Каляднае пасланне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла архіпастырам, пастырам, дыяканам, манахам і ўсім верным дзецям Рускай Праваслаўнай Царквы
05 студзеня 2022Узлюбленыя ў Госпадзе архіпастыры,
пачэсныя прасвітары і дыяканы, багалюбівыя інакі і інакіні,
дарагія браты і сёстры!
Сардэчна віншую ўсіх вас з вялікім святам Ражджаства Хрыстова.
У гэтую светлую ноч радуецца ўсё стварэнне, бо набліжаецца і прыходзіць цяпер Гасподзь, чаканне народаў і спасенне свету (канон на павячэр’і прадсвята Ражджаства Хрыстовага). Прышэсця Спасіцеля доўгія гады чакалі людзі, якія страцілі пасля выгнання з раю сувязь са сваім Стварыцелем, якія забыліся, як гэта радасна — штодня адчуваць прысутнасць Божую і чуць зусім побач Яго голас, мець магчымасць звяртацца да Яго — і адразу атрымліваць адказ, ведаць, што ты ў поўнай бяспецы — таму што Гасподзь побач з табой.
Менавіта гэтага адчування бяспекі, абароненасці і спакою нам вельмі не хапае сёння, калі згубная пошасць усё яшчэ ўносіць свае карэктывы ў наша жыццё, калі цяжка нешта прагназаваць і будаваць планы, калі няўпэўненасць у заўтрашнім дні пастаянна трымае ў напрузе і выклікае трывогу. Аднак у гэтых няпростых абставінах мы асабліва востра адчулі ломкасць чалавечага быцця, усвядомілі, што павінны шанаваць як найвялікшы Божы дар кожны новы дзень, зразумелі, якім непадъёмным цяжарам становіцца вымушаная адзінота і як важна мець магчымасць рэгулярных асабістых зносін з роднымі і блізкімі.
Пазіраючы цяпер на Немаўля Хрыста, Які ляжыць у яслях, на Яго Прачыстую Маці і Праведнага Іосіфа Абручніка, мы разумеем, што толькі любоў да Бога і людзей здольная ўмацаваць нас у розных выпрабаваннях, выгнаць страх з нашых сэрцаў, даць сілы на здзяйсненне добрых спраў.
Бо і Прасвятая Багародзіца ў адзін з самых важных момантаў свайго жыцця таксама знаходзілася ў цяжкіх абставінах — у чужым горадзе, у пустынным месцы, у пячоры для жывёлы. Аднак ўбогая пячора здалася Ёй прыгожым хорамам (трапар прадсвята), таму што Яе сэрца перапаўняла любоў да Сына і Бога: гэтая любоў зменьвала ўсё вакол, і Прачыстая Дзева не заўважала ні нязручнасцяў, ні апошняй галечы пячоры. Удзячнасць Тварцу і пяшчота да нованароджанага Немаўляці дазваляла Ёй лічыць цяжкасці ні за што і бачыць добры Промысл Божы ва ўсіх абставінах, якія пасылаў Ёй Гасподзь. Як гэта адрозніваецца ад нашага ўспрымання дадзеных Богам выпрабаванняў, калі, напрыклад, падчас ізаляцыі многія нават родны дом успрымалі як турму, упадалі ў роспач і бачылі ўсё ў чорных фарбах.
У думках стоячы сёння перад яслямі Спасіцеля, ля якіх побач з Творцам знаходзіцца ўсё стварэнне — і людзі, і жывёлы, і ангелы, слугі Прасвятой і Трысонечнай зары (канон 5-га гласа ў панядзелак утрані), — адчуем сябе акружанымі любоўю Божай і аб'яднанымі вакол Хрыста. Скінем з душы кайданы боязі і недаверу, трывогі і адчаю, пачуем голас Сына Божага, Які прыходзіць на грэшную зямлю і заклікае да Сябе ўсіх стру́джаных і абцяжа́раных, абяцаючы ім супакой (Мф. 11:28). Прыходзіць — і вучыць нас жыць так, каб страчаная райская асалода зноў стала рэальнасцю, і нават больш — каб чалавек мог неспасціжным і таямнічым чынам злучацца з Госпадам.
Цар Нябесны, Які нарадзіўся на зямлі (сціхіры свята) ужо ўсё зрабіў для нашага спасення. Нам застаецца толькі прыняць Яго любоў і адказаць на яе сваімі ўчынкамі — жыццём па запаведзях і справамі міласэрнасці, моцнай верай і жаданнем быць з Богам, гатоўнасцю не толькі прымаць з Яго Айцоўскіх рук багатыя шчодрасці, але і з цвёрдым спадзяваннем і даверам Яму пераадольваць тыя ці іншыя складанасці.
Дарагія мае, зноў і зноў віншую вас з Ражджаством Хрыстовым. «Ніхто не адлучаны ад саўдзелу ў гэтай весялосці, — сведчыць свяціцель Леў Вялікі, — бо нагода для радасці агульная для ўсіх. Няхай жа радуецца святы, бо набліжаецца да славы. Няхай радуецца грэшнік, бо даруецца яму прабачэнне» (слова I на Ражджаство Хрыстова). Гасподзь няхай пашле ўсім вам душэўнае і цялеснае здароўе, невычэрпную радасць і бадзёрасць духу, умацуе ў працах, якія здзяйсняецца вамі, і ў далейшым шэсці сцежкаю спасення. Амінь.
+КІРЫЛ, ПАТРЫЯРХ МАСКОЎСКІ І ЎСЯЕ РУСІ
Ражджаство Хрыстова
2021/2022 г.
Масква