Пры ўдзеле Кіраўнікоў і гасцей Памесных Праваслаўных Цэркваў адбылося заключнае пасяджэнне Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы

03 снежня 2017

top.jpg

2 снежня 2017 года ў Зале царкоўных сабораў Храма Хрыста Спасіцеля ў Маскве адбылося ўрачыстае заключнае пасяджэнне Асвячонага Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы.

У пасяджэнні, якое прайшло пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, прынялі ўдзел Прадстаяцелі і прадстаўнікі Памесных Праваслаўных Цэркваў, якія прыбылі ў Маскву на ўрачыстасці, прысвечаныя 100-годдзю аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Царкве.

У прэзідыуме прысутнічалі: Блажэннейшы Папа і Патрыярх Александрыйскі Фёдар II, Блажэннейшы Патрыярх Антыяхіі Іаан X, Блажэннейшы Патрыярх Іерусалімскі Феофіл ІІІ, Свяцейшы Патрыярх Сербскі Ірыней, Блажэннейшы Патрыярх Румынскі Данііл, Блажэннейшы Архіепіскап Кіпрскі Хрызастом II, Блажэннейшы Архіепіскап Тыранскі і ўсёй Албаніі Анастасій, Блажэннейшы Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава, Блажэннейшы Мітрапаліт Чэшскіх зямель і Славакіі Расціслаў, Блажэннейшы Мітрапаліт усёй Амерыкі і Канады Ціхан, кіраўнік дэлегацыі Грузінскай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Ахалцыхскі і Тао-Кларжэцкі Фёдар, кіраўнік дэлегацыі Балгарскай Праваслаўнай Царквы мітрапаліт Ловецкі Гаўрыіл, Блажэннейшы мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый, мітрапаліт Такійскі і ўсёй Японіі Данііл.

У Зале царкоўных сабораў, акрамя удзельнікаў Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы і членаў дэлегацый Памесных Праваслаўных Цэркваў, сабраліся прадстаўнікі маскоўскага духавенства. Пасяджэнне транслявалася ў прамым эфіры тэлеканала «Саюз».

Звярнуўшыся да прысутных, Свяцейшы Патрыярх Кірыл падкрэсліў, што апошняе пасяджэнне Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы носіць ўрачысты характар і прысвячаецца гістарычнай падзеі — 100-годдзю аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве. «Гэта падзея адбылася, можа быць, у самы цяжкі момант нашай нацыянальнай гісторыі, калі здарыўся рэвалюцыйны злом усяго жыцця, калі вельмі шмат сіл, знешніх і ўнутраных, паўстала на Царкву Божую, і на Царкву ўжо абрынуліся крывавыя ганенні, ― нагадаў Яго Свяцейшаства. ― Першыя ахвяры сярод святароў, пачатак якім паклала мучаніцкая смерць протаіерэя Іаана Качурава у Царскім Сяле, былі здзейснены да абрання Свяцейшага Патрыярха Ціхана. Таму Свяцейшы ў поўнай меры разумеў, які лёс чакае яго, калі пачуў вестку аб абранні яго на Патрыяршы прастол. І мы ведаем, што прадчуванні Свяцейшага, на жаль, спраўдзіліся. Усе яго нядоўгія сем гадоў служэння на Патрыяршай кафедры былі гадамі вызнаўства. Не толькі таму, што кожны дзень ён рызыкаваў жыццём, не толькі таму, што ён пазбаўляўся волі, але таму, што ён штодня атрымліваў сведчанні аб зверствах, здзейсненых над іерархамі і клірам Рускай Праваслаўнай Царквы, аб ахвярах сярод нашых вернікаў. Ён атрымліваў сведчанні аб разбурэнні храмаў і манастыроў, аб разбурэнні тысячагадовай праваслаўнай традыцыі нашага народа. Ён атрымліваў звесткі аб тым, як ўлада, змагаючыся з Царквой, не толькі наносіла ёй удары звонку, але і спрабавала знутры разбурыць адзінства, інспіруючы царкоўны раскол».

Як адзначыў Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы, Патрыярх Ціхан не дажыў да таго часу, калі Царква набыла хоць бы адносную магчымасць адкрыта здзяйсняць сваё служэнне. «Ён не ўбачыў і славу нашай Царквы, і духоўнае адраджэнне нашага народа, але мы ведаем, што з нябёсаў свяціцель Ціхан бачыць усё, і, будучы праслаўлены ў ліку святых, моліцца за нашу Царкву і за ўвесь наш народ», ― падкрэсліў Яго Свяцейшаства.

Свяцейшы Уладыка сардэчна падзякаваў Прадстаяцелям Памесных Праваслаўных Цэркваў і прадстаўнікам тых Цэркваў, Кіраўнікі якіх па аб'ектыўных прычынах не змаглі прыбыць у Маскву, за ўдзел у Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы і ў юбілейных урачыстасцях. «Мы ўспрымаем, дарагія браты, ваш прыезд як праяву братэрскай любві, вашай салідарнасці з усім доўгім і трагічным шляхам, якім Руская Царква прайшла ў ХХ стагоддзі, ― сказаў Свяцейшы Патрыярх Кірыл. ― Мы прымаем вас з асаблівай любоўю і павагай, з усведамленнем таго, што і Цэрквы, якія вы ўзначальваеце або прадстаўляеце, на працягу гісторыі праходзілі праз цяжкія абставіны. А некаторыя з Цэркваў, прадстаўленыя тут Кіраўнікамі, і цяпер праходзяць праз вельмі цяжкія выпрабаванні, звязаныя з ахвярамі, са стратай членаў Царквы. Мы молімся, каб Гасподзь захаваў усе нашы Цэрквы ў адзінстве, каб, нягледзячы на знешнія, часам вельмі складаныя, супярэчлівыя абставіны, уся паўната Царквы захоўвала ўсведамленне неабходнасці ахоўваць як зрэнку вока царкоўнае адзінства. У адзінстве наша сіла, праз адзінства мы праяўляем салідарнасць з усімі, хто пакутуе, у адзіным Целе Царквы Хрыстовай».

Накіраванае ў адрас Прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы прывітанне Свяцейшага Патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея зачытаў старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

Звярнуўшы словы падзякі да Свяцейшага Патрыярха Кірыла за запрашэнне ў Маскву на мерапрыемствы з нагоды 100-гадовай гадавіны склікання Памеснага Сабора, які, сярод іншага, аднавіў у Рускай Царкве Патрыяршаства, двума стагоддзямі раней скасаванае дзяржавай, Галава Канстанцінопальскай Царквы выказаў шкадаванне ў сувязі з тым, што не можа прыбыць на ўрачыстасці. «Але гэта, зрэшты, не азначае, што Маці Канстанцінопальская Царква перастане калі-небудзь маліцца аб добрым стане і паспяховасці па Богу вашай Свяцейшай Царквы пад кіраўніцтвам яе Патрыярха, зараз Вашага дарагога Блажэнства, якому мы жадаем доўгага і ва ўсім благаславёнага Першасвяціцельскага служэння. Просім перадаць усім Вашым Высокапраасвяшчэнным і Праасвяшчэнным сабратам іерархам прывітанне і благаславенне нашай Маці-Царквы, якая абдымае іх з пачуццямі павагі і любві і моліцца аб тым, каб іх архіерэйскае ахвярнае служэнне было нязменна паспяховым на славу Божую», ― гаворыцца ў прывітанні.

«Выказваю падзяку Яго Свяцейшасці за гэтае ветлівае пасланне. І, карыстаючыся нагодай, хацеў бы выказаць пажаданне моцы сіл, добрага здароўя і дапамогі Божай у акармленні Царквы Канстанцінопальскай, у нясенні асаблівага служэння, звязанага з узаемадзеяннем з усімі іншымі Праваслаўнымі Цэрквамі, якое годна здзяйсняе цяпер Свяцейшы Патрыярх Варфаламей», ― сказаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл пасля абвяшчэння паслання.

«Я адчуваю неапісальную радасць ад таго, што прыбыў сюды як Папа і Патрыярх Александрыйскі па запрашэнню паважанай брацкай Рускай Праваслаўнай Царквы для ўдзелу ва ўрачыстых юбілейных святкаваннях у сувязі са стагоддзем аднаўлення Патрыярхату Маскоўскага, усяе Русі і паўночных краін», ― падкрэсліў Прадстаяцель Александрыйскай Праваслаўнай Царквы ў прагучаўшым пасля выступленні на ўрачыстым пасяджэнні ў Зале царкоўных сабораў.

Як адзначыў Блажэннейшы Уладыка, аднаўленне Патрыяршага прастола ў Маскве лічыцца найважнейшай падзеяй пасля яго ўстанаўлення ў 1593 годзе. «Руская Царква прадбачыла, што аднаўленне Патрыяршай годнасці пры новым рэжыме стане вернай гарантыяй адраджэння рускага народа і захавання яго веры. Нягледзячы на шматлікія скрухі і пакуты, яна не адступіла, але ўмацавалася і заззяла новымі падзвіжнікамі веры і пабожнасці. Смутак Рускай Царквы змякчаўся аднаўленнем у ёй Патрыяршаства. Руская Царква ўвянчалася мноствам мучанікаў на чале са спачылым ў мучаніцтве свяціцелем Патрыярхам Ціханам. Яна ніколі не рвала сувязяў з народам, але заўсёды падтрымлівала яго і прайшла разам з ім праз небяспекі і бясконцыя выпрабаванні», ― сказаў Блажэннейшы Папа і Патрыярх Александрыйскі Фёдар II.

Знамянальным дарам з нагоды юбілею стаў перададзены Блажэннейшым Уладыкам амафор, у якім святы Патрыярх Александрыйскі Мялецій Пігас падпісаў Саборнае дзеянне аб прадастаўленні Рускай Царкве Патрыяршай годнасці.

«Ваша Блажэнства, я ад усяго сэрца дзякую Вам асабіста. Думаю, да гэтай падзякі далучаецца ўвесь епіскапат, клір, веруючы народ нашай Царквы. Вы паднеслі нам вялікую гістарычную святыню», ― з такімі словамі Свяцейшы Патрыярх Кірыл звярнуўся да Блажэннейшага Папы і Патрыярха Фёдара, адзначыўшы, што гэты амафор будзе захоўвацца ў музеі кафедральнага Храма Хрыста Спасіцеля «ў памяць і аб той гістарычнай падзеі, і аб Вашай вялікай любві да Рускай Праваслаўнай Царквы».

«Антыяхія ― Царква, у якой вучні Хрыста ўпершыню былі названы хрысціянамі, ― вітае Святую Русь у гэты благаславёны дзень, калі мы святкуем 100-годдзе Маскоўскага Памеснага Сабора, які вярнуў Патрыяршую годнасць Рускай Царкве і які аднавіў саборнасць гэтай Царквы пасля двух стагоддзяў перапынку, ― такімі словамі пачаў сваё выступленне перад удзельнікамі ўрачыстага пасяджэння Блажэннейшы Патрыярх Антыяхійскі Іаан X. ― Антыяхійская Царква, падзяляючы сёння з Рускай Царквой-сястрой яе радасць, просіць заступніцтва свяціцеля Ціхана вызнаўцы, які міласцю Духа Святога быў абраны членамі Памеснага Сабора Патрыярхам, каб кіраваць гэтай Царквой і пасвіць яе ў дні атэізму і ганенняў. Наша Царква не забудзе падтрымкі, аказанай Рускай Царквой у пачатку мінулага стагоддзя вернікам Антыяхійскай Царквы ў тым, што датычыцца замацавання іх на сваёй зямлі і бязвыплатнага прадастаўлення адукацыі і лячэння для бедных. Мы таксама ўспамінаем з велізарнай удзячнасцю ўдзел Рускай Царквы ў справе забеспячэння нашай Царквы пастырамі і ў будаўніцтве храмаў і розных устаноў. З асаблівай удзячнасцю мы шануем ролю вялікага Патрыярха Ціхана ў заснаванні Антыяхійскай іерархіі ў Амерыцы. Ён рукапалажыў першага мітрапаліта Антыяхійскай Царквы на амерыканскай зямлі ― свяціцеля Рафаіла, епіскапа Бруклінскага, які вучыўся ў Канстанцінопалі і ў Расіі і быў архіпастырам праваслаўных антыяхійцаў на амерыканскім кантыненце, што размаўляюць на арабскай мове».

Прадстаяцель Антыяхійскай Царквы таксама згадаў аб цяжкім становішчы, у якім знаходзіцца сірыйскі народ. «Ва ўмовах, калі тэрарызм адступае дзякуючы ўмяшанню рускіх ваенных і з'яўляецца перспектыва мірнага вырашэння, мы як адзіная Праваслаўная Царква павінны зрабіць усё магчымае для захавання адзінства Сірыі і вяртання сірыйскіх хрысціян на сваю зямлю, для аднаўлення разбураных цэркваў і манастыроў, для забеспячэння ўсіх складнікаў годнага жыцця ― магчымасцяў працаўладкавання, паўнавартаснага харчавання, медыцынскага абслугоўвання і вучобы для братоў, якія пацярпелі ў жорсткія дні, каб явіць тым самым сілу Хрыста», ― упэўнены ён.

Звяртаючыся да Свяцейшага Патрыярха Кірыла, Блажэннейшы Уладыка падкрэсліў: «Мы шануем Вашу пазіцыю адносна крызісу ў нашай краіне, і ганарымся, зважаючы на Ваша суперажыванне і высакародныя дзеянні, якія падахвочваюць пастаянна аказваць гуманітарную дапамогу, што з'яўляецца вянком, які ўпрыгожвае і ўмацоўвае гісторыю расійска-антыяхійскіх адносін. Мы бясконца цэнім працу і клопат Расіі ў знішчэнні тэрарызму, ва ўсталяванні міру ў Сірыі і захаванні стабільнасці ў Ліване».

«Нішто нельга параўнаць з радасцю Антыяхіі сёння, калі яна ўдзельнічае ў светлым святкаванні, заснаваным мучанікамі і вызнаўцамі, якія ўдзельнічалі ў Памесным Саборы ў 1917 годзе і дзейнасць якіх застанецца скарбам для ўсяго Праваслаўя, ― засведчыў Антыяхійскі Патрыярх. ― Адраджэнне Святой Русі ― гэта падарунак з неба нашаму свету. Дай нам Бог малітвамі і заступніцтвам новамучанікаў, новавызнаўцаў, падзвіжнікаў і пастыраў, прасіяўшых ў Расіі і ва ўсім праваслаўным свеце ў гады ганенняў, сведчыць аб гэтай радасці ўваскрасення!»

Са свайго боку, Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл адзначыў: «Ваша Блажэнства, Вы глыбока кранулі ўсіх нас сваімі пранікнёнымі словамі аб тым, што адбываецца сёння на Блізкім Усходзе, Вашай высокай ацэнкай ролі Расіі, Рускай Царквы ў пераадоленні тых праблем, якія сёння раздзіраюць сірыйскі народ, а таксама тых, якія існуюць у Ліване, ― праблем Вашай Царквы. Я запэўніваю Вас у тым, што ўсё, што з ласкі Божай мы робім, мы робім са змірэннем і з поўнай перакананасцю ў неабходнасці падзяляць свае рэсурсы з тымі, хто рэальна сёння пакутуе. Мы верым у ўстанаўленне трывалага і справядлівага міру ў Сірыі. Мы верым у поўную перамогу над тэрарызмам, у вызваленне сірыйскага народа ад гэтага страшнага прыгнёту, у аднаўленне жыцця людзей на кананічнай тэрыторыі Вашай Царквы. Дай Бог асабіста Вам сілы, моцы і добрага здароўя, каб працягваць служыць у якасці Патрыярха свайму пабожнаму і шматпакутнаму народу».

У сваім выступленні перад удзельнікамі ўрачыстага мерапрыемства Блажэннейшы Патрыярх Іерусалімскі Феофіл III сказаў: «Прыбыўшы са святога граду Іерусаліма на святую і шматпакутную рускую зямлю, перадаем Вам, Вашаму Асвячонаму Сабору ўзлюбленых архіпастыраў і ўсім нашым рускім праваслаўным братам пазачасавае пасланне, кое ўсяляе надзею, ад Народжанага ў Віфлееме Госпада славы Богачалавека Хрыста, Які жыў на сціплай палесцінскай зямлі. Благаслаўляем нашых братоў у Хрысце міласцю Усесвятога і Жываноснага Гроба».

«Малітвы многіх тысяч навамучанікаў Расійскіх, якія ні ў чым не саступаюць старажытным, вызвалілі вашу Царкву ад тыраніі і будуць умацоўваюць яе да канца свету, упрыгожаную так, як яе хоча бачыць Гасподзь, і азораную славай святых мучанікаў», ― адзначыў Прадстаяцель Іерусалімскай Царквы.

Звярнуўшыся да Блажэннейшага Патрыярха, Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы падкрэсліў: «Ваша Блажэнства, сардэчна дзякую Вам за гэтыя пранікнёныя словы, у якіх мы адчуваем сілу духу і сілу сведчання, якая сыходзіць ад святынь горада Іерусаліма, захавальнікам якіх і малітоўнікам перад якімі Вы з'яўляецеся. У Вас асаблівая місія ― здзяйсняць гэтую малітву аб усіх і за ўсё, за ўсю Царкву Праваслаўную, за род чалавечы перад Галгофай і Жываносным Гробам і на іншых святых месцах, якія сёння ўяўляюць сабой месца асаблівага пакланення вялікай колькасці паломнікаў з прастораў гістарычнай Русі. Я дзякую Вам за Вашу пастырскую апеку аб гэтых пілігрымах».

Прывітанне Свяцейшага і Блажэннейшага Каталікоса-Патрыярха ўсяе Грузіі Іліі II абвясціў мітрапаліт Ахалцыхскі, Тао-Кларжэцкі і Лазскі Фёдар.

«Ад імя Грузінскай Праваслаўнай Царквы і ад сябе асабіста віншуем Вас і разам з Вамі падзяляем духоўную радасць у сувязі з найважнейшай падзеяй ― 100-гадовым юбілеем Памеснага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы, на якім было прынята гістарычнае рашэнне аб аднаўленні Патрыяршаства, ― гаворыцца ў прывітанні. ― Гэтыя пачуцці вельмі блізкія нам, паколькі Грузінская Праваслаўная Царква таксама выпрабавала на сабе ўсю горыч скасавання Патрыяршаства і аўтакефаліі і вялікую радасць у сувязі з іх аднаўленнем. Нам на долю выпаў аднолькавы лёс таксама і ў атэістычны перыяд, але цаною самаахвяравання і сапраўды мучаніцкага служэння мы вытрымалі гэта цяжкае выпрабаванне».

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл папрасіў кіраўніка дэлегацыі Грузінскай Праваслаўнай Царквы перадаць вялікую падзяку Яго Свяцейшаству і Блажэнству Патрыярху-Каталікосу ўсяе Грузіі за гэтыя добрыя словы і выказаў надзею на тое, што Гасподзь умацуе фізічныя і духоўныя сілы Каталікоса-Патрыярха Іліі II і дапаможа яму яшчэ доўгія гады служыць на карысць Святой Праваслаўнай Царквы і на карысць свайго народа.

«Для Нас з'яўляецца асаблівай радасцю прысутнічаць сёння на чале дэлегацыі Сербскай Царквы ў першапрастольным горадзе Маскве, у брацкай Богам сцеражонай Расіі ў дзень, калі вялікая Руская Царква адзначае важную гістарычную дату ― 100 гадоў аднаўлення Патрыяршаства», ― сказаў Свяцейшы Патрыярх Сербскі Ірыней. Ён падкрэсліў: «Мае папярэднікі на Патрыяршым троне, і ўвесь сербскі народ шчыра радаваліся разам са сваімі рускімі братамі, калі ў XVI стагоддзі мудрыя Усходнія Патрыярхі на чале са Свяцейшым Патрыярхам Царградскім Іераміем здзейснілі вялікае, вельмі справядлівае і ўгоднае Богу дзеянне ― абвясцілі Маскоўскае Патрыяршаства, каб у рускіх і ва ўсіх суседніх малых народаў, якія цягнуцца да Святой Праваслаўнай веры, быў свой уласны Патрыярх ― Маскоўскі, усяе Русі і ўсіх паўночных краін».

«Вялікай была справа аднаўлення Рускага Патрыяршаства. Такой вялікай была сіла гэтай эпахальнай падзеі, што яна міжволі закранула і іншыя Цэрквы, ― засведчыў Патрыярх Ірыней. ― Не прайшло і двух гадоў пасля аднаўлення Рускага Патрыяршаства ― Сербская Царква ўз'ядналася ў найшырэйшых гістарычных межах распаўсюджвання сербскага праваслаўнага народа, а ў 1920 годзе і аднавіла сваю праслаўленую ў стагоддзях старажытную і пачэсную Патрыяршую годнасць».

Як адзначыў Прадстаяцель Сербскай Царквы, стагоддзе, якое адкрылася ўспамінаемай цяпер падзеяй, не было мірным: «Нашы народы шмат пацярпелі ад ворагаў веры, зведалі страшныя пакуты і прыгнёт, якіх дагэтуль не бачыў свет. Але чым больш пакутаваў рускі народ, тым мацней рабілася яго воля да спасення, тым больш укаранялася яго вера. Бяссільнымі аказаліся спробы прыслучачоў цемры веку гэтага пагасіць свяцільнік праваслаўнай веры. І цяпер бачым Рускую Царкву і яе Патрыяршаства паўстаўшымі ў найвялікшай, нябачанай раней славе».

Падзякаваўшы за братэрскае прывітанне ад імя Сербскай Праваслаўнай Царквы, Патрыярх Кірыл сказаў: «Гэта для нас таксама прывітанне ад імя блізкага нам па крыві, па мове, па культуры сербскага народа, у гістарычным лёсе якога так шмат агульнага з лёсам народаў Святой Русі. Мы праходзілі праз вельмі цяжкія выпрабаванні, звязаныя з прыгнётам нашых зямель, мы змагаліся за захаванне Праваслаўя, мы імкнуліся пераадолець цяжкія гады, звязаныя з прыгнётам Царквы па ідэалагічных прычынах у ХХ стагоддзі. І сёння мы радуемся таму, што нашы Цэрквы, з'яўляючыся часткай Сусветнага Праваслаўя, разам з усімі іншымі Цэрквамі працуюць саборна, умацоўваючы сведчанне Праваслаўя ў сваіх уласных народах і садзейнічаюсы гэтаму сведчанню ва ўсім свеце».

«Мы знаходзімся сёння ў Маскве, каб супольна адзначыць стагоддзе аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве», ― з такімі словамі звярнуўся да прысутных Блажэннейшы Патрыярх Румынскі Данііл. Ён падкрэсліў, што служэнне свяціцеля Патрыярха Ціхана пачалося ў вельмі цяжкі перыяд жыцця рускага народа.

«Годнасць і адказнасць Патрыярха Маскоўскага і Усерасійскага сутыкнуліся тады са шматлікімі пакутамі з-за ганенняў на Царкву з боку бальшавіцкага рэжыму, ― працягнуў Патрыярх Данііл. ― Гады, якія рушылі ўслед за аднаўленнем Патрыяршаства, сталі гадамі цяжкіх выпрабаванняў для ўсёй Рускай Праваслаўнай Царквы: тысячы свяшчэннікаў і манаскіх асоб былі забітыя, тысячы храмаў зачынены або разбураны да пачатку Другой сусветнай вайны... Сёння, у гэты ўрачысты для Масквы дзень, калі пры ўдзеле прадстаўнікоў аўтакефальных Праваслаўных Цэркваў адзначаецца 100-годдзе аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Праваслаўнай Царкве, мы знаходзімся ў іншай сітуацыі, чым у перыяд камуністычных ганенняў. Гэта перыяд свабоды сведчання веры, а таксама вялікай пастырскай адказнасці перад новымі выклікамі сучаснага грамадства».

«Я рады таму, што напярэдадні гэтага святкавання меў магчымасць наведаць брацкую Румынскую Царкву», ― адзначыў са свайго боку Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, канстатаваўшы, што падчас свайго нядаўняга візіту ў Бухарэст быў сведкам значнага адраджэння Румынскай Праваслаўнай Царквы, будаўніцтва новых храмаў, рэарганізацыі царкоўнага жыцця.

Прывітальнае пасланне Свяцейшага Патрыярха Балгарскага Неафіта і Свяшчэннага Сінода Балгарскай Праваслаўнай Царквы было абвешчана мітрапалітам Ловецкім Гаўрыілам: «Мы шчаслівыя, што ў гэты ўрачысты і святочны дзень падзяляем нашу агульную радасць і радасць дарагой нашаму сэрцу Святой Рускай Праваслаўнай Царквы, якая па святой волі Божай роўна сто гадоў таму ― у бурныя, неспакойныя і лёсавызначальныя для брацкай Расіі і ўсяго свету дні, сярод пажару рэвалюцыі і радыкальных грамадскіх перамен – змагла аднавіць гістарычную праўду, вяртаючы сабе Патрыяршы статус, ― гаворыцца ў пасланні. ― Гэтай Святой Царкве ў дзень урачыста адзначаемага стогадовага юбілею аднаўлення яе Патрыяршага статусу ўсе мы сардэчна жадаем усякага дабра ад Госпада, усялякага ўзрастання ў Хрыстовай любві і яшчэ большых поспехаў у Яе ўнутранай і знешняй місіі. Няхай Бог заўсёды будзе з усімі вамі ― Свяшчэннаначаллем, клірам і парафіянамі Святой Рускай Праваслаўнай Царквы! Няхай нязменна акружаюць вас павага і любоў усяго праваслаўнага свету, каб вы і надалей працягвалі захоўваць тую важную ролю, якую вы заўсёды ігралі ў гісторыі і жыцці Святога Праваслаўя!»

Свяцейшы Патрыярх Неафіт у сваім прывітанні ўказвае на тое, што для адзінага сведчання Праваслаўнай Царквы, яе ролі і місіі ў свеце асабліва важная «слаўная і пакутніцкая Руская Праваслаўная Царква, якая заўсёды займала і працягвае займаць сёння сваё выключнае па сваім характары месца ў Праваслаўным свеце; Царква, якая прайшла праз столькія выпрабаванні, якая выстаяла перад унутранымі і знешнімі пагрозамі, пераследамі і ганеннямі, але якая заўсёды выходзіла з агню пакутніцтва вычышчанай, яшчэ больш моцнай і адзінай у сваім унутраным жыцці, паважанай ў міжправаслаўных стасунках усімі Праваслаўнымі Цэрквамі ў сваім яркім сведчанні аб Хрысце Укрыжаваным».

Свяцейшы Патрыярх Кірыл папрасіў членаў дэлегацыі Балгарскай Царквы перадаць Свяцейшаму Патрыярху Неафіту «нашу падзяку, нашу любоў, нашы малітвы аб яго хутчэйшым выздараўленні».

Балгарскі народ і народы Святой Русі звязваюць цесныя вузы культурнай агульнасці, моўнай агульнасці і самае галоўнае ― праваслаўнай веры, канстатаваў Яго Свяцейшаства, падкрэсліўшы: «Нягледзячы на тое, што ў гісторыі адбывалася рознае, духоўная сувязь паміж народамі заўсёды захоўвалася. І захавальнікам гэтай сувязі з'яўляліся не палітычныя рэжымы, не ідэалогія, а Праваслаўная Царква. Руская і Балгарская Царква захоўвалі гэтую духоўную сувязь, выхоўваючы ў ёй свае народы. Дай Бог, каб і далей гэта працягвалася, і каб нашы Цэрквы разам з усімі Памеснымі Праваслаўнымі Цэрквамі служылі справе адзінства Святога Праваслаўя і хрысціянскага праваслаўнага сведчання ва ўсім свеце».

У сваю чаргу Блажэннейшы Архіепіскап Кіпрскі Хрызастом II, выступаючы на заключным пасяджэнні Архіерэйскага Сабора Рускай Праваслаўнай Царквы, сказаў: «У гэты важны і шмат у чым хвалюючы момант мы разам з вамі, Блажэннейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі і Праасвяшчэнныя ўдзельнікі Сабора, з удзячнасцю звяртаем наш розум і сэрца да ўсіх тых вядомых і невядомых герояў, змагароў веры, якія сваімі подзвігамі спрыялі аднаўленню Патрыяршаства ў Расіі і даставілі нам радасць гэтых урачыстасцяў».

«Бог, Які хоча, каб усе людзі спасліся і прыйшлі да спазна́ння ісціны (1 Цім. 2:4), Сваім неспасціжным прадбачаннем дапусціў, што адначасова з аднаўленнем Патрыяршаства падзьмулі ў гэтай краіне і парывістыя антыцаркоўныя вятры, якія на працягу сямідзесяці з лішнім гадоў наносілі раны і сур'ёзна пагражалі пабожнаму рускаму народу. І ўсё ж не змаглі яны пагасіць агонь яго веры ў Хрыста, ― працягнуў Прадстаяцель Кіпрскай Царквы. ― У тыя цяжкія часы, назіраючы за Рускай Праваслаўнай Царквой, мы бачылі, што яна падобная на трывалую скалу ў пеністым моры, аб якую разбіваліся хвалі, маланкі з громам і буры. Мы бачылі, што ў выключна крытычных абставінах, несучы сваю пастырскую працу, яе Патрыярхі і епіскапы праяўлялі бясстрашнасць. Яны на справе даказвалі тое, што ўсе мы заўсёды вызнаем: што на працягу двухтысячагадовага шляху Царквы пакутніцтва было самай істотнай праявай яе самасвядомасці. Яны навучылі нас, што нават у самых цяжкіх абставінах вернік можа быць шчаслівы і адчуваць радасць ад надзеі на заўтра, якое будзе лепшым. Блажэннейшы Патрыярх Маскоўскі, разам з Вамі і Вашым народам і мы, Вашы сабраты ў Хрысце, дзякуем Богу за Ваша паспяховае ў пакутах і з кроўю многай хрысціянскае шэсце ў гэты перыяд, калі быў яўлены цэлы сонм навамучанікаў. Яно прывяло да таго, што сёння ў праваслаўным свеце ваша Царква існуе свабодна».

«А зараз усе мы, праваслаўныя, пакліканы да таго, каб, забываючы задняе, распасцірацца наперад, да турбуючых нас праблем, ― сказаў ён далей. ― На Праваслаўным Усходзе, у тым рэгіёне, дзе мы жывем, сёння, як ніколі раней, распаўсюджваюцца прынесеныя з Захаду матэрыялізм, механіцызм, рэлятывізм... Гэта факт, што навуковы прагрэс зрабіў наша жыццё больш зручным і даў нам магчымасць павысіць яго якасць. Аднак, чым далей, тым усё больш пачынаем мы разумець словы Хрыста аб тым, што не хлебам адным будзе жыць чалавек (Лк. 4:4). Выганяючы Бога з жыцця чалавека, розныя сацыяльныя сістэмы, можа, і абвяшчаюць, што «ў пачатку ёсць эканоміка», але для Царквы «ў пачатку», у цэнтры, так і ў канцы ― чалавек, гэта ўнікальнае стварэнне Божае».

«Вы знайшлі яркія прарочыя словы, апісваючы тое, што адбываецца сёння з родам чалавечым, ― адзначыў Прадстаяцель Рускай Царквы па завяршэнні выступлення Блажэннейшага Архіепіскапа Хрызастома. ― Я думаю, што гэтыя словы, скіраваныя да ўсіх нас, з'яўляюцца заклікам да таго, каб працаваць разам як адна сям'я, як адзіная Царква, каб несці свету сведчанне, якое разыходзіцца з «шырокім шляхам», які паглынае практычна ўсё чалавечае грамадства. Ісці супраць плыні заўсёды цяжка. Але Гасподзь нам сказаў, што толькі вузкі шлях вядзе ў Царства Нябеснае. Вельмі важна, каб мы не страцілі сілы сведчыць свету аб гэтым вузкім шляху. І я думаю, што такія словы, якія мы цяпер пачулі, дапамагаюць усім нам усвядоміць нашу агульную адказнасць не толькі за нашу Адзіную Святую Саборную Апостальскую Праваслаўную Царкву, але і за род чалавечы».

Блажэннейшы Архіепіскап Тыранскі і ўсёй Албаніі Анастасій, выступаючы перад удзельнікамі пасяджэння, якое праходзіла ў Зале царкоўных сабораў кафедральнага саборнага Храма Хрыста Спасіцеля, засведчыў: «Мы праслаўляем Бога, Які даў Праваслаўнай Царкве такіх светлых правадыроў, роўна як і многія мірыяды клірыкаў і міранаў, якія падчас гэтай «доўгай ночы» ганенняў, як прадказваў Патрыярх Ціхан, засталіся няскоранымі ў веры, горасцях з радасцю Духа Святога (1 Фес. 1:6). Асоба Патрыярха Маскоўскага Ціхана, аб якой мы разважаем у гэтыя дні, нагадвае праваслаўным аб іх заўсёдашнім абавязку. На першым этапе свайго жыцця ён нёс місіянерскую працу па распаўсюджванню Праваслаўя на Алясцы, а пазней у расійскіх епархіях. Нарэшце, стаўшы Галавой Рускай Царквы, змагаўся дзеля адзінства ў супрацьстаянні разнастайным раскольніцкім памкненням, замацаваўшы сваю любоў да Хрыста пячаткай мучаніцтва. Такім чынам, свяціцель сапраўды выканаў апостальскі і пастырскі абавязак, вызначаны Самім Іісусам Хрыстом перш Свайго Узнясення: але вы атрыма́еце сілу, калі сы́дзе Святы́ Дух на вас, і бу́дзеце Мне све́дкамі ў Іерусалíме, і ва ўсёй Іудзе́і і Самары́і, і аж да кра́ю зямлі (Дзеі. 1:8). Свяціцель Ціхан словам, справай і крывёю пранёс сваё сведчанне і ўнутры, і па-за краінай».

«Мы з асаблівай увагай выслухалі Ваша сведчанне яшчэ і таму, што Вы з'яўляецеся першым Прадстаяцелем Албанскай Царквы, уваскрэслай з мёртвых пасля поўнага і татальнага знішчэння, ― адзначыў Свяцейшы Патрыярх Кірыл, звяртаючыся да Блажэннейшага Архіепіскапа Анастасія. ― І вопыт Царквы, якую Вы ўзначальваеце, і трагедыя праваслаўнага народа Албаніі вельмі блізкія нам, нашаму разуменню гісторыі і нашаму погляду на мінулае, аб якім Вы так ярка сказалі, і адначасова нашаму погляду ў будучыню».

«Сабор аднавіў Патрыяршаства і выбраў на Патрыяршы прастол мітрапаліта Маскоўскага Ціхана. Факт гэты паслужыў аб'яднанню Царквы, а сам Свяцейшы Патрыярх Ціхан стаў прыкладам вернасці Хрысту, надзеі, прымірэння і любві», ― канстатаваў Блажэннейшы Мітрапаліт Варшаўскі і ўсёй Польшчы Сава, які распавёў, што імя Свяцейшага Патрыярха Ціхана з любоўю ўспамінаецца вернікамі Польскай Царквы, у тым ліку і таму, што ён быў рэктарам Холмскай духоўнай семінарыі, а затым епіскапам Люблінскім, вікарыем Варшаўска-Холмскай епархіі. Падчас епіскапскага служэння ён наведаў 110 парафій епархіі. «Нам прыемна, што сёння, мы можам быць з усімі вамі і пра гэта сведчыць, заклікаючы: свяціцелю Ціхане, малі Бога за нас!» ― сказаў Блажэннейшы Уладыка.

Падзякаваўшы Прадстаяцелю Польскай Царквы, за яго словы, Свяцейшы Патрыярх Кірыл падкрэсліў: «Памагай Бог усім нам супольна і кожнай Царкве асобна несці тое сведчанне свету, без якога не будзе ні шляху, ні жыцця, але нешта такое, што можа быць небяспечным для існавання самога роду чалавечага».

У выступленні Блажэннейшага Мітрапаліта Чэшскіх зямель і Славакіі Расціслава было адзначана: «На фоне цяжкага гістарычнага пералому ў кастрычніку 1917 года адбыўся Памесны Сабор Расійскай Праваслаўнай Царквы, на якім было прынята рашэнне аб аднаўленні ў Рускай Царкве Патрыяршаства. І ўжо ў лістападзе мітрапаліт Маскоўскі і Каломенскі Ціхан быў абраны Патрыярхам Маскоўскім і Усерасійскім. Гэта найважнейшая падзея мела значэнне не толькі для Рускай Праваслаўнай Царквы, але і для ўсяго Сусветнага Праваслаўя, у тым ліку і для нашай Памеснай Царквы».

«Сёння, успамінаючы падзеі стогадовай даўніны, мы відавочным чынам бачым промысл Божы ў узнаўленні Патрыяршаства на Русі, ― сказаў далей Блажэннейшы Расціслаў. ― Менавіта Патрыярх стаў духоўным маяком, які ўказваў правільны арыенцір падчас палітычнага хаосу, усеагульнай разрухі і духоўнага збяднення. І нягледзячы на ўсе цяжкасці, перанесеныя рускім народам, Праваслаўная Царква на Русі здолела не толькі выстаяць і адрадзіцца, прайшоўшы горан жахлівых ганенняў, здзекаў і прыніжэнняў, але і дапамагаць брацкім Памесным Праваслаўным Цэрквам на іх гістарычным шляху, у тым ліку і нашай шматпакутнай Царкве Чэшскіх зямель і Славакіі».

«Дзякую Вам, Ваша Блажэнства, за Ваша пранікнёнве слова, напоўненае братэрскай любоўю, ― сказаў у адказ Прадстаяцель Рускай Царквы. ― Мы з асаблівым пачуццём прасціраем заўсёды свой позірк у бок Вашай Царквы, ведаючы яе няпростую гісторыю і ўсведамляючы, што ў цяжкі час і па гістарычным акалічнасцям Рускай Праваслаўнай Царкве прыйшлося шмат у чым успрыняць на сябе адказнасць за захаванне Праваслаўя ў Чэшскіх землях і Славакіі. Таму асабліва радуемся сёння росквіту Вашай Царквы і молімся, каб Гасподзь захоўваў яе ў адзінстве і захоўваў у ёй місіянерскую сілу, так неабходную для асветы акаляючых яе людзей і ў падтрыманні веры яе членаў».

«Я прыйшоў да вас з далёкіх зямель Паўночнай Амерыкі з невялікай дэлегацыяй, якая прадстаўляе Праваслаўную Царкву ў Амерыцы, каб прапанаваць некалькі слоў гэтаму вялікаму сходу аб вялікім чалавеку Божым і вызнаўцы, імя якога я нашу і які з'яўляецца таксама маім папярэднікам у Злучаных Штатах і Канадзе, дзе ён служыў як правячы архіерэй Паўночнаамерыканскай епархіі з 1898 па 1907 год. У епіскапа Ціхана было бачанне Праваслаўя ў Амерыцы, у якой будучыня адзінай Праваслаўнай Царквы ў Новым Свеце ўключала б абшчыны з арабскімі, грэчаскімі і сербскімі епіскапамі, якія б узначальвалі гэтыя абшчыны ― усе ў адной Архіепіскапіі, якую ўзначальваў бы рускі праваслаўны архіепіскап. Ёсць нават пісьмовае сведчанне аб тым, што архіепіскап Ціхан прадбачыў будучую аўтакефальную Праваслаўную Царкву ў Новым Свеце», ― сказаў Блажэннейшы Мітрапаліт усёй Амерыкі і Канады Ціхан.

Як адзначыў Прадстаяцель Праваслаўнай Царквы ў Амерыцы, з амерыканскіх місіянесркіх палёў, гатовых да жніва, свяціцель Ціхан вярнуўся ў Расію, каб увайсці ў свет, дзе збіраліся цёмныя хмары і хутка пральецца кроў бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 года. «Аднаўленне Патрыяршаства ў 1917 годзе не было проста адміністрацыйным і царкоўным рашэннем, спароджаным гістарычнай неабходнасцю, а сапраўды прароцкай падзеяй, якая паставіла чалавека вялікай цэльнасці і святасці ў становішча, якое стала цяжкім крыжам для яго, але і крыніцай адзінства для яго паствы», ― упэўнены ён.

Блажэннейшы Уладыка падкрэсліў: «Сярод жорсткіх выпрабаванняў свяціцель Ціхан, явіўшы ў чыне ўладара лагоднасць і мяккасць, стаў узорам, іконай надзвычайнай пакоры і ахвярнай любві Іісуса Хрыста. І сёння яго жыццё і спадчына даюць нам надзею на тое, што наша прага да лепшага ладу жыцця можа быць спатолена ў Царкве, нават у гэтым постхрысціянскім і антыхрысціянскім свеце».

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл звярнуўся да Блажэннейшага Мітрапаліта са словамі падзякі за памяць, якую ён аддаў свяціцелю Ціхану, асабліва ў сувязі з яго місіянерскім служэннем на Амерыканскай зямлі. «Добра, што Вы правялі сувязь паміж яго служэннем у Амерыцы і выбраннем на Патрыяршы прастол, ― працягнуў Яго Свяцейшаства. ― Нічога не бывае без промыслу Божага ― нашу Царкву ў самы цяжкі час узначаліў чалавек з велізарным жыццёвым вопытам і, можна сказаць, не правінцыйным, а глабальным бачаннем жыцця Праваслаўя. І гэта, несумненна, дапамагала Свяцейшаму Ціхану натхняць і ўмацоўваць як сваё асяроддзе, так і ўвесь праваслаўны народ».

«Але акрамя таго, і, можа быць, самае галоўнае, што варта сказаць: Свяцейшы Ціхан жыў глыбокім, вельмі багатым духоўным жыццём, і менавіта гэтая ўнутраная духоўная сіла натхняла ўсіх, хто сутыкаўся з ім, ― падкрэсліў Прадстаяцель Рускай Царквы. ― Не было той знешняй славы і таго стагоддзямі апрабаванага пратаколу, які акружае Прадстаяцеля Царквы. Свяцейшы Ціхан не меў магчымасці здзяйсняць сваё служэнне так, як служэнне здзяйсняюць Прадстаяцелі Памесных Праваслаўных Цэркваў, але ў тым ўніжэнні, праз якое ён прайшоў, явілася яго духоўная сіла. Менавіта яна ўмацоўвала тых, хто сумняваўся, каго апанаваў страх, хто гатовы быў здрыгануцца і сысці са шляху. Асабісты прыклад Свяцейшага спыніў ад здзяйснення памылак вельмі многіх людзей, у тым ліку праваслаўных іерархаў, духавенства. А тыя, якія здзейснілі памылку, сыйшоўшы ў раскол, як мы ведаем, у большасці сваёй ― тыя, хто застаўся жывы, ― у канцы вярнуліся ва ўлонне Святой Праваслаўнай Царквы, у тую Царкву, якую з пагардай ганіцелі называлі «Ціханаўскай», але якая паказала сваю сілу ўсяму народу, усяму Сусвету».

Яго Свяцейшаства выказаў сардэчную падзяку ўсім Прадстаяцелям і прадстаўнікам Памесных Праваслаўных Цэркваў, «якія падзяляюць з намі гэтыя святыя ўспаміны, падзяляюць з намі святкаванне ў гонар 100-годдзя аднаўлення Патрыяршаства ў Рускай Царкве».

Свяцейшы Патрыярх Кірыл таксама падзякаваў ўсім архіпастырам, якія прыбылі ў Маскву на Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы, і абвясціў Сабор закрытым.

Патрыярхія.ru / Church.by