Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы прынялі ўдзел у круглым стале «Шлях свяціцеля Мікалая Японскага: ад бярозы да сакуры»

30 студзеня 2017

top.jpg

У рамках XXIII Міжнародных Калядных чытанняў, 26 студзеня 2017 года ў канферэнц-зале Міжнароднай акадэміі бізнесу і кіравання Расійскай Федэрацыі прайшоў круглы стол на тэму «Шлях свяціцеля Мікалая: ад бярозы да сакуры». Мерапрыемства стала падвядзеннем вынікаў святкавання ў 2016 годзе 180-годдзя роўнаапостальнага Мікалая Японскага.

У працы круглага стала прынялі ўдзел святары, навукоўцы-японазнаўцы, дыпламаты, прадстаўнікі бізнесу, асацыяцыі гідаў-перакладчыкаў і многія іншыя спецыялісты ў галіне расійска-японскіх міжнародных адносін.

Ад Беларускай Праваслаўнай Царквы на мерапрыемстве прысутнічалі: протаіерэй Павел Сярдзюк, старшыня Сінадальнай камісіі па пытаннях сям'і, абароны мацярынства і дзяцінства, настаяцель храма свяціцеля Мікалая Японскага ў горадзе Мінску, і іерэй Дзімітрый Ворса, намеснік старшыні Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі, настаяцель храма свяшчэннамучаніка Уладзіміра Хіраска ў горадзе Мінску.

Узначаліў пасяджэнне круглага стала епіскап Усурыйскі Інакенцій.

Круглы стол аб'яднаў краіны, звязаныя з імем свяціцеля Мікалая Японскага і зацікаўленыя ў папулярызацыі яго імя і яго ідэй. Гэта Расія, Рэспубліка Беларусь, Вялікабрытанія, Кітай, Японія і іншыя.

З дакладамі выступілі рэктар Мікола-Уграшскай духоўнай семінарыі ігумен Іаан (Рубін), настаяцель храма свяціцеля Мікалая Японскага ў горадзе Мінску протаіерэй Павел Сярдзюк, загадчыца кафедры японскай філалогіі Інстытута краін Азіі і Афрыкі пры МДУ, дацэнт С. А. Быкава, старшыня Асацыяцыі японазнаўцаў К. А. Саркісаў.

Свой паўвекавы місіянерскі подзвіг (1861 — 1912) архіепіскап Мікалай, якога называюць апосталам і асветнікам Японіі, завяршыў 3 (16) лютага 1912 года, пакінуўшы пасля сябе 33 017 праваслаўных хрысціян, 266 царкоўных абшчын, 43 святара, 116 прапаведнікаў, 14 настаўнікаў царкоўных спеваў і псаломшчыкаў.

Church.by