Старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы наведаў міжнародную выставу «Францыск Скарына і яго эпоха»

15 верасня 2017

top.jpg

14 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы ўрачыста адкрылася міжнародная выстава «Францыск Скарына і яго эпоха», арганізатарамі якой сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. У цырымоніі адкрыцця выставы па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прыняў удзел епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі Павел, старшыня Выдавецкага савета Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Адкрыццё выставы пачалося з урачыстай цырымоніі ўскладання кветак да помніка Скарыну з удзелам Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла Мясніковіча, Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Барыса Святлова і дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Рамана Матульскага.

Акцёр Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Дзяніс Паршын ажывіў на сцэне вобраз першадрукара.

Прывітальныя словы прагучалі ад Рамана Матульскага і ганаровых гасцей — Барыса Святлова, Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Петэра Дэтмара і Уладзіміра Гняздзілава, выконваючага абавязкі генеральнага дырэктара Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі.

Сімвалічную чырвоную стужку ля ўваходу на выставу ўрачыста перарэзалі Міхаіл Мясніковіч, Барыс Святлоў і Раман Матульскі.

Асаблівую атмасферу святочнаму мерапрыемству надалі выступленні ансамбля скрыпачоў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, капэлы беларускіх духавых інструментаў «Гуды» і танцавальнага калектыву Дзмітрыя Залескага.

Выдавецкі савет БПЦ / Church.by