Протаіерэй Сергій Лепін: Катэгарычна рэкамендуецца асвячаць на Вялікдзень перш за ўсё сваё сэрца

14 красавіка 2017

top.jpg

У чым сэнс асвячэння пасхальнай ежы? Што можна і што нельга асвячаць на Вялікдзень? На гэтыя пытанні партала Naviny.by адказаў доктар тэалогіі, старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Сергій Лепін. 

1. Што такое рытуал асвячэння?

Ніякага «рытуалу асвячэння» яек, кулічоў і пасок у прыродзе не існуе! Тэксты, якія чытаюць святары над прынесенай ежай на Вялікдзень, называюцца так: «Малітва на дабраславеньне мясной ежы...», «Малітва на блаславеньне сыру і яек...». Дабраславеньне! Калі мы хочам выкарыстоўваць слова «асвячэнне», то толькі як сінонім слова «благаслаўленне».

«Трыёдзь Цвятная» — па гэтай кнізе правяцца велікодныя службы — нібы папярэджваючы нашы памылкі, адназначна кажа нам: «кожны павінен ведаць, што ўсе прынесеныя прадукты не становяцца чымсці сакральным і святым, як некаторыя думаюць і прымаюць з усякім благагавеннем як некаторую святыню, але звычайны пачатак прынашэнняў, як благаславенне на ўжыванне пасля паста».

Такім чынам, свяшчэннікі проста благаслаўляюць тую ежу, ад якой вернікі ўстрымліваліся на працягу многіх тыдняў.

2. Які духоўны, рэлігійны сэнс благаславення? Адкуль ён з'явіўся?

Гэтая традыцыя нагадвае нам пра словы апостала Паўла: «Ці ясце́ вы, ці п’яце́, ці яшчэ што робіце, — усё рабіце на славу Божую (1 Кар. 10: 31)».

Традыцыя гэтая важная, прыгожая, смачная і духмяная, але яна раскрывае свой сэнс толькі ў складзе цэласнага духоўнага жыцця. Ніякія булкі і каўбасы, як бы мы іх ні размалёўвалі, і ні ў якім выпадку не заменяць веры, добрых спраў, малітвы, чытання Пісання.

Бо, па слове таго ж апостала , «Царства Божае — не ежа і пітво, а праведнасць, і мір, і радасць у Духу Святым» (Рым. 14:17)

Сапраўдная ежа і сапраўднае пітво — вучыць Сам Хрыстос (гл. Ін. 6: 55) — гэта Цела і Кроў Спасіцеля, якія мы прымаем у Таінстве Прычашчэння. І той, хто гэтага не робіць, не мае ў сабе вечнага жыцця (Ін. 6: 53). І ўсё роўна, «асвячае» ён яйкі, або не.

Адзін з сэнсаў, на які ўказвае малітва благаслаўлення мяснога: напамін пра Хрыста, як пра Сапраўдную Ежу, якой мы жывем. Ён — «Хлеб, які сышоў з неба» (Ін. 6: 58). Кулічы, паскі, яйкі — гэта свайго роду «вітамінка». Яны патрэбныя, і разам з «комплекснай тэрапіяй» яны могуць прынесці вялікую карысць, але самі па сабе яны не з'яўляюцца «лекавым сродкам».

На велікодным благаслаўленні ежы мы просім аб тым, каб прынесенае было ў радасць, сытасць, карысць і задаволенасць, але гэта не альтэрнатыва Трапезе Гасподняй.

3. Ці ёсць нейкі рэгламент па асвячэнню? Хто можа звяртацца да святароў з просьбамі аб асвячэнні таго ці іншага прадмета або чаго-небудзь яшчэ?

Наўрад ці гэта можна назваць рэгламентам... У аснове звароту за благаславеннем той ці іншай рэчы не павінна быць ніякіх забабонаў і тым больш злога намеру.

У прынцыпе, любы хрысціянін можа звярнуцца з просьбай блаславіць ежу, жыллё, аўтамабіль або яшчэ што-небудзь. Чаму толькі хрысціянін? А які сэнс пырскаць свянцонай вадой там, дзе няма веры? Сэнс благаслаўляць жыллё, калі яго насельнікі самі неблагаслаўляюць Госпада, і самі не асвячаюць храм уласнага цела? Сумна, калі надыходзіць Вялікдзень, а ў чалавека, у яго жыцці няма нічога больш благаславёнага, акрамя булкі і тварагу. Выедзенае яйка, нават калі яно і асвячонае, не шмат чаго вартае.

4. Што рэкамендуецца, а што не рэкамендуецца асвячаць?

Традыцыйна на Вялікдзень пад благаславенне прыносяць мучныя здобныя вырабы, мясныя і малочныя прадукты і, вядома ж, яйкі.

Але сэнс таго, што адбываецца дазваляе прыносіць на благаславенне усё, ад чаго чалавек устрымліваўся падчас посту. Напрыклад, я ведаю чалавека, які ў час посту не п'е кавы, свядома адмаўляючы сабе ў гэтым задавальненні. Чаму яму не прынесці кавы? На здароўе!

Але не трэба спрабаваць «асвячаць» нешта кшталту адкрытых кашалькоў, новай шапачкі для ўнука або дапаможніка для здачы іспыту ў ДАІ. Я разумею, што за падобнай экзотыкай можа хавацца цалкам сабе годная просьба да Бога, але фармальна і сутнасна да яе рэалізацыі трэба падыходзіць інакш.

Але зноў жа, катэгарычна рэкамендуецца асвячаць на Вялікдзень перш за ўсё сваё сэрца...

Church.by