе. Хрысціяніну недастаткова вызубрыць нейкія догмы і лозунгі. Трэба думаць, разважаць, чытаць сур'ёзную літаратуру, прапускаць яе праз сябе — пераканана кажа галоўны рэдактар выдання.
На сённяшні дзень «Воскресение» — гэта не толькі газета, але і своеасаблівы «брэнд», пад якім у рэгіёнах Беларусі праходзяць канцэрты духоўнай паэзіі.
— Прыкладна тады ж, калі я толькі пачынала працаваць у газеце, у Мінску з'явіліся праваслаўныя выставы. Потым яны сталі традыцыйнымі — успамінае Алена Міхаленка. — І мне аднойчы прапанавалі зрабіць на такой выставе прэзентацыю газеты «Воскресение». Я спачатку не ведала, як быць. Ну што я — выйду з газетай і буду распавядаць, якая наша газета цудоўненькая? Трэба было зрабіць нейкую яркую праграму. І я прапанавала нашым аўтарам, у тым ліку паэтам, пісьменнікам, нешта пачытаць людзям, нешта расказаць. Акцёраў запрасіла, якія маглі гэта прыгожа агучыць. Гэта вельмі добры водгук знайшло, людзям было цікава. І самі наведвальнікі той выставы наштурхнулі на думку аб тым, што паэтычныя канцэрты — адна з лепшых форм пропаведзі.
З часам сфарміравалася «Літаратурная гасцёўня», касцяк якой разам з Аленай Міхаленка склалі паэты Таццяна Дашкевіч, Ала Чорная, Лізавета Паляес. Да паэтаў далучыліся акцёры і музыкі Яўген і Алена Піменавы, Алена Шабад, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Нарбекава. У ліку сяброў «Літаратурная гасцёўні» — Міхась Пазнякоў, Валянціна Паліканіна, Анатоль Аўруцін, якія выступаюць на канцэртах, якія «Воскресение» праводзіць сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі.
Канцэрты праходзяць у самых розных аўдыторыях. Да прыкладу, восенню мінулага года такой пляцоўкай стала менскае СІЗА на вуліцы Валадарскага.
— Тое, як гэтыя зняволеныя людзі слухалі духоўную паэзію... гэта было проста ашаламляльна. Канешне, зразумела, што ў іх жыццё настолькі аднастайнае і цяжкае, што важным становіцца любая падзея, якая змяніла б звыклую чараду дзён... але па іх вачах было відаць, што нам удалося дастукацца да сэрцаў. Міхась Пазнякоў чытаў вершы пра маці, і ў іх слёзы стаялі ў вачах — дзеліцца Алена Міхаленка.
Верны і надзейны сябар «Воскресения» — Міжнароднае творчае аб'яднанне дзіцячых аўтараў. Пачатак гэтай дружбе паклалі стасункі Алены Міхаленка з масквічкай Таццянай Шыпошынай — урачом і праваслаўным пісьменнікам, адным з кіраўнікоў МТАДА.
— Члены аб'яднання дасылаюць нам у кожны нумар матэрыялы для дзіцячай рубрыкі. Тэматыка часам царкоўная, а часцей гэта проста добрыя добрыя казкі, вершы. У нас жывая старонка жывых — якія цяпер жывуць — аўтараў. Не састарэлыя нейкія тэксты. Вось гэта вельмі радуе — падкрэслівае галоўны рэдактар «Воскресения».
Напярэдадні 20-годдзя газеты «Воскресение» выйшла кніга «Над прадоннем зямнога раю» — зборнік вершаў удзельнікаў «Літаратурнай гасцёўні» і пастаянных аўтараў газеты. Тыраж 400 асобнікаў, 160 старонак, 13 аўтараў, вечныя тэмы, вызнавальныя інтанацыі, класічныя формы…
— Цяжка пісаць пра духоўнае, не саграшыўшы супраць дагматаў і ў той жа час не ўпадаючы ў рыфмаванае маралізатарства. Для гэтага трэба валодаць майстэрствам — заўважае ў прадмове да зборніка Алена Міхаленка. Як укладальнік яна ўпэўненая: менавіта дзякуючы майстэрству аўтарам кнігі ўдалося прайсці без шкоды паміж гэтых двух агнёў.
Цёплыя адносіны падтрымлівае «Воскресение» і з вакальнымі калектывамі. На юбілейным вечары гледачам дарылі свае спевы хор Мінскай духоўнай акадэміі, а таксама інклюзіўны хор «Радасць душы», многія ўдзельнікі якога — невідушчыя і слабавідушчыя.
Сама рэдакцыя газеты «Воскресение», па словах Алены Міхаленка, «вельмі-вельмі маленечкая». Вярстае газету і дапамагае падбіраць матэрыялы Вольга Міхаленка, складаныя гістарычныя пытанні разбірае іерэй Аляксій Хацееў, мудрасці гадавога богаслужэбнага круга Праваслаўнай Царквы — выкладчык Мінскага духоўнага вучылішча Андрэй Ахметшын, адказную працу карэктара выконвае Ганна Фаміна, бухгалтарам працуе Людміла Герасімчык.
Разважаючы аб планах на будучыню, Алена Міхаленка адзначае:
— Наша газета стваралася як выданне для тых, хто займаецца праваслаўнай асветай. Нейкі час мы спрабавалі весці старонку для настаўнікаў. Але яе не выцягнеш на перадруках. Мы пастаянна заклікалі настаўнікаў, якія вядуць праваслаўныя факультатывы, праваслаўныя класы, нядзельныя школы, каб яны дзяліліся з калегамі сваімі напрацоўкамі. Нас не зусім разумеюць. Я заклікаю педагогаў абменьвацца вопытам, а мне дасылаюць матэрыялы, у якіх — проста пералік: мы правялі тое, гэта, велікодны ранішнік, нас узнагародзілі ... гэта ж нецікава. Як вы гэта зрабілі? Падзяліцеся сваімі ноў-хаў, можа быць, планамі ўрокаў... На Свята-Мікалаеўскай чытаннях [адбыліся ў Мінскай духоўнай акадэміі 15 мая 2019 года — заўв. рэд.], мы размаўлялі пра гэта з прадстаўнікамі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі. Мне здаецца, яны нас пачулі. Нам трэба наладзіць супрацоўніцтва са свецкімі настаўнікамі, пашыраць кола аўтараў, прыцягваючы тых, хто і сам можа атрымліваць карысць ад газеты. Вось у гэтым кірунку хацелася б неяк развівацца.
У сувязі з юбілеем каманда газеты «Воскресение» была ўдастоена узнагарод Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі. Алене Міхаленка ўручылі медаль свяшчэннамучаніка прасвітара Уладзіміра Хіраскі II ступені, супрацоўнікам і папячыцелям выдання — граматы і падзякі.
— Чалавек веруючы абавязаны быць чалавекам думаючым — паўтарае Алена Іосіфаўна сваё рэдактарскае крэда. Гэтай мэце служыць цяпер газета «Воскресение» з верай у тое, што мэта будзе дасягнута — з дапамогай Божай. Нездарма эпіграфам да газеты абраныя словы Збавіцеля: «І вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мф. 28:20).
Тэкст: Таццяна Кузняцова