Прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы прынялі ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды Смаленскай іконы Божай Маці

11 жніўня 2019

top.jpg

9-10 жніўня 2019 года ў Смаленску прайшлі ўрачыстасці з нагоды свята Смаленскай іконы Божай Маці, іменаванай «Адзігітрыя».

У чараду святочных богаслужэнняў увайшлі: малая вячэрня з чытаннем акафіста ў гонар Смаленскай іконы Божай Маці «Адзігітрыя», усяночнае трыванне; па традыцыі ў дзень свята ва Успенскім кафедральным саборы, дзе знаходзіцца цудатворны Смаленскі абраз Багародзіцы, здзяйснялася тры Бажэственныя літургіі — апоўначы, у 7.00 і ў 10.00.

Богаслужэнні разам з мітрапалітам Смаленскім і Дарагабужскім Ісідарам здзейснілі: мітрапаліт Талінскі і ўсяе Эстоніі Яўгеній, мітрапаліт Цярнопальскі і Крамянецкі Сергій, мітрапаліт Бранскі і Сеўскі Аляксандр, мітрапаліт Барыспальскі і Браварскі Антоній, архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый, епіскап Выбаргскі і Прыазёрскі Ігнацій, епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, епіскап Вяземскі і Гагарынскі Сергій, епіскап Істрынскі Серафім, епіскап Рослаўскі і Дзеснагорскі Мялецій, епіскап Ахтубінскі і Енатаеўскі Антоній.

За позняй Літургіяй іерархам саслужылі клірыкі Смаленскай мітраполіі і госці ў свяшчэнным сане, якія прыбылі на свята. Спяваў архіерэйскі хор Успенскага сабора (рэгент — Вольга Новікава). Богаслужэнне трансліравалася ў прамым эфіры на тэлеканале «Саюз».

У саборы прысутнічалі: старшыня Смаленскай абласной Думы І. В. Ляхаў, галоўны федэральны інспектар па Смаленскай вобласці апарата паўнамоцнага прадстаўніка прэзідэнта РФ у Цэнтральнай федэральнай акрузе Ю. Э. Стралецкі, супрацоўнікі апарата адміністрацыі Смаленскай вобласці і горада Смаленска, прадстаўнікі Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі: кіраўнік апарата Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы А. С. Альшэўскі, сустаршыня Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы з боку Рэспублікі Беларусь М. І. Чаргінец, член Прэзідыума Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы, скульптар, народны мастак РФ, акадэмік Расійскай акадэміі Мастацтваў С. А. Шчарбакоў.

За Літургіяй маліліся студэнты смаленскіх духоўных школ, ігуменні і насельніцы манастыроў Смаленскай мітраполіі, удзельнікі XVII Міжнароднага хрэснага ходу з Віцебска «Наш агульны шлях — Адзігітрыя», сёстры міласэрнасці Смаленскага сястрыцтва ў гонар абраза Божай Маці «Адзігітрыя», смаляне і паломнікі.

Дапамогу ў саборы аказвалі валанцёры з епархіяльнага моладзевага аб'яднання «Праваслаўныя добраахвотнікі Смаленшчыны». Правапарадак падчас урачыстасцяў падтрымлівалі казакі Смаленскага гарадскога казацкага таварыства.

За богаслужэннем былі ўзнесены малітвы аб еднасці Праваслаўнай Царквы і захаванні яе ад падзелаў і расколаў, спыненні міжусобнага процістаяння на Украіне.

Па заканчэнні Літургіі вакол сабора быў здзейснены хрэсны ход з цудатворным Смаленскім абразом, затым на плошчы адбыўся святочны малебен.

З амвона кафедральнага храма іерархі павіншавалі вернікаў са святам.

Старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі епіскап Істрынскі Серафім агучыў Патрыяршае прывітанне ўдзельнікам урачыстасцяў.

Мітрапаліт Цярнопальскі Сергій паднёс у дар кафедральнаму сабору благаславенне Украінскай зямлі і Успенскай Пачаеўскай лаўры — ікону прападобнага Іава Пачаеўскага.

Са святам удзельнікаў богаслужэння павіншаваў А. С. Альшэўскі. Ён таксама зачытаў прывітальны адрас сустаршыні Грамадскай палаты Саюзнай дзяржавы, дэпутата Дзяржаўнай Думы ФС РФ Ю. М. Мішчаракова.

У рамках урачыстасцяў на саборным узгорку Смаленска адбыліся IV Міжнародны фестываль перазвону «Адзігітрыеўскі», канцэрт праваслаўнай аўтарскай песні, падрыхтаваны ўдзельнікамі XVII Міжнароднага хрэснага ходу з Віцебска «Наш агульны шлях — Адзігітрыя», тэатралізаванае прадстаўленне «Ты — наш малітоўны пакроў», музычнае выступленне артыстаў Смаленскай абласной філармоніі імя М. І. Глінкі і іншых творчых калектываў горада. Таксама былі арганізаваны майстар-класы для дзяцей і дарослых па розных відах народнай творчасці: ткацтву, ганчарнаму рамяству, роспісу гліняных цацак, вырабе народных лялек; выстава-кірмаш дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Горад майстроў»; працавала палявая кухня.

Патрыярхія.ru / Church.by