Пры рэстаўрацыі царквы ў Ноўгарадзе знойдзены мошчы прападобнай Харыціны Літоўскай, якая шануецца ў Беларусі
31 кастрычніка 2024У Вялікім Ноўгарадзе падчас археалагічных работ у царкве апосталаў Пятра і Паўла на Сінічай гары (Пятроўскія могілкі) былі знойдзены мошчы прападобнай Харыціны, князёўны Літоўскай, якая падвізалася на гэтых землях у XIII стагоддзі, паведамляе прэс-служба Наўгародскай епархіі.
З жыція святой Харыціны вядома, што «святая князёўна ігумення скончыла подзвігі свае ў 1281 годзе кастрычніка 5 дня, а мошчы яе спачываюць пад спудом ў храме апосталаў Пятра і Паўла», які стаў пасля могілкавым. Пра знаходку распавёў журналістам Мітрапаліт Наўгародскі і Старарускі Леў падчас асвячэння новага купальнага крыжа для Петрапаўлаўскай царквы. Па словах Мітрапаліта Льва, пошук мошчаў святой быў доўгім і складаным: «мы доўгі час займаліся пошукам мошчаў святой Харыціны. Археолагі спачатку пачалі пошукі ў адным месцы з паўднёвага боку, але ёсць гістарычныя звесткі, што яна перапахавана ў паўночна-заходнім баку храма. Яна была пахавана ў калодзе, якая сатлела. Покрыва, якім яна была накрыта, было вышыта залатымі і срэбнымі ніткамі. Гэта было вызначана па рэштках і нітках, выяўленых у вобласці лобнай косткі. Яна была ігуменняй манастыра, а манахам пры пахаванні пакрываюць твар покрывам».
Хоць месца пахавання святой было вядома, на працягу многіх гадоў пошук мошчаў быў немагчымы, паколькі царква святых Пятра і Паўла, пабудаваная ў XII стагоддзі, знаходзілася ў аварыйным стане. У 2019 годзе яна была перададзена ў аператыўнае кіраванне Наўгародскаму музею-запаведніку, а ў 2024 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя работы. Петрапаўлаўская царква - адзін з нямногіх помнікаў дамангольскай Наўгародскай архітэктуры, які захаваўся да нашага часу. Яго ўнікальную будаўнічую тэхніку даследчыкі звязваюць з традыцыяй полацкіх майстроў. У 1992 годзе царква Пятра і Паўла на Сінічай гары ўключылі ў спіс ЮНЕСКА. Да цяперашняга часу значная частка аднаўленчых работ ужо выканана: умацаваны падмуркі, адноўлены фасад і адрэстаўраваны дахі.
Святая паходзіла з княжацкага роду, нарадзілася ў Літве. З-за смут, якія адбываліся там, яна пакінула родныя для сябе месцы і разам з іншымі знатнымі літоўцамі перабралася на поўнач Русі. З юных гадоў Харыціна хацела прысвяціць сябе служэнню Богу, а таму ўжо на Русі прыняла манаства ў Наўгародскім Петрапаўлаўскім жаночым манастыры на Сінічай гары, дзе пасля стала ігуменняй. У сваім манаскім подзвігу святая Харыціна адрознівалася пакорай, чысцінёй і строгасцю ўстрымання. Цяпер мошчы святой захоўваюцца ў Спаскім саборы Свята-Юр'ева манастыра ў Вялікім Ноўгарадзе, а царква Пятра і Паўла стане важным помнікам і месцам малітвы для вернікаў. Прападобная Харыціна некаторы час знаходзілася ў спісе Сабора Беларускіх святых.
Church.by/ vn-eparhia.ru /monasteri.cerkov.ru
Чытайце нас у мэсэнджэрах Telegram і Viber,