Протаіерэй Сергій Лепін: Ёсць тры важных падставы ставіцца да Курапатаў як да святыні

26 лютага 2017

top.jpg

Існуе тры важных падставы для таго, каб ставіцца да Курапатаў як да святыні. Пра гэта ў каментары Krynica.info заявіў протаіерэй Сергій Лепін, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы. «Курапаты — гэта, па-першае, могілкі, па-другое, — месца масавых рэпрэсій, у-трэціх — помнік культуры», — адзначыў ён.

На думку айца Сергія, усе работы на мясцовасці таксама павінны праводзіцца з улікам гэтых трох пунктаў. «З іншага боку, павінны быць выразна, на падставе раскопак, вызначаны межы гэтага святога месца, каб пазбегнуць як замаху на іх недатыкальнасць, так і лішніх спекуляцый вакол сумежных тэрыторый. Гэтая пазіцыя агучваецца намі даўно, і яна не мяняецца, і я не ведаю, што павінна адбыцца, каб яна змянілася: будуць там будоўлі ці не будуць, будуць там акцыі пратэсту ці не – усё гэта ўплывае толькі на ўзровень напружанасці ў грамадстве», — падкрэсліў святар.

Протаіерэй Сергій Лепін таксама нагадаў, што ў Курапатах заснавана праваслаўная рэлігійная абшчына, у якой праводзяцца набажэнствы. «І мы нагадваем усім аб неабходнасці маліцца і пазбягаць эскалацыі нянавісці і агрэсіі», — дадаў ён.

Крыніца.INFO / Church.by