Паводле матэрыялаў СМІ: «Прыняць хрышчэнне ніколі не позна». Што падштурхоўвае да гэтага дарослых? Адказвае свяшчэннік Аляксандр Пальчэўскі

10 кастрычніка 2022

21-24_kopiya_11.jpgХрышчэнне — адно з галоўных таінстваў хрысціянства. Лічыцца, што ў момант хрышчэння чалавек памірае для грахоўнага жыцця, каб адрадзіцца духоўна. У сучасным грамадстве рэдка сустрэнеш нехрышчоным чалавека. Але свядомы, глыбокі падыход да хрышчэння сустракаецца нячаста, кажуць святары. Менавіта так часцей за ўсё падыходзяць да таінства людзі, якія вырашаюць ахрысціцца ў сталым узросце. Аб тым, што іх штурхае да гэтага кроку, журналіст газеты «Звязда» Аляксандра Анцэлевіч спытала ў настаяцеля прыхода храма свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага, свяшчэнніка Аляксандра Пальчэўскага.

 

Асаблівая сувязь чалавека і Бога

— Айцец Аляксандр, навошта прыходзяць хрысціцца дарослыя? Якія абставіны падводзяць людзей, што ўжо псіхалагічна склаліся і рэалізаваліся ў жыцці, да рашэння прыняць гэта таінства?

 За знешнімі гісторыямі і тымі прычынамі, якія мы спрабуем самі для сябе вызначыць, стаіць нешта большае. Спробы растлумачыць рашэнне чалавека прыняць хрышчэнне абмежаваныя нашай мовай і чалавечым вопытам. На самай справе ў аснове гэтага рашэння — адмысловая сувязь чалавека і Бога, якую ён і сам для сябе не заўсёды можа растлумачыць. Чалавек адчувае асаблівы вопыт: Бог дакранаецца да яго душы, і ён адчувае ўнутраную патрэбнасць прыйсці ў храм, памаліцца і прыняць таінства хрышчэння. Хрышчэнне — гэта запавет Гасподні. Бачны, духоўны знак уваходжання чалавека ў Царкву (Царкву тут варта разумець як духоўны арганізм, і часткай Царквы можна стаць праз гэта таінства). Іншымі словамі, хрышчэнне  гэта свайго роду «дзверы», увайшоўшы ў якія чалавек трапляе ў Храм (у духоўным сэнсе гэтага слова). І заўсёды ў цэнтры такіх знешніх змен — імкненне адчуць прысутнасць Бога ў сваім жыцці.

— І ўсё ж якія знешнія падзеі звычайна падштурхоўваюць чалавека прыняць хрышчэнне?

 Здараецца, знешнія абставіны прыводзяць чалавека да духоўных пошукаў. Часам гэта страты, трагедыі ў сям'і, сур'ёзная хвароба, якую перанеслі блізкія або сам чалавек, — гэты вопыт адкрывае перад ім рэальнасць духоўнага свету. І чалавек шукае спосабы і сродкі рэалізаваць сувязь з Богам у сваім жыцці.

— А ці могуць гэта быць станоўчыя перамены?

 Даволі часта. Бо рашэнне ахрысціцца звычайна звязана з жаданнем захаваць у сваім жыцці нейкі духоўны вопыт, станоўчыя перажыванні, падтрымаць тую сувязь з Богам, якая ўзнікла. Да хрышчэння прыходзяць людзі розных узростаў. Гэта могуць быць і падлеткі — я шмат сустракаў такіх хлопцаў і дзяўчат, якія былі не ахрышчаны пры нараджэнні, а да 15-17 гадоў адчулі неабходнасць прыняць гэта таінства і ўвайсці ў Царкву. Хоць нямала і дарослых людзей, якія реалізаваліся ў жыцці. Прымаюць хрышчэнне і пажылыя людзі. Нядаўна я хрысціў мужчыну, які ўсё жыццё прафесійна займаўся спортам, быў вядомым спартсменам. Цяпер яму каля 70 гадоў. Хрысціцца ён прыйшоў разам з жонкай і вельмі адказна падышоў да гэтага таінства. Прыняць хрышчэнне не позна ў любым узросце.

Пераход у новае жыццё

— Ці адрозніваецца хрышчэнне дарослага чалавека ад хрышчэння дзіцяці?

 І для дзіцяці, і для дарослага абрад хрышчэння прадугледжвае адну і тую ж паслядоўнасць таінства, і гэтым падкрэсліваюцца значэнне і важнасць падзеі. Розніца ў тым, што за дзіця ручаюцца перад Богам хросныя бацькі. А дарослы падрыхтоўку праходзіць сам. У старажытнай Царкве падрыхтоўка да хрышчэння дарослых магла доўжыцца ад аднаго да трох гадоў. Чалавек хадзіў у храм, удзельнічаў у нейкіх момантах набажэнстваў, вывучаў Свяшчэннае Пісанне і традыцыі хрысціянства і толькі пасля гэтага станавіўся членам Царквы. Цяпер гэта займае нашмат менш часу — у розных храмах праводзіцца або адна гутарка, або цыкл гутарак. Чалавек праходзіць падрыхтоўку ў сярэднім на працягу месяца.

— Ці абавязковая споведзь перад хрышчэннем?

 Чалавек, які рыхтуецца прыняць хрышчэнне, яшчэ не з'яўляецца членам Царквы ў духоўным сэнсе, і таінства споведзі не можа быць здзейснена ў дачыненні да яго. Але ёсць такая практыка — хрышчэнская споведзь, або духоўная гутарка са свяшчэннікам, падчас якой той, хто рыхтуецца да хрышчэння, вызнае грахі за ўсё жыццё. Для яго гэта першы падобны вопыт. Святары кажуць, што ў гэтым ёсць сэнс — такая размова прыносіць велізарную карысць, дапамагаючы пераасэнсаваць пражытыя гады. Бо хрышчэнне — гэта нараджэнне ў новае духоўнае жыццё. Чалавек адмаўляецца ад грахоў, нейкіх ранейшых звычак... Хрышчэнская споведзь не абавязковая, і тут трэба многае ўлічваць — у першую чаргу індывідуальныя асаблівасці чалавека: наколькі ён гатовы да такой размовы.

Можа быць, яму неабходны час, каб паўнавартасна падрыхтавацца да споведзі.

— А як праходзіць сам абрад? Таінства звязана з трохразовым поўным акунаннем, але чыста тэхнічна з дарослым гэта не заўсёды магчыма...

 Сапраўды, старажытны абрад хрышчэння звязаны з поўным акунаннем. Выдатна, калі ў храме уладкаваны баптыстэрый, куды дарослы можа зайсці цалкам. Але не ў кожным храме ёсць такія збудаванні. Таму нароўні з практыкай акунання ёсць практыка абліванні вадой пры хрышчэнні. Абедзве яны паўнавартасныя і дзейсныя. На вялікія святы ў цёплы час года хрышчэнне можа праходзіць і на прыродзе — На беразе вадаёмаў.

Пачатак шляху

— Ці бывае няправільная матывацыя ў дарослых, якія вырашылі прыняць хрышчэнне? Дзяцей часам хрысцяць, «каб не хварэў і спаў добра». Ці часта ў гэтым пытанні памыляюцца і дарослыя?

 Такое бывае. Каб рашэнне прымалася свядома, а матывы яго былі правільныя, мы і праводзім гутаркі. Стараемся высветліць, для чаго хрысціцца чалавек, растлумачыць сапраўдны сэнс і змест таінства. І ў некаторых выпадках — перанесці акцэнты з тых няправільных мэтаў, якія ставіць перад сабой чалавек, на мэты правільныя. Вельмі важна разумець, што хрышчэнне — гэта не самадастатковы абрад, які «механічна» здольны нешта змяніць да лепшага ў жыцці па-за ўдзелам людзей (дарослага, які прымае хрышчэнне, альбо бацькоў і хросных бацькоў немаўляці), іх веры і ўсведамлення імі выразных мэтаў і намераў. «Дзверы» ў Храм адкрыюцца кожнаму, але, каб увайсці, трэба гэтага хацець. Без унутранай зацікаўленасці (калі хрысцяцца «на ўсялякі выпадак» або «таму што ўсе так робяць»), гэты абрад «не працуе». Як і любое царкоўнае таінства. Важна ўсведамляць, што гэта працэс, які доўжыцца ўсё жыццё. Вам проста адкрылі дзверы, але ісці далей прыйдзецца самому. Не аднаму — разам з Богам, святымі, разам з вопытам Царквы. За дзве тысячы гадоў па гэтым шляху прайшлі мільёны хрысціян. Мяне таксама хрысцілі калісьці, «таму што ўсе хрысцяць» — мае бацькі не былі глыбока веруючымі людзьмі. І я свядома прыйшоў да веры, будучы ўжо дарослым. Хрышчэнне — гэта пачатак шляху да спасення душы, але па гэтым шляху чалавек павінен ісці сам.

— Ці бывае, што пасля гутарак са святаром чалавек мяняе сваё рашэнне прыняць хрышчэнне? Хацеў — а потым перадумаў...

— Часам здараецца і так. У маёй практыцы гэта тычылася хросных бацькоў — яны раптам пачалі ўсведамляць усю сур'ёзнасць таго, што адбываецца, і сказалі: мы пакуль не гатовыя, нашы каштоўнасці і светапогляд далёкія ад тых прынцыпаў, на якіх стаіць хрысціянства. І гэта — шчыра. Магчыма, пройдзе нейкі час, гэтыя людзі змогуць нешта пераасэнсаваць і будуць гатовыя ўвайсці ў Храм. Калі чалавек першапачаткова не гатовы да духоўнага росту, да руху да Бога, можа быць, хрысціцца яму пакуль не варта.

— Ці можа хрышчэнне дарослага чалавека быць проста данінай модзе? У 90-я гады па гэтай прычыне хрысціліся вельмі многія...

— Насамрэч, у 90-я людзі сапраўды адчувалі духоўную смагу. І разам з паслядоўнікамі моды вельмі шмат было тых, хто падыходзіў да таінства хрышчэння глыбока і асэнсавана. Я размаўляў са святарамі больш старэйшымі, якія служылі ў тыя часы, і яны казалі, што пасля сямі дзесяцігоддзяй ганенняў на Царкву, калі людзі масава накіраваліся ў храм, вядома, святары з радасцю прымалі гэтых людзей і здзяйснялі хрышчэнне. Тады яшчэ не існавала той практыкі падрыхтоўкі да таінства хрышчэння, якая ёсць цяпер. У апошнія дзесяцігоддзі Царква прыкладае шмат намаганняў, каб не проста здзяйсняць хрышчэнне, але каб гэта быў усвядомлены крок для кожнага. Каб людзі заставаліся ва ўлонні Царквы і працягвалі жыць у Хрысце.

— Ці можа святар адмовіць у хрышчэнні? І ў якіх выпадках?

— Гэта магчыма, калі чалавек сам не хоча прымаць хрышчэнне. Здараецца, бацькі, муж (жонка), іншыя блізкія людзі вельмі просяць за чалавека, але сам ён веры не мае. Ён кажа падчас размовы са святаром: «я гатовы ахрысціцца дзеля маці, але сам не вельмі веру і не абяцаю, што буду хадзіць у храм». У такіх выпадках, на думку некаторых духаўнікоў, спяшацца не трэба. Можа быць, лепш даць чалавеку час, каб ён мог свядома прыйсці да Бога — сам, без ціску звонку. А вось пераход з адной веры ў іншую не можа быць прычынай адмовы ў хрышчэнні. Такія прыклады — гэта глыбокі пераварот у жыцці чалавека. Напрыклад, у нашай царкве ёсць вернік з Кітая. Ён прыехаў вучыцца ў Мінск, пазнаёміўся з Праваслаўем і прасякнуўся праваслаўнай верай. Нядаўна ён прыняў хрышчэнне, цяпер вывучае багаслоўе.

— Давайце падвядзем вынік: як даросламу, прыняўшы рашэнне ахрысціцца, падрыхтавацца да гэтага таінства?

— У аснове заўсёды павінна быць усвядомленасць вашага рашэння. Неабходна наведаць гутаркі са святаром. Зразумела, абавязкова бываць у царкве на богаслужэннях і маліцца самастойна. Вельмі важна, рыхтуючыся прыняць хрышчэнне, надаць увагу чытанню духоўнай літаратуры: гэта могуць быць Евангелле з каментарыямі айцоў Царквы, кнігі па асновах праваслаўнай веры. І калі ўзнікне адчуванне ўнутранай гатоўнасці — значыць, прыйшоў час прыняць таінства хрышчэння.

Аляксандра Анцэлевіч

zviazda.by/Church.by

Чытайце нас у TelegramViberInstagramВКонтакте