Бібліятэка Мінскай духоўнай семінарыі атрымала ў дар рэдкія выданні XIX стагоддзя з калекцыі беларускага паэта Алеся Разанава
12 лістапада 202111 лістапада 2021 года бібліятэка Мінскай духоўнай семінарыі атрымала ў дар рэдкія выданні XIX стагоддзя з калекцыі беларускага паэта Алеся Разанава (1947-2021).
У цырымоніі перадачы кніг прынялі ўдзел рэктар протаіерэй Віктар Васілевіч, загадчык кафедры багаслоўя дацэнт А. В. Кароль, загадчыца бібліятэкай інакіня Нона (Ярмолік), бібліёграф-бібліятэкар М. М. Морза, галоўны рэдактар часопіса «Ступені» протадыякан Павел Бубноў.
Алесь Віктаравіч Кароль перадаў бібліятэцы духоўнай школы два рэдкія выданні: «Старажытныя манаскія статуты» (Масква, 1897) і «Катэхізічныя павучанні, якія агульнадаступна растлумачваюць вучэнне Праваслаўнай Царквы аб веры, надзеі, любові» протаіерэя Рыгора Дзячэнкі (Масква, 1898). Гэтыя кнігі да нядаўняга часу знаходзіліся ў бібліятэцы вядомага беларускага паэта Алеся Разанава (1947-2021). Пасля яго скону і адпявання, якое было здзейснена ў свята Успення Прасвятой Багародзіцы ў Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска, блізкія паэта прынялі рашэнне аб перадачы кніг багаслоўскага зместу ў дар бібліятэцы Мінскай духоўнай семінарыі.
Начальнікі, навучальнікі і навучэнцы Мінскай духоўнай семінарыі сардэчна дзякуюць блізкім Алеся Разанава за каштоўны дар і ўзносяць малітвы аб яго шпакаенні ў нябесных селішчах.