Прадстаяцель Праваслаўнай Царквы Чэшскіх Зямель і Славакіі выказаў сваю пазіцыю адносна падзей на Украіне

12 кастрычніка 2018

top.jpg

11 кастрычніка 2018 года ў пасланні Свяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу Блажэннейшы Мітрапаліт Чэшскіх Зямель і Славакіі Расціслаў запэўніў яго ў нязменнасці сваёй пазіцыі адносна грубага ўмяшання дзяржаўнай улады ва ўнутранае жыццё Царквы,  якое адбываецца на Украіне. Тэкст паслання прыводзіцца ніжэй.

Ваша Свяцейшасць, улюбёны ў Госпадзе сабрат і саслужыцель!

Сардэчна вітаю Вас з пажаданнем моцы і сіл у гэты няпросты для Рускай Праваслаўнай Царквы і ўсяго сусветнага Праваслаўя час.

У адказ на Ваш ліст ад 1 кастрычніка 2018 г. хачу запэўніць Вас, Ваша Свяцейшасць, у сваёй нязменнай пазіцыі адносна грубага ўмяшання дзяржаўнай улады ва ўнутранае жыццё Царквы, якое адбываецца на Украіне, пра што Сінод нашай Памеснай Царквы ясна выказаўся на сваім апошнім пасяджэнні 12 чэрвеня 2018 года.

Сусветнае Праваслаўе прызнае адзінага кананічнага Прадстаяцеля Украінскай Праваслаўнай Царквы — мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя. Гэты факт ад імя ўсіх прысутных неаднаразова згадаў і пацвердзіў Свяцейшы Прадстаяцель вялікай Хрыстовай Царквы Канстанцінопаля Усяленскі Патрыярх Варфаламей на Сінаксісе прадстаяцеляў Памесных Праваслаўных Цэркваў, які адбываўся ў Шамбезі (Швейцарыя) з 21 па 27 студзеня 2016 года. Таму любая спроба легалізаваць ўкраінскіх раскольнікаў з боку дзяржаўнай улады павінна быць рашуча асуджана ўсімі Прадстаяцелямі Памесных Праваслаўных Цэркваў.

З брацкай Украінай нас звязвае не толькі блізасць граніц, але і крэўнае сваяцтва жыхароў Падкарпацкай Русі, і для нас болем у сэрцы адклікаецца смутак нашых не толькі адзінаверных, але і адзінакроўных украінскіх братоў.

Паколькі Праваслаўная Царква грунтуецца на прынцыпе саборнасці, мы цвёрда перакананыя, што любыя канфліктныя сітуацыі і спрэчныя пытанні, якія пагражаюць адзінству Праваслаўя, будуць вырашаны саборна, у строгай адпаведнасці з агульнапрынятымі царкоўнымі традыцыямі і святымі канонамі.

З брацкай любоўю ў Госпадзе

+ Расціслаў,
Архіепіскап Прэшаўскі,
Мітрапаліт Чэшскіх Зямель і Славакіі

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by