Пасланне Асвячонага Архіерэйскага Сабора кліру, манахам і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы

02 снежня 2017

top.jpgАрхіерэйскі Сабор, які адбыўся ў Маскве 29 лістапада ― 2 снежня 2017 года, звярнуўся з пасланнем да кліру, манахаў і ўсіх верных дзяцей Рускай Праваслаўнай Царквы.

Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы, багалюбювыя інакі і інакіні, дарагія браты і сёстры!

Асвячоны Архіерэйскі Сабор, які праходзіў з 29 лістапада па 2 снежня 2017 года ў горадзе Маскве, у кафедральным саборным Храме Хрыста Спасіцеля, звяртаецца да ўсіх вас словамі апостальскага прывітання: «Бог цярпення і суцяшэння няхай дасць вам быць у аднадумстве паміж сабою па Хрысту Іісусу, каб вы аднадушна, адзінымі вуснамі славілі Бога і Айца Госпада нашага Іісуса Хрыста» (Рым. 15:5-6).

Аддаючы хвалу Тварцу, Прамысліцелю і Падаўцу ўсякіх даброт, мы малітоўна ўспамінаем найважнейшыя падзеі ў гісторыі нашай Царквы, стагоддзе якіх адзначаецца ў гэтым годзе. Гэта адкрыццё Свяшчэннага Сабору Праваслаўнай Расійскай Царквы 1917-1918 гадоў і аднаўленне на ім Патрыяршаства.

Адна з галоўных дзей Сабора ― абранне свяціцеля Ціхана на Маскоўскі Патрыяршы пратол ― супала з пачаткам жорсткіх ганенняў на Царкву Божую. Нявіннай крывёю першых мучанікаў новага часу скрывавілася наша зямля. Неўзабаве беззаконне і самавольства ў адносінах да Царквы сталі паўсюднымі. Пад гэтым прыгнётам і ў пакутах за імя Хрыстова мноства верных дзяцей царкоўных явілі найвышэйшы подзвіг веры і мужнасці, прынялі смерць і нявянучыя вянцы славы (1 Пят. 5:4). Тое была эпоха грозных выпрабаванняў для ўсіх народаў Айчыны. У выніку краіна апынулася на мяжы знішчэння. Але па малітвах свяціцеля Ціхана, сабору навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай Гасподзь прыхіліў Сваю міласць да людзей і не дапусціў злу перамагчы канчаткова. Цяпер мы з удзячнасцю Богу разам з псалмапеўцам усклікаем: «Строга пакараў мяне Гасподзь, але на смерць не аддаў мяне» (Пс. 117:18).

Памятаючы пра трагічныя падзеі ХХ стагоддзя і разважаючы пра іх прычыны, мы павінны з глыбокім змірэннем і шчырым перакананнем сведчыць перад бліжнімі і дальнімі аб галоўным уроку мінулага стагоддзя: без Бога ніякае дзяржаўнае ці грамадскае будаўніцтва не прывядзе да дабрабыту. Гісторыя паказала, што згубнымі для дзяржаў і пагібельнымі для людзей з'яўляюцца рэвалюцыйныя настроі, спароджаныя палітычнымі правакацыямі, у тым ліку тымі, што выкарыстоўваюць запыт на сацыяльную справядлівасць. Прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства павінны прыкласці намаганні, каб пазбегнуць паўтарэння памылак, якія прывялі ў мінулым стагоддзі да пакут і смерці мноства людзей, да разбурэння дзяржаўнасці.

Мы сведчым аб нязменнасці місіі Царквы, якую здабыў Спасіцель пачэснаю Сваёю Крывёю (гл. Дзеі. 20:28) дзеля прывядзення людзей да еднасці з Богам. Усім працаўнікам у Вінаградніку Хрыстовым трэба памятаць аб тым, што краевугольным каменем царкоўнай пропаведзі ад святых апосталаў і аж да сканчэння часоў з'яўляецца радасная вестка пра выратаванне, дараванай праз Крыж і Уваскрасенне Госпада нашага і Спасіцеля Іісуса Хрыста. Галоўнае ж служэнне, да якога закліканы кожны пастыр, ― гэта здзяйсненне Бажэственнай літургіі, паколькі прынясенне Бяскроўнай Ахвяры падзякі аб усіх і за ўсё ёсць найвялікшая і найважнейшая з усіх магчымых на зямлі спраў.

Адзінымі вуснамі і адзіным сэрцам славячы Нябеснага Айца і Госпада нашага Іісуса Хрыста, мы, члены Асвячонага Сабора, сведчым аб тым, што малітоўным заступніцтвам перад Прастолам Усемагутнага навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай, працаю мноства архіерэяў, клірыкаў, манаскіх асобаў і міран справа царкоўнага будаўніцтва працягвае развівацца. Аднаўляюцца зруйнаваныя святыні, ствараюцца новыя храмы, здзяйсняюць інацкі подзвіг шматлікія насельнікі праваслаўных абіцеляў, памнажаецца колькасць царкоўных дабрачынных пачынанняў, узмацняецца царкоўная работа па падтрымцы сям'і, мацярынства і дзяцінства. Асаблівую радасць выклікаюць поспехі ў галіне працы з моладдзю, у тым ліку развіццё добраахвотніцтва ў епархіях і прыходах, а таксама ў далучэнні дзяцей да веры праз нядзельныя школы і іншыя царкоўныя адукацыйныя праекты.

Дні Архіерэйскага Сабора даставілі нам радасць зносін з Кіраўнікамі і прадстаўнікамі Памесных Праваслаўных Цэркваў, якія прыбылі ў Маскву для ўдзелу ва ўрачыстасцях з нагоды стагоддзя Патрыяршай інтранізацыі свяціцеля Ціхана. Гэтае бачнае выражэнне праваслаўнага адзінства мае асаблівае значэнне сёння, калі многія хрысціяне, зазнаўшы ганенні за веру, маюць патрэбу ў нашай шчырай малітве і дзейсным заступніцтве. Мы даражым хрысціянскай салідарнасцю, таму што ведаем, наколькі яна важная і патрэбная тым, каму цяпер прыходзіцца перажываць нягоды і выпрабаванні, падобна да таго, як важная для нас была падтрымка ўсіх людзей добрай волі падчас прыгнёту веры і Царквы ў нашай Айчыне. Так, з ласкі Божай мы зноў узвялі велічныя саборы, нашы храмы ўпрыгожваюцца і добраўпарадкваюцца. Аднак нельга забываць пра тых, каго выганяюць з храмаў, каго падрываюць і забіваюць тэрарысты. Мы пакліканы мужна і цвёрда адстойваць хрысціянскія каштоўнасці, якія выцясняюцца сёння з жыцця многіх народаў. Прыклад заснаваных апосталамі першахрысціянскіх абшчын, больш забяспечаныя з якіх накіроўвалі матэрыяльную дапамогу менш забяспечаным, заклікае нас клапаціцца пра тых праваслаўных хрысціян, якія бядуюць і пакутуюць ад вайны ці тэрарызму.

У дні працы Сабора мы азнаёміліся з папярэднімі вынікамі даследаванняў, якія праводзяцца з мэтай ідэнтыфікацыі «екацярынбургскіх астанкаў». Мы выказваем надзею, што па завяршэнні гэтых даследаванняў будзе яўлена ісціна адносна прыналежнасці згаданых астанкаў.

З удзячнасцю да добрай Божай волі Сабор сведчыць пра з'яўленне цэлага сабора святых для агульнацаркоўнага шанавання.

Памятаючы аб перажытых нашымі бацькамі калісьці, а цяпер многімі хрысціянамі выпрабаваннях, будзем захоўваць адзінства Царквы, молячыся за кожным богаслужэннем аб стаянні ў дабры святых Божых Цэркваў і злучэнні ўсіх, як і Хрыстос маліўся аб адзінстве хрысціян і аб захаванні іх у міры.

Сам жа Гасподзь міру няхай дае вам мір заўсёды ва ўсім. Гасподзь з усімі вамі! (2 Фес. 3:16). Амінь.

Патрыярхія.ru / Church.by