Пасланне Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы Свяцейшаму Патрыярху Варфаламею у сувязі з антыкананічнымі дзеяннямі, якія распачаў Канстанцінопальскі Патрыярхат на Украіне
31 снежня 2018У адказ на ліст Свяцейшага Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея, у якім ён паведамляў аб «аднаўленні ў сане» ўкраінскіх раскольнікаў і «адмене дзеяння» дакумента аб перадачы Кіеўскай мітраполіі ў юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхату, які мае больш чым трохсотгадовую гісторыю, аб правядзенні ў Кіеве «памеснага сабора» прынятых у зносіны некананічных супольнасцяў, а таксама аб намеры ў бліжэйшыя дні даць заснаванай на гэтым сходзе структуры «аўтакефалію», Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл накіраваў пасланне, у якім выказаў глыбокі боль, здзіўленне і абурэнне ў сувязі з антыкананічнымі дзеяннямі Канстанцінопальскага Патрыярхату.
Свяцейшаму Патрыярху Канстанцінопальскаму Варфаламею
Ваша Свяцейшасць!
З глыбокім болем, здзіўленнем і абурэннем прачытаў Ваш ліст, у якім Вы паведамляеце мне пра апошнія дзеянні Канстанцінопальскай Царквы: пра прыняцце ёю ў зносіны некананічных супольнасцяў Украіны; пра «адмену дзеяння» граматы Патрыярха Канстанцінопальскага Дыянісія IV, якая перадала Кіеўскую мітраполію ў юрысдыкцыю Маскоўскага Патрыярхату; пра правядзенне ў Кіеве «памеснага сабора» некананічных супольнасцяў, прынятых Вамі ў зносіны; пра абранне імі «Прадстаяцеля новай аўтакефальнай царквы Украіны»; пра намер у бліжэйшыя дні даць заснаванай Вамі структуры статус аўтакефальнай Памеснай Царквы.
Уз'яднанне паскольнікаў з Царквой стала б вялікай радасцю як для праваслаўных Украіны, так і для ўсяго праваслаўнага свету, калі б праходзіла ў адпаведнасці з прадпісаннямі кананічнага права, у духу міру і любові Хрыстовай. Але цяперашні палітызаваны працэс прымусовага аб'яднання далёкі ад нормаў і духу святых канонаў. Яму спадарожнічае жахлівае нагрувашчванне хлусні, а цяпер ужо і гвалт у адносінах да сапраўднай Украінскай Праваслаўнай Царквы. А гэта ж тая самая Царква мільёнаў украінскіх вернікаў, якую Вы прызнавалі кананічнай ўсе гады свайго служэння аж да апошняга часу — цяпер жа робіце выгляд, нібы яе не існуе, а ёсць толькі асобныя епархіі, якія вярнуліся пад Ваш амафор.
Вашы дарадчыкі запэўнівалі Вас, быццам епіскапат Украінскай Праваслаўнай Царквы гатовы падтрымаць палітычны праект кіеўскіх уладаў, быццам значная частка, дзесяткі кананічных епіскапаў чакаюць толькі Вашага благаславення, каб пакінуць сваю Царкву. Я неаднаразова папярэджваў, што Вас уводзяць у зман. Цяпер вы можаце пераканацца ў гэтым на свае вочы.
На так званым «Памесным Саборы», які склікалі Вы, а ўзначаліла тройка, якая складалася з вашага прадстаўніка, самазванага «патрыярха» (цяпер названага «ганаровым») і свецкага кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, прысутнічалі толькі двое з 90 епіскапаў Украінскай Праваслаўнай Царквы. Тое, што Вы называеце «памесным саборам», стала сходам раскольнікаў пад прыкрыццём імя Святой Канстанцінопальскай Царквы. Што гэта, як не легалізацыя ўкраінскага расколу, якой Вы публічна абяцалі не дапусціць?
У сваіх рашэннях Вы спасылаецеся на волю праваслаўнага народа Украіны, які быццам бы просіць аб умяшанні Канстанцінопальскай Царквы. Але менавіта воля пераважнай большасці духавенства і вернікаў, сапраўды царкоўных людзей Украіны заахвоціла епіскапат Украінскай Праваслаўнай Царквы не адказваць на Вашыя запрашэнні і адмовіцца ад удзелу ў так званым «аб'яднальным саборы» ўкраінскага расколу.
З двух згаданых Вамі епіскапаў Украінскай Праваслаўнай Царквы, якіх Вы насуперак канонам прынялі ў сваю юрысдыкцыю, толькі адзін быў епархіяльным архіерэем. Але духавенства і паства яго епархіі не прынялі яго дзеянняў. Пасля таго, як мітрапаліт Сімяон быў правамерна забаронены ў свяшчэннаслужэнні Сінодам Украінскай Праваслаўнай Царквы, усе манастыры Вінніцкай епархіі і пераважная большасць прыходаў разам з іх духавенствам засталіся ў падпарадкаванні новага кананічнага архіепіскапа Вінніцкага і Барскага Варсанофія. У цяперашні час мясцовыя ўлады аказваюць ціск на духавенства епархіі, святарам пагражаюць расправай, але святары, манаскія асобы і міране не жадаюць знаходзіцца ў зносінах з архіерэем, які здрадзіў ім і Царкве.
Згаданы Вамі мітрапаліт Аляксандр, таксама забаронены ў служэнні Сінодам у Кіеве, меў у сваім падпарадкаванні адзіны храм: у яго абшчыне паўстаў канфлікт, а духавенства храма ў большасці сваім ухілілася ад саслужэння з отпаўшым архіерэем.
Прынцыповае рашэнне архіерэяў Украінскай Праваслаўнай Царквы адмовіцца ад удзелу ў сабраным Вамі лжэсаборы тлумачыцца не міфічным «ціскам Масквы», што ў дадзеных палітычных умовах было б і немагчыма, а адзінствам архіпастыраў са сваім духавенствам і вернікамі. Такому адзінству не страшныя ні грубае ўмяшанне ўладаў Украіны ва ўнутрыцаркоўнае жыццё, ні дзяржаўны ціск на Царкву, што шматкроць узрос за апошнія месяцы. Яго не скасаваць адзіным росчыркам пяра.
У сваім лісце Вы прадпрымаеце спробу перагледзець сэнс комплексу дакументаў, падпісаных у 1686 г. Вашым папярэднікам Патрыярхам Дыянісіем IV і Свяшчэнным Сінодам Канстанцінопальскай Царквы. Пра змест гэтых гістарычных дакументаў на працягу сотняў гадоў паміж нашымі Цэрквамі не было рознагалоссяў. А цяпер Вы заяўляеце пра «адмену дзеяння» Патрыяршай і Сінадальнай граматы, паколькі «знешнія ўмовы змяніліся».
Я прапаноўваў Вам правесці гутаркі па гэтым пытанні з прыцягненнем аўтарытэтных гісторыкаў, багасловаў і спецыялістаў па царкоўна-кананічнаму праву. Вы адмовіліся, спаслаўшыся на недахоп часу. Магу толькі выказаць шкадаванне, што Вашыя разбуральныя для агульнацаркоўнага адзінства рашэнні так моцна залежаць ад «знешніх», гэта значыць ад палітычных умоў, аб чым Вы не саромеецеся прама паведаміць.
Ваш ліст змяшчае чарговыя паўтарэння вельмі спрэчных сцвярджэнняў аб нібыта ўласцівай Канстанцінопальскай Царкве «выключнай адказнасці прадастаўляць аўтакефалію» і разглядаць апеляцыі з іншых Памесных Цэркваў, паводле «духоўнага зместу» 9 і 17 правіл Халкідонскага сабора. Але прадпрымаемая Вамі трактоўка быццам бы уласцівых Вам правоў ніколі не мела агульнацаркоўнага прызнання. Супраць Вашага разумення апеляцыйных правоў Канстанцінопальскага Прастола сведчыць цэлы шэраг пярэчанняў аўтарытэтных каментатараў царкоўнага права. Так, выдатны візантыйскі кананіст Іаан Занара піша: «Канстанцінопальскі [патрыярх] прызнаецца суддзёй не наогул над усімі мітрапалітамі, але толькі над падначаленымі яму. Бо ні мітрапаліты Сірыі, ні палесцінскія, ні фінікійскія, ні егіпецкія не прыцягваюцца паміма волі на яго суд, але сірыйскія падлягаюць суду Антыяхійскага Патрыярха, палесцінскія — Іерусалімскага, а егіпецкія судзяцца Александрыйскім, якім яны рукапалагаюцца і якому падпарадкаваныя». Не прызнаюць такога прывілею за Вамі і сучасныя Памесныя Праваслаўныя Цэрквы.
Але прысвойваючы сабе незаконна такое права, у дадзеным выпадку Вы нават не заклапаціліся захаваннем існуючых кананічных нормаў, якія вызначаюць дзеянні боку, які прымае апеляцыю.
Вядома, што Міхаіл Дзенісенка працягваў сваё служэнне пасля накладзеных на яго царкоўных забарон і адлучэння ад Царквы, чым пазбавіў сябе права падаваць апеляцыі і, згодна з базавымі нормамі кананічнага права, сам сябе асудзіў. Вы выказалі сваю згоду з зрынаннем Дзенісенкі, хоць да таго часу атрымалі яго першую апеляцыю. У лісце Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II ад 31 жніўня 1992 года Вы паведамілі: «Наша Святая Вялікая Хрыстова Царква, прызнаючы паўнату выключнай па гэтаму пытанню кампетэнцыі Вашай Свяцейшай Рускай Царквы, прымае сінадальна вырашанае аб вышэйсказаным, не жадаючы дастаўляць ніякай цяжкасці Вашай сястры-Царкве».
Свяшчэнны Сінод Канстанцінопальскай Царквы не прыняў да ўвагі шматлікія праблемы кананічнай пераемнасці і маральнага аблічча «іерархаў», прынятых ёю ў зносіны, нягледзячы на тое, што раней Канстанцінопальская Царква прызнавала важнасць вырашэння гэтых пытанняў для вылячэння ўкраінскага расколу і атрымлівала паводле іх неабходную інфармацыю ў ходзе перамоў дэлегацый нашых Цэркваў.
Пра тое, з якой паспешнасцю і неабдуманасцю разглядаліся апеляцыі ўкраінскіх раскольнікаў, сведчыць той факт, што рашэннем Вашага Сінода быў «адноўлены» ў епіскапскім сане Макарый Малеціч. У афіцыйных Патрыяршых граматах Вы называеце яго «былым мітрапалітам Львоўскім», і ў якасці такога ён прысутнічаў на так званым «аб'яднальным саборы».
Між тым, Макарый Малеціч сышоў у раскол, будучы свяшчэннікам кананічнай Царквы, і ніколі не меў кананічнага епіскапскага рукапалажэння. Яго «хіратонія», таксама як і «хіратоніі» значнай часткі «епіскапату» так званай «Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы», прынятай у зносіны Канстанцінопальскай Царквой, узыходзяць праз яго папярэднікаў да аднаго пазбаўленага сану архіерэя, які здзейсніў гэтыя акты разам з самазванцам Віктарам Чакаліным, былым дыяканам Рускай Праваслаўнай Царквы, ніколі не меўшага нават свяшчэнніцкага рукапалажэння.
Прыняцце падобных асоб у зносіны з Царквой без разгляду названых абставін падрывае кананічную пераемнасць хіратоній і прыводзіць да цяжкіх, дэструктыўных наступстваў для ўсяго сусветнага Праваслаўя.
Стагоддзямі Руская Царква была глыбока ўдзячная Святой Канстанцінопальскай Царкве за яе ўклад на карысць сусветнага Праваслаўя, яе ролю ў хрысціянскай асвеце язычніцкай Русі, за дапамогу ў развіцці традыцый манаства і духоўнай адукацыі. Цяпер жа нашы вернікі як на Украіне, так і ў іншых краінах адчуваюць горкае расчараванне ў сувязі з тым, што гістарычная Царква-Маці не чуе іх галасоў.
У Вашу рэзідэнцыю прывозілі сотні тысяч подпісаў вернікаў Украіны ў падтрымку Украінскай Праваслаўнай Царквы і з просьбамі не падрываць яе адзінства. Украінская ўлада спрабавала перашкаджаць дастаўцы гэтых лістоў, а Вы праігнаравалі іх. І цяпер Вы не хочаце пачуць голас Украінскай Праваслаўнай Царквы, якая стаіць на парозе новых цяжкіх выпрабаванняў.
Ужо зараз архіпастыраў і духавенства на Украіне пад надуманымі падставамі выклікаюць на допыты, шантажыруюць, пагражаюць блізкім людзям, праводзяць вобыскі ў храмах і жытлах, аказваюць ціск на сем'і і дзяцей. На днях уступіў у сілу закон, мэта якога — пазбавіць Украінскую Праваслаўную Царкву яе імя, каб пад выглядам «добраахвотнага пераходу грамад» правесці гвалтоўныя захопы яе храмаў. Такім вы бачыце аб'яднанне праваслаўных Украіны?
Аб планах Канстанцінопальскай Царквы па легалізацыі расколу на Украіне я гаварыў з Вамі і сам-насам, і пры нямногіх сведках. Цяпер жа, калі гэтыя планы ў значнай ступені рэалізаваны, магчыма, у апошні раз звяртаюся да Вас перад тварам усёй Праваслаўнай Царквы. Робячы так, кіруючыся запаведдзю Госпада нашага Іісуса Хрыста: Калі ж саграшыць супраць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго сам-насам; калі паслухаецца цябе, то прыдбаў ты брата твайго. А калі не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, то няхай будзе ён табе як язычнік і мытнік (Мф. 18:15-17).
Дыпціх Свяцейшых Патрыярхаў Канстанцінопальскіх налічвае дзясяткі імёнаў вялікіх багасловаў, падзвіжнікаў і вучыцеляў пабожнасці. Святыя Грыгорый Багаслоў, Іаан Залатавуст, Прокл, Флавіян Вызнаўца, Іаан IV Поснік, Тарасій, Мяфодзій, Фоцій і многія іншыя сваім служэннем праславілі Свяцейшую Канстанцінопальскую Царкву.
Але былі і тыя, хто яе ганьбіў. Не ўпісвайце сваё дагэтуль паважанае імя ў адзін пералік з такімі ганебнымі епіскапамі Канстанцінопаля як Несторый, іканаборцы Анастасій, Іаан VII і Феадот, уніяты Іосіф II, Мітрафан II Мацізабойца і Грыгорый III Мама. Адступіцеся цяпер ад зносін з раскольнікамі, адмоўцеся ад удзелу ў палітычнай авантуры іх легалізацыі. І тады сапраўдная Праваслаўная Царква Украіны на чале з Блажэннейшым мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Украіны Ануфрыем благаславіць Вас, а гісторыя захавае памяць пра Вас у ліку тых свяціцеляў Канстанцінопальскага Прастола, хто ў найцяжэйшых палітычных умовах здолеў не апусціць годнасць Царквы і захаваць яе адзінства.
Калі ж Вы будзеце дзейгічаць у адпаведнасці з намерамі, выкладзенымі ў Вашым лісце, то Вы назаўжды страціце магчымасць служыць яднанню святых Божых Цэркваў, перастанеце быць Першым у праваслаўным свеце, які налічвае сотні мільёнаў вернікаў, а прычыненыя Вамі пакуты праваслаўных украінцаў рушаць услед за вамі на Страшны суд справядлівага Госпада нашага і будуць сведчыць перад Ім супраць Вас.
Усім сэрцам малюся, каб гэтага не здарылася. Яшчэ не позна спыніцца.
+КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ