Протаіерэй Сергій Лепін: Збіраць сродкі для рэстаўрацыі помнікаў куды больш прадуктыўна, чым подпісы супраць «антырэстаўрацыі»

16 мая 2018

top.jpgУ інтэрнэце ідзе збор подпісаў супраць «антырэстаўрацыі» цэркваў. Аўтары петыцыі лічаць, што Беларуская Праваслаўная Царква мэтанакіравана пазбаўляе старадаўнія беларускія храмы іх аўтэнтычнага аблічча. Сітуацыю пракаменціраваў для Радыё Свабода старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Сергій Лепін.   

Усе настаяцелі прыходаў, якія карыстаюцца помнікамі архітэктуры, ведаюць, што рэстаўрацыі трэба праводзіць з дазволу Мінкульту. Беларуская Праваслаўная Царква мае асаблівы клопат аб захаванні матэрыяльнай спадчыны, як мне падаецца, яна наогул з’яўляецца буйнешым карыстальнікам помнікаў у Беларусі. Я згодны з тым, што бываюць нейкія асобныя выпадкі, і нашы ўласныя ўнутраныя службы самакантролю праводзяць разбіральніцтвы па недарэчных фактах, але ў цэлым эксплуатацыя і рамонт будынкаў, якія з'яўляюцца помнікамі архітэктуры, адбываецца згодна з заканадаўствам і фінансавымі магчымасцямі абшчын. Царква шмат робіць для захавання гістарычнай спадчыны. Толькі адзінкавыя аб'екты атрымліваюць ад улад дадатковае мэтавае фінансаванне, ва ўсіх жа астатніх выпадках мы адшукваем уласныя сродкі. І гэта ўжо не адзінкавыя будынкі! Менавіта тое, што храмы знаходзяцца ў карыстанні Царквы, захоўвае іх ад разбурэння, а многія адбудаваны літаральна з руін і нават з небыцця.

Згодзен, усё можна рабіць лепш, у тым ліку і тое, што робіць Царква. Але прашу заўважыць, што рэстаўрацыя храмаў наўрад ці можа падтрымлівацца на больш высокім узроўні, чым рэстаўрацыйная справа па краіне ў цэлым.

Аб кожным выпадку меркаванага парушэння трэба казаць асобна, дакладна ведаючы гісторыю ўзгадненняў або, наадварот, самавольных змен. Маю запэўніць, што мы таксама занепакоеныя несанкцыяніраванымі зменамі альбо ўтрыманнем помнікаў у неналежным стане, але ініцыятары праекта лепш бы спачатку вызначыліся з канкрэтным спісам помнікаў ды высветлілі, на што ёсць дазвол, а на што — няма. Калі рэстаўрацыя праведзена згодна зацверджанаму праекту, то аб якім парушэнні можа ісці гаворка? Мы старанна прыслухоўваемся да заўваг грамадства, але пакідаем за сабой права пагаджацца не заўсёды.

Мой асабісты вопыт зносін з людзьмі, якія маюць падобныя прэтэнзіі, паказвае, што яны вельмі часта ўзводзяць прыватнае ва ўсеагульное, альбо проста кажуць пра тое, пра што маюць не веды, а фобіі і прадузятасці да БПЦ. А яшчэ часцей спрэчка ідзе проста пра густы. Але падкрэслю яшчэ раз: існуюць непрыемныя памылкі, і мы працуем над імі.

І, я упэўнены, збіраць сродкі для рэстаўрацыі помнікаў куды больш прадуктыўна, чым подпісы. Анічога не рабіць, а только расказваць пра тое, як «яно павінна быць» – ёсць у гэтым нешта лукавае. Будуюць адныя, а подпісы па Сеціву збіраюць іншыя… Мая прапанова такая: хай бы заклапочаная грамадскасць учыніла грашовы рахунах, збірала грошы, выяўляла помнік, дапамагала яго адрэстаўрыраваць «як трэба», і ў якасці падзякі адрымлівала бы справаздачу, адпаведную яе ўяўленням аб празрыстасці. Захаваем спадчыну разам, сябры!

Church.by