Пастановы Асвячонага Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы (29 лістапада — 2 снежня 2017 года)

02 снежня 2017

top.jpg

Дакумент прыняты Архіерэйскім Саборам Рускай Праваслаўнай Царквы, які адбыўся 29 лістапада ― 2 снежня 2017 года ў Зале царкоўных сабораў Храма Хрыста Спасіцеля ў Маскве.

1. Асвячоны Архіерэйскі Сабор узносіць падзячную малітву да Госпада Бога Уседзяржыцеля, у Святой Тройцы славімага Айца, і Сына, і Святога Духа за ўсе дабрадзействы, дараваныя Рускай Праваслаўнай Царкве.

2. Асноўная задача Царквы ў свеце — гэта прывядзенне людзей да Хрыста праз распаўсюджванне Евангельскага слова. Члены Сабора падтрымліваюць заклік Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла да ўсіх, хто абвяшчае слова Божае, памятаць аб тым, што краевугольным каменем царкоўнай пропаведзі з часоў святых апосталаў і аж да сканчэння веку з'яўляецца радасная вестка пра спасенне чалавека, здзейсненае Госпадам Іісусам Хрыстом праз Яго пакуты, крыжовую смерць і слаўнае Уваскрасенне. З пропаведдзю Евангелля непарыўна злучана галоўная праца, да якой закліканы кожны свяшчэннаслужыцель, — гэта поўнае глыбокай пашаны здзяйсненне вялікага Таінства Цела і Крыві Хрыстовых.

3. Мінулае стагоддзе явіла свету нязменнасць ісціны, засведчанай яшчэ ў Старым Запавеце, што без вернасці Богу не можа быць пабудаваны сапраўдны дабрабыт грамадства, а адступленне людзей ад Госпада цягне за сабой беды, наступствы якіх могуць быць пераадолены дзеяннем Промыслу Божага ў адказ на шчырую веру і яе мужнае вызнанне, а таксама на малітву.

Члены Асвячонага Сабора аддаюць хвалу ліку навамучанікаў і вызнаўцаў Царквы Рускай, чыім заступніцтвам стала магчымым царкоўнае адраджэнне ў канцы ХХ стагоддзя і пачатку XXI стагоддзя.

З саборам навамучанікаў і вызнаўцаў Царква праслаўляе Царскіх мучанікаў. Царкоўнай камісіяй сумесна з дзяржаўнымі следчымі органамі па гэты дзень вядзецца карпатлівая праца па ідэнтыфікацыі «екацярынбургскіх астанкаў». Заслухаўшы падрабязны даклад па гэтай тэме, Сабор выказвае надзею, што ў належны час будзе пастаўлена кропка ў згаданых даследаваннях. Захоўвае сваю сілу пастанова Архіерэйскага Сабора 2016 года: «Рашэнне аб прызнанні або непрызнанні «екацярынбургскіх астанкаў» святымі мошчамі Царскіх мучанікаў можа быць прынята Архіерэйскім Саборам па прадстаўленню Сінода, зыходзячы з ацэнак выніковых матэрыялаў комплекснай экспертызы, якія павінны быць папярэдне апублікаваны для грамадскай дыскусіі» (пункт 10 Пастаноў Архіерэйскага Сабора 2016).

4. У год стагоддзя адкрыцця Святога Сабора 1917-1918 гадоў, які аднавіў Патрыяршаства, уся паўната Рускай Праваслаўнай Царквы з падзякай успамінае яго працу і ўзносіць асаблівыя малітвы да свяціцеля Ціхану, што ўзначальваў Сабор; свяціцель, будучы паводле Промысла Божага абраным на патрыяршы прастол, рабіў усё магчымае для захавання адзінства Рускай Царквы ў першыя гады ганенняў. Архіерэйскі Сабор вітае работу па поўнаму выданню матэрыялаў Памеснага Сабора 1917-1918 гг., якія патрабуюць усебаковага і ўважлівага даследавання.

Агульныя пытанні царкоўнага кіравання

5. Асвячоны Архіерэйскі Сабор ухваляе дзейнасць Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і Свяшчэннага Сінода і зацвярджае рашэнні, прынятыя Свяшчэнным Сінодам у міжсаборны перыяд. Таксама ўхваляецца дзейнасць у гэты перыяд Вышэйшага Царкоўнага Савета, сінадальных устаноў і камісій.

6. Архіерэйскі Сабор завярджае рашэнні Свяшчэннага Сінода аб стварэнні Калінінградскай, Кастрамской і Марыйскай мітраполій, а таксама аб заснаванні наступных епархій: Бірскай, Ванінскай, Волжскай, Варкуцінскай, Галіцкай, Златавустаўскай, Плясецкай, Рослаўльскай, Сызранскай, Чарняхоўскай.

7. Сабор унёс змены ў Статут Рускай Праваслаўнай Царквы, падкрэсліўшы асаблівы статус Украінскай Праваслаўнай Царквы, кіруючы цэнтр якой знаходзіцца ў Кіеве.

8. Сабор зацвярджае наступныя дакументы:

а) Палажэнне аб манастырах і манаскіх асобах Рускай Праваслаўнай Царквы, якое распрацоўвалася на працягу некалькіх гадоў Міжсаборнай Прысутнасцю. Епархіяльным архіерэям належыць забяспечыць азнаямленне з гэтым дакументам манаскіх асоб даручаных ім епархій і, ва ўзаемадзеянні з Сінадальным аддзелам па манастырах і манаству, заклапаціцца выкананнем змешчаных у ім указанняў.

б) дакумент «Аб кананічных аспектах царкоўнага шлюбу», таксама распрацаваны Міжсаборнай Прысутнасцю. Епархіяльным архіерэям даручаецца выдаць неабходныя ўказы для забеспячэння выканання норм гэтага дакумента ў даручаных ім епархіях.

у) новую рэдакцыю Палажэння аб узнагародах Рускай Праваслаўнай Царквы.

9. Канстатуючы у цэлым паспяховае станаўленне арганізацыі епархій, якія знаходзяцца ў адным рэгіёне, у мітраполіі, Архіерэйскі Сабор заклікае архіерэяў мітраполій да далейшага актыўнага і цеснага ўзаемадзеяння пры захаванні як кананічных прэрагатыў кожнага архіерэя, так і асаблівай начальніцкай і каардынацыйнай ролі кіраўнікоў мітраполій. Свяшчэннаму Сіноду даручаецца вывучыць магчымую неабходнасць унясення ўдакладненняў у Палажэнне аб мітраполіях і, пры адпаведным заключэнні, сфармуляваць і зацвердзіць іх.

10. Працэс увядзення ў благачыннях і буйных прыходах пасад памочнікаў благачынных і настаяцеляў па місіі, па рэлігійнай адукацыі, па рабоце з моладдзю, па дабрачыннасці, а таксама стварэнне сістэмы навучання профільных супрацоўнікаў у цэлым паспяхова развіваецца, і адпаведныя пасады ў большасці сваім замешчаныя. Пры гэтым Сабор звяртае ўвагу на тое, што праца памочнікаў благачынных не павінна разглядацца як нешта другараднае, нават пры сумяшчэнні яе з выкананнем іншых абавязкаў. Памочнікам благачынных варта мець адпаведную адукацыю — вочную ці завочную, якая можа быць, у прыватнасці, атрымана ў цэнтрах падрыхтоўкі царкоўных спецыялістаў, якія адкрываюцца сёння ў многіх епархіях. Вучэбным камітэту сумесна з профільнымі ўстановамі належыць прадоўжыць работу па станаўленню гэтай сістэмы адукацыі.

Сінадальным установам даручаецца заклапаціцца абучэннем кіраўнікоў епархіяльных аддзелаў як профільным ведам, так і арганізацыйным навыкам, у тым ліку для каардынацыі работы памочнікаў благачынных. Такое навучанне павінна насіць кароткачасовы практычны характар і ажыццяўляцца пераважна дыстанцыйна, з улікам занятасці згаданых кіраўнікоў. Акрамя таго, прызнаецца карысным правядзенне старшынямі сінадальных устаноў рэгулярных онлайн-нарад з кіраўнікамі адпаведных епархіяльных устаноў.

11. Асвячоны Сабор лічыць неабходнымі далейшыя намаганні епархіяльных архіерэяў па ажыццяўленню ў епархіях Рускай Праваслаўнай Царквы мер, прадугледжаных Палажэннем аб матэрыяльнай і сацыяльнай падтрымцы свяшчэннаслужыцеляў, царкоўнаслужыцеляў і работнікаў рэлігійных арганізацый Рускай Праваслаўнай Царквы, а таксама членаў іх сем'яў, зацверджаным Архіерэйскім Саборам 2013 года, у тым ліку праз стварэнне і рэальную дзейнасць епархіяльных апякунскіх камісій. Акрамя таго, пры вызначэнні месца служэння святара і яго матэрыяльнага ўтрымання важна па магчымасці прымаць пад увагу састаў і колькасць яго сям'і.

12. Выклікае задавальненне развіццё царкоўнага жыцця ў храмах і манастырах Рускай Праваслаўнай Царквы ў далёкім замежжы. У год дзесяцігоддзя аднаўлення еднасці з Рускай Зарубежнай Царквой, узносячы падзяку Госпаду за гэтую дараваную міласць, члены Асвячонага Сабора лічаць неабходным, каб былі прыняты дадатковыя намаганні па ўпарадкаванню кананічнага становішча епархій і прыходаў рускага замежжа.

13. Члены Сабора лічаць неабходным працяг працы па выбудоўванню ўзаемадзеяння Мастацка-вытворчага прадпрыемства «Софрино» з епархіямі з улікам раней прынятых рашэнняў.

Місія Царквы ў сучасным свеце

14. Сабор адносіць зварот да моладзі з Евангельскім пасланнем і царкоўную работу з моладдзю да першачарговых задач, якія стаяць сёння перад архіерэямі і клірыкамі. Дасягненні ў сферы місіі сярод моладзі, якія адбыліся ў апошнія гады, патрабуюць развіцця. Варта працягнуць пошук плённых форм місіі сярод маладых людзей і іх дзейнасці ў Царкве з улікам разнароднасці моладзі, якая па-рознаму суадносіць сябе з Царквой, якая валодае рознай адукацыяй і выхаваннем, якая належыць да розных сацыяльных слаёў і груп. Выкарыстоўваючы тыя ці іншыя метады працы з моладдзю, не выключаючы і запазычаных са свецкай практыкі, важна не выпускаць з ўвагі галоўную мэту, якая стаіць перад пастырам або любым царкоўным работнікам у зносінах з юнакамі і дзяўчатамі: іх далучэнне да ліку вучняў Хрыстовых. Сярод прыярытэтных задач — клопат аб студэнцкай моладзі.

З задавальненнем адзначыўшы, што моладзевыя саветы заснаваны ў многіх епархіях, Сабор лічыць мэтазгодным развіць гэтую практыку, пры разуменні, што, адпаведна мясцовым умовам, могуць утварацца моладзевыя саветы, агульныя для ўсіх епархій адной мітраполіі. Карысным з'яўляецца таксама правядзенне штогадовых моладзевых з'ездаў на ўзроўні епархій або мітраполій, а ў перспектыве — рэгулярнае скліканне агульнацаркоўных моладзевых з'ездаў.

Члены Сабора звяртаюць увагу на важнасць дастатковага фінансавага забеспячэння моладзевых праектаў з улікам магчымасцяў кожнай епархіі і прыхода.

15. Захоўваецца выказаная Архіерэйскім Саборам 2016 года заклапочанасць адносна арганізацыі місіянерскай дзейнасці (гл. пункт 15 Пастановы Сабора 2016 года). Асвячоны Сабор нагадвае, што галоўная мэта місіі — гэта прыцягненне людзей да Хрыста. Для гэтага неабходна быць усім для ўсіх (1 Кар. 9:22), гэта значыць выкарыстоўваць для кожнай аўдыторыі зразумелую ёй мову пропаведзі слова Божага, а таксама адкрывацца свету, не пераходзячы межаў дапушчальнага.

Асноўнымі напрамкамі місіянерскай дзейнасці, якія патрабуюць найбольшай увагі, з'яўляюцца перадхрысцільная і пасляхрысцільная катэхізацыя, асвета тых, хто, будучы ахрышчанымі, пры гэтым не ў поўнай меры далучыліся да царкоўнага жыцця, а таксама тых, хто, не будучы ахрышчанымі, належаць да народаў, якія гістарычна вызнаюць Праваслаўе. Акрамя таго, да місіянерскай працы адносіцца процідзеянне сектанцкай і неаязычніцкай пагрозам. Нарэшце, у асобных рэгіёнах місіянерская дзейнасць епархій таксама можа быць накіравана на пастырскае акармленне карэнных малалікіх народаў. Свяшчэннаму Сіноду даручаецца прыняць дзейсныя меры па актывізацыі місіі на агульнацаркоўным, епархіяльным і парафіяльным узроўнях.

16. Сабор ухваляе, у тым ліку духоўна-асветніцкую працу з казацтвам, якая праводзіцца на агульнацаркоўным узроўні і ў епархіях.

17. Асаблівым відам місіянерскага служэння з'яўляецца сведчанне свету аб Евангеллі і аб жыцці Царквы праз сродкі масавай інфармацыі. Члены Сабора адзначаюць станоўчыя вынікі ў выкананні ўказанняў Архіерэйскага Сабора 2013 года аб напаўненні інфармацыйнай прасторы «дакладнымі звесткамі аб царкоўным служэнні, у цэнтры якога знаходзяцца пропаведзь пра Хрыста і пастырскі адказ на выклікі сучаснасці» (пункт 43 Пастаноў Сабора 2013 года). Працягваючы развіваць арганізацыйную і тэхнічную аснову медыйнай працы, неабходна засяродзіць асноўныя намаганні на змястоўным баку інфармацыйнай дзейнасці.

Выказваючы задавальненне якасным асвятленнем царкоўнай дабрачыннай дзейнасці, Сабор лічыць важным, каб інфармацыя і аб іншых формах служэння людзям, якое ажыццяўляецца ў епархіях і прыходах, атрымлівала распаўсюджанне як у адпаведных рэгіёнах, так і на агульнанацыянальным узроўні.

Усё большае распаўсюджванне атрымліваюць такія формы асабістых зносін і распаўсюджвання інфармацыі, як сацыяльныя сеткі і іншыя сродкі інтэрнэт-камунікацыі. Гэтыя інструменты і іх выкарыстанне для паведамлення людзям царкоўнай пропаведзі патрабуюць асаблівай увагі і падыходу, які, у прыватнасці, нярэдка прадугледжвае асабістыя зносіны з суразмоўцамі. Пастаўленая ранейшымі Саборамі задача забеспячэння змястоўнай місіі ў сацыяльных сетках (гл. пункт 44 Пастаноў Архіерэйскага Сабора 2013 года, пункт 20 Пастаноў Архіерэйскага Сабора 2016 года) усё яшчэ патрабуе выканання.

Сабор заклікае святароў і міран, якія дзейнічаюць у медыйнай прасторы, быць больш уважлівымі да сваіх слоў, праяўляць добразычлівасць і чуласць як у традыцыйных медыя, так і, асабліва, у сацыяльных сетках, асцерагацца як агрэсіўнай рыторыкі, так і фамільярнасці, накіроўваць свае намаганні на пераканаўчае сведчанне аб Хрысце.

18. Члены Сабора выказваюць падзяку Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу, пры няспыннай апецы якога ў царкоўным сацыяльным і дабрачынным служэнні ў апошнія гады адбыліся паспяховыя змены. Сабор дзякуе і ўсім царкоўным сацыяльным работнікам. Важна і ў далейшым захаваць высокі ўзровень агульнацаркоўнай, епархіяльнай, прыходскай і манастырскай дабрачыннасці.

Справы міласэрнасці, не падмяняючы сабой добрай долі (Лк. 10:42) малітоўнай працы хрысціяніна, павінны здзяйсняцца кожным, хто дбае пра сваё спасенне, верным, які жадае пачуць словы Госпада: прыйдзíце, благаславёныя Айца Майго, прымíце ў спа́дчыну Царства, угатава́нае вам ад стварэ́ння свету (Мф. 25:34).

Духоўная і рэлігійная адукацыя, багаслоўе

19. Задавальненне выклікаюць глыбокія змены ў сферы духоўнай адукацыі, якія адкрылі магчымасць для пераходу духоўных акадэмій і семінарый на якасна новы ўзровень.

Асвячоны Сабор падтрымлівае прапанаваны Свяцейшым Патрыярхам Кірылам пералік прыярытэтных задач у сферы духоўнай адукацыі. Да такіх адносяцца: завяршэнне пераходу семінарый на адзіны навучальны план бакалаўрыяту і развіццё магістарскіх праграм; стварэнне сістэмы дыстанцыйнай адукацыі; працяг працы па напісанню сучасных падручнікаў для семінарый; укараненне новага стандарту навучання рэгентаў. Паэтапны пераход да фарміравання выкладчыцкіх карпарацый ўсіх акадэмій і семінарый па штатна-акладнай сістэме, якая прадугледжвае разнастайнасць форм дзейнасці кожнага выкладчыка, закліканы забяспечыць якасна іншы ўзровень працы са студэнтамі. Гэтаму таксама будзе спрыяць развіццё прафесійных супольнасцяў выкладчыкаў акадэмій і семінарый. Нарэшце, Вучэбнаму камітэту належыць працягнуць працу па падтрыманню адзінства адукацыйнай прасторы Рускай Праваслаўнай Царквы.

Варта імкнуцца да паступовага атрымання духоўнымі навучальнымі ўстановамі дзяржаўнай акрэдытацыі ў тых краінах, дзе заканадаўства прадугледжвае такую магчымасць. Сабор ухваляе пераўтварэнне духоўных вучылішч у цэнтры, якія рыхтуюць царкоўных спецыялістаў у сферы катэхізацыі, сацыяльнай работы, місіі, моладзевай работы, са скарочанай багаслоўскай праграмай, якая адкрывае выпускнікам магчымасць атрымання рукапалажэння ў дыяканскі сан, пры адсутнасці для таго кананічных перашкод, або паступлення ў семінарыю, заканчэнне якой з'яўляецца умовай для іерэйскай хіратоніі.

Няўхільнага выканання патрабуюць зацверджаныя Свяшчэнным Сінодам дакументы, накіраваныя на забеспячэнне выканання раней устаноўленых Саборамі норм, якія тычацца адукацыйнага цэнзу і павышэння кваліфікацыі духавенства.

20. Заслухаўшы інфармацыю аб працы над Сучасным катэхізісам Рускай Праваслаўнай Царквы, распачатай па рашэнню Архіерэйскага Сабора 2008 года (Вызначэнне ад 27 чэрвеня 2008 года «Аб пытаннях унутранага жыцця і знешняй дзейнасці Рускай Праваслаўнай Царквы»), члены Сабора выказваюць падзяку Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі за шматгадовую працу, у якую былі ўцягнутыя вядучыя багасловы Рускай Праваслаўнай Царквы. З прычыны значнага аб'ёму падрыхтаванага матэрыялу Сабор ухваліў прапанову выдаць яго ў выглядзе трох самастойных дакументаў: 1) Асновы праваслаўнага веравучэння; 2) Асновы кананічнага ладу і літургічнага жыцця Праваслаўнай Царквы; 3) Асновы праваслаўнага маральнага вучэння. Выданне варта ажыццявіць ад імя Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіі пасля ўнясення ўсіх неабходных паправак.

21. Архіерэйскі Сабор высока ацэньвае палажэнні расійскага і ўкраінскага заканадаўства, якія прадстаўляюць магчымасць прысуджэння ў галіне тэалогіі вучоных ступеняў, якія прызнаюцца дзяржавай.

У гэтых спрыяльных умовах трэба кансалідаваць намаганні па развіццю багаслоўскай навукі, арганізуючы і каардынуючы даследчую дзейнасць у навучальных установах і навуковых цэнтрах Рускай Праваслаўнай Царквы. Варта таксама інтэнсіфікаваць узаемадзеянне з тэалагічнымі падраздзяленнямі свецкіх вышэйшых навучальных устаноў.

22. Сабор звяртае ўвагу на тое, што ўзаемадзеянне мітраполій, а дзе гэта магчыма — і епархій, са свецкімі вышэйшымі адукацыйнымі ўстановамі прадугледжвае актыўны дыялог з прафесарска-выкладчыцкімі карпарацыямі ВНУ.

23. Абмеркаваўшы асаблівасці дзейнасці нядзельных школ, навучання дзяцей асновам веры і далучэння іх да жыцця ў Богу, члены Сабора падтрымліваюць думку Вышэйшага Царкоўнага Савета аб неабходнасці пошуку такіх формаў гэтага навучання, якія будуць адпавядаць сучаснаму дзіцячаму ўспрыманню. Гэта меркаванне павінна быць улічана пры складанні сучасных навучальных матэрыялаў для нядзельных школ. Асобны падыход патрабуецца ў працы з падлеткамі.

Карысным з'яўляецца стварэнне епархіямі або прыходамі устаноў дашкольнай адукацыі (дзіцячых садоў) там, дзе гэта ў поўнай меры магчыма па мясцовых умовах з улікам патрабаванага кадравага і матэрыяльнага забеспячэння.

24. Асвячоны Сабор выказвае заклапочанасць тым, што базавыя тэалагічныя курсы для манскіх асоб Рускай Праваслаўнай Царквы яшчэ не арганізаваны на сістэматычнай аснове (гл. пункт 26 Пастаноў Архіерэйскага Сабора 2013 года). Сінадальнаму аддзелу па манастырах і манаству трэба ў самыя кароткія тэрміны распачаць крокі па выпраўленню сітуацыі.

Царква, дзяржава і грамадства

25. Выклікае задавальненне высокі ўзровень царкоўна-дзяржаўнага ўзаемадзеяння ў большасці краін, якія знаходзяцца ў межах кананічнай тэрыторыі Рускай Праваслаўнай Царквы. Сабор лічыць важным падтрыманне або ўсталяванне ва ўсіх гэтых краінах паўнавартаснага грамадскага дыялогу з удзелам рэлігійных арганізацый Рускай Праваслаўнай Царквы, накіраванага на дасягненне міру, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі і народамі.

26. Члены Сабора адзначаюць выніковасць дыялогу дзяржавы і традыцыйных рэлігій Расіі і іх сумесных намаганняў, накіраваных на рашэнне пытанняў аб уключэнні рэлігійных адукацыйных устаноў у сістэму адукацыі ў статусе вышэйшых навучальных устаноў, ажыццяўленне рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і архітэктуры, якія знаходзяцца ва ўласнасці рэлігійных абшчын, абароны правоў, пачуццяў і інтарэсаў вернікаў ад любых замахаў.

Сабор станоўча ацэньвае работу па арганізацыі ў Расійскай Федэрацыі штатнага служэння духавенства ў воінскіх падраздзяленнях, а таксама ў сістэме выканання пакаранняў.

Станоўча ацэньваючы намаганні ўладаў Расійскай Федэрацыі ў сферы абароны мацярынства і дзяцінства, Асвячоны Сабор выказвае занепакоенасць тым, што пазіцыя Царквы, накіраваная на прадухіленне і прафілактыку абортаў, вывядзенне іх з сістэмы абавязковага медыцынскага страхавання не знаходзіць поўнага паразумення ў органах улады, да кампетэнцыі якіх адносіцца прыняцце адпаведных рашэнняў. Далейшае абмеркаванне Царквой і дзяржавай грамадска значных заканадаўчых ініцыятыў, накіраваных на рашэнне пытання абортаў, мае прынцыповае значэнне і валодае вялікім патэнцыялам у справе ўмацавання інстытута сям'і, грамадскай маральнасці і дзяржавы ў цэлым.

27. Асвячоны Сабор выказвае глыбокую заклапочанасць фактамі захопаў храмаў Украінскай Праваслаўнай Царквы, а таксама спробамі яе заканадаўчай і адміністрацыйнай дыскрымінацыі. Сабор заклікае царкоўную паўнату да шчырай малітвы аб народзе Украіны і духоўным умацаванні усіх верных дзяцей кананічнай Праваслаўнай Царквы Украіны.

Архіерэйскі Сабор заклікае сусветную грамадскасць садзейнічаць аднаўленню трывалага і справядлівага міру на зямлі Украіны. Сабор ухваляе намаганні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя па вызваленню ваеннапалонных і заклікае да малітвы аб вызваленні палонных.

Сабор выказвае падзяку Блажэннейшаму мітрапаліту Кіеўскаму і ўсяе Украіны Ануфрыю, епіскапату, духавенству і вернікам Украінскай Праваслаўнай Царквы за працу па аднаўленню грамадскага адзінства ў краіне, пераадолення цяжкіх наступстваў братазабойчай варожасці, а таксама за міратворчыя намаганні і дабрачынную дапамогу мірнаму насельніцтву на тэрыторыі рэгіёнаў, якія пацярпелі ад узброенага канфлікту.

28. Архіерэйскі Сабор з задавальненнем адзначае нязменна высокі ўзровень царкоўна-дзяржаўнага ўзаемадзеяння ў Беларусі, Азербайджане, Таджыкістане і Узбекістане, а таксама станоўчыя змены, якія адбыліся ў гэтай сферы з часу Архіерэйскага Сабора 2013 года ў Кыргызскай Рэспубліцы, і ў Туркменістане.

29. Сабор падзяляе асцярогі праваслаўных вернікаў Малдовы тэндэнцыяй развіцця і пашырэння сферы прымянення асобных палажэнняў прынятага ў 2012 годзе закона «Аб забеспячэнні роўнасці». Члены Сабора заклікаюць улады Малдовы прыслухацца да абгрунтаванай пазіцыі Праваслаўнай Царквы Малдовы і думкі значнай часткі грамадства ў гэтым пытанні і распачаць усе магчымыя намаганні для адмены або перагляду палажэнняў гэтага нарматыўна-прававога акта. Выклікае занепакоенасць ўзмоцненай тэндэнцыяй навязвання малдаўскаму грамадству ідэй і звычаяў, чужых традыцыйна праваслаўнаму светаўспрыманню народа Малдовы.

30. Члены Сабора выказваюць надзею на далейшае плённае супрацоўніцтва Царквы і дзяржавы ў Рэспубліцы Казахстан.

31. Канстатуючы ў цэлым добразычлівыя царкоўна-дзяржаўныя адносіны ў Латвіі, Літве і Эстоніі, члены Архіерэйскага Сабора выказваюць асцярогі ў сувязі са спробамі заканадаўцаў Латвіі і Эстоніі перагледзець традыцыйныя каштоўнасці, у тым ліку ў сферы сям'і і маральнасці.

32. Члены Асвячонага Сабора з падзякай Госпаду адзначаюць устойлівае развіццё Японскай Аўтаномнай Праваслаўнай Царквы і яе поспехі ў працягу працы святога роўнаапостальнага Мікалая Японскага.

33. Асвячоны Сабор падкрэслівае, што разнастайнасць моў, культур і традыцый народаў у краінах кананічнага прысутнасці Рускай Царквы заўсёды служыла іх узаемнаму культурнаму і духоўнаму ўзбагачэнню. Царква заклікае дзяржаўныя ўлады розных краін на аснове назапашанага за стагоддзі вопыту гарманізацыі міжнацыянальных і міжрэлігійных адносін разам выступаць супраць негатыўных тэндэнцый, здольных выклікаць раздзяленні і пасеяць варожасць паміж народамі.

Прынятыя ў многіх дзяржавах заканадаўчыя ініцыятывы, накіраваныя на пашырэнне магчымасці выкладання асноў і гісторыі рэлігійных традыцый у свецкіх навучальных установах, здольныя станоўча паўплываць на грамадскае жыццё і стаць адным з вырашальных фактараў у прадухіленні рэлігійнага радыкалізму і экстрэмізму.

34. Члены Сабора пацвярджаюць актуальнасць выказанай Архіерэйскім Саборам 2013 года пазіцыі Царквы па пытаннях электроннай ідэнтыфікацыі асобы, уліку і апрацоўкі персанальных дадзеных. Сабор заклікае ўлады прытрымлівацца прынцыпу добраахвотнасці пры прысваенні любых ідэнтыфікатараў, які прадугледжвае магчымасць выбару традыцыйных метадаў засведчання асобы, і не дапускаць паражэння ў правах тых, хто адмаўляецца ад выкарыстання адпаведных электронных сродкаў.

35. Сабор лічыць своечасовай дыскусію аб адносінах да мастацтва, арганізаваную ў рамках працы Міжсаборнай Прысутнасці. Прымаючы пад увагу, што прырода творчасці прадугледжвае, у тым ліку свабоду ўспрымання мастацкага твора, і вітаючы творчасць, выкліканую рэлігійнай тэматыкай, Архіерэйскі Сабор разам з тым падкрэслівае: тое, што святое для многіх людзей, не павінна станавіцца аб'ектам для насмешак і правакацый.

Члены Архіерэйскага Сабора запрашаюць дзеячаў культуры да адкрытага і ўзаемапаважлівага дыялогу з прадстаўнікамі Царквы.

36. Архіерэйскі Сабор ухваляе меры, прынятыя Свяшчэнным Сінодам, па забеспячэнню захаванасці помнікаў архітэктуры і твораў царкоўнага мастацтва, якія знаходзяцца ў карыстанні або ўласнасці Царквы. Архіерэям, настаяцелям, ігуменам і ігуменням варта памятаць аб адказнасці, якія яны нясуць за такія помнікі як перад дзяржавай, так і перад Царквой. Таксама ўхваляюцца рашэнні Свяшчэннага Сінода, накіраваныя на забеспячэнне якасці храмабудаўніцтва.

Знешнія царкоўныя сувязі

37. Архіерэйскі Сабор ухваляе знешнюю дзейнасць Рускай Праваслаўнай Царквы, якая ажыццяўляецца Свяцейшым Патрыярхам і Свяшчэнным Сінодам пры садзейнічанні Сінадальнага аддзела знешніх царкоўных сувязяў і накіраваную, перш за ўсё, на ўмацаванне адзінства Святой Царквы, развіццё брацкіх адносін з Памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі, а таксама сумесную з іншымі хрысціянскімі канфесіямі абарону каштоўнасцяў хрысціянскай маральнасці і барацьбу з сацыяльна небяспечнымі заганамі, процідзеянне дыскрымінацыі і пераследу хрысціян, дыялог з прадстаўнікамі іншых рэлігійных традыцый, які спрыяе супрацьдзеянню экстрэмізму, тэрарызму, дыфамацыі рэлігіі, ксенафобіі і іншым сацыяльна небяспечным заганам, праявам нецярпімасці, абароне святынь і месцаў рэлігійнага пакланення, падтрыманні міру і згоды ў грамадстве.

38. Архіерэйскі Сабор ухваляе ацэнку прайшоўшага на востраве Крыт 18-26 чэрвеня 2016 года Сабора Прадстаяцеляў і іерархаў дзесяці Памесных Праваслаўных Цэркваў, якая змяшчаецца ў вызначэнні Свяшчэннага Сінода ад 15 ліпеня 2016 года (журнал № 48). Гэты Сабор не можа разглядацца як Усеправаслаўны, а прынятыя на ім рашэнні — як абавязковыя для ўсёй праваслаўнай паўнаты, паколькі ў адсутнасці згоды шэрагу Памесных аўтакефальных Цэркваў на правядзенне Сабора ў раней узгодненыя тэрміны быў парушаны прынцып кансэнсусу. Разам з тым варта прызнаць Сабор на Крыце значнай падзеяй у гісторыі Праваслаўнай Царквы.

39. Аналіз дакументаў Крыцкага Сабора, праведзены па даручэнні Свяшчэннага Сінода Сінадальнай біблейска-багаслоўскай камісіяй, паказаў, што некаторыя з іх змяшчаюць няпэўныя і неадназначныя фармулёўкі, што не дазваляе лічыць іх узорнымі выразжэннямі ісцін праваслаўнай веры і Падання Царквы. Асабліва гэта адносіцца да дакумента «Адносіны Праваслаўнай Царквы з астатнім хрысціянскім светам», які не быў падпісаны 2/3 членаў дэлегацыі Сербскай Праваслаўнай Царквы, а таксама асобнымі архіпастырамі шэрагу іншых Памесных Цэркваў, якія прымалі ўдзел у працы Сабора на Крыце, што сведчыць аб значнай разнадумнасці ў дачыненні да гэтага дакумента нават сярод удзельнікаў Крыцкага Сабора.

40. Члены Сабора канстатуюць неадназначнае стаўленне да праведзенага на Крыце Сабора ў сям'і Памесных Праваслаўных Цэркваў, адзначаючы, у тым ліку, каментарыі Свяшчэнных Сінодаў Антыяхійскага (ад 27 чэрвеня 2016 года), Балгарскага (ад 15 лістапада 2016 года) і Грузінскага (ад 22 снежня 2016 года) Патрыярхатаў, якія выказваюць крытычнае стаўленне да Крыцкага Сабора. Са змястоўнымі заўвагамі ў дачыненні да дакументаў Крыцкага Сабора і парадку прыняцця рашэнняў на ім выступалі таксама іерархі шэрагу іншых Памесных Цэркваў, Святы Кінот і манастыры Святой гары Афон.

41. Асвячоны Сабор выказвае ўпэўненасць у тым, што захаванне і ўмацаванне адзінства Святой Праваслаўнай Царквы, незалежна ад стаўлення да праведзенага на Крыце Сабору, з'яўляецца агульнай задачай усіх Памесных аўтакефальных Цэркваў, як тых, што ўдзельнічалі ў працы Сабора на Крыце, так і тых, хто ўстрымаўся ад удзелу ў ім. У сувязі з гэтым асаблівую важнасць набывае ўмацаванне міжправаслаўнага ўзаемадзеяння.

42. Прызнаючы гістарычны характар прайшоўшай у Гаване сустрэчы Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і Папы Рымскага Францыска, Архіерэйскі Сабор адзначае яе важнасць у справе аб'яднання намаганняў па абароне хрысціян, якія зазнаюць пераслед на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы. Гэтая праца адпавядае прызыву Архіерэйскага Сабора 2016 года «зрабіць усё магчымае, каб генацыд, развязаны супраць хрысціян экстрэмістамі... спыніўся», а «2016 год стаў годам асаблівых намаганняў, якія прымаюцца ў гэтым кірунку» (гл. пункт 9 Пастаноў Архіерэйскага Сабора 2016 года). Сумесная заява Патрыярха Кірыла і Папы Францыска ўнесла свой уклад у дасягненне перамір'я на зямлі Сірыі і тым самым дапамагла выратаваць тысячы жыццяў. Сабор выказвае задавальненне ў сувязі з тым, што прагучаўшы з Гаваны заклік да міжнароднай супольнасці распачаць намаганні ў абарону блізкаўсходніх хрысціян быў пачуты ў шырокіх грамадскіх і палітычных колах.

43. Сабор адзначае важнасць палажэнняў Гаванскай дэкларацыі, якія тычацца канфлікту на зямлі Украіны, што працягваецца, і актуальнасць змяшчанага ў ёй прызыву, звернутага да ўсіх грамадскіх сіл Украіны, «працаваць для дасягнення грамадскай згоды, устрымлівацца ад удзелу ў проціборстве і не падтрымліваць далейшае развіццё канфлікту». Члены Архіерэйскага Сабора выказваюць надзею на тое, што гэты заклік будзе пачуты ўсімі бакамі грамадзянскага супрацьстаяння на зямлі Украіны.

44. Архіерэйскі Сабор прызнае асаблівую важнасць палажэнняў Сумеснай заявы аб тым, што унія не з'яўляецца сродкам для дасягнення адзінства паміж Цэрквамі і што ў праваслаўна-каталіцкіх адносінах недапушчальны празелітызм у любых яго праявах. Члены Сабора, выказваючы надзею на практычнае ажыццяўленне гэтай заявы, адначасова сведчаць аб агрэсіўных дзеяннях грэка-католікаў, якія працягваюцца, у адносінах да праваслаўных.

45. Асвячоны Сабор высока ацэньвае дасягнутую ў Гаване дамоўленасць аб прынясенні ў Расію мошчаў свяціцеля Мікалая, архіепіскапа Мірлікійскага, якія спачываюць у Бары. Знаходжанне святых мошчаў у Маскве і Санкт-Пецярбургу ў маі-ліпені 2017 года стала падзеяй велізарнага духоўнага значэння для вернікаў Рускай Праваслаўнай Царквы.

***

46. Члены Асвячонага Архіерэйскага Сабора, сабраўшыся ў Маскве з 29 лістапада па 2 снежня 2017 года, дзякуюць Богу за падараваную радасць зносін і сведчаць аб адзінстве Рускай Праваслаўнай Царквы, заклікаюць усіх вернікаў да захавання міру ў Хрысце, браталюбства і памнажэння працы ў славу імя Гасподняга.

Патрыярхія.ru / Church.by