Адбылася сустрэча рэктара Мінскай духоўнай акадэміі і дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
29 ліпеня 202128 ліпеня 2021 года ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася сустрэча рэктара Мінскай духоўнай акадэміі іераманаха Афанасія (Сакалова) і дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксаны Кніжнікавай.
У сустрэчы прыняў удзел загадчык бібліятэкі духоўнай акадэміі Ілья Перчанка.
У ходзе гутаркі бакі абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва і падвялі вынікі сумеснай работы па шэрагу напрамкаў.
Бібліятэка Мінскай духоўнай акадэміі з 2020 года з'яўляецца ўдзельнікам рэгіянальнага зводнага электроннага каталога (РСЭК) бібліятэк Мінскай вобласці.
Адной з крыніц фарміравання бібліятэчнага фонду акадэміі з'яўляецца супрацоўніцтва ў галіне абмену дакументамі з сектарам дакументаабмену і пераразмеркавання дакументаў аддзела камплектавання фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
На працягу некалькіх гадоў вядзецца работа па выяўленню і апісанню кніжных помнікаў з фондаў акадэмічнай бібліятэкі работнікамі навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі.
Плануецца арганізаваць працу з аддзелам міжбібліятэчнага абанемента і дастаўкі дакументаў і сектарам міжбібліятэчнага абанемента і электроннай дастаўкі дакументаў.
Студэнты Мінскай духоўнай акадэміі рэгулярна наведваюць выставы на пляцоўках галоўнай бібліятэкі краіны, актыўна ўдзельнічаюць у сумесных мерапрыемствах, якія арганізуюцца Беларускай Праваслаўнай Царквой і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.