Руская Праваслаўная Царква заклікае да мірнага вырашэння сітуацыі ў Курапатах

09 красавіка 2019

top.jpg

Руская Праваслаўная Царква ўсюды, дзе ёсць яе паства, сведчыць пра тое, што паклонныя крыжы — гэта не толькі рэлігійны сімвал, але і выражэнне прынятых у грамадстве гуманітарных каштоўнасцяў, — заявіў «Інтэрфаксу» у панядзелак намеснік кіраўніка Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ Вахтанг Кіпшыдзэ.

Па яго словах, гэтага правіла РПЦ прытрымліваецца і ў адносінах да іншых рэлігійных сімвалаў, ўкаранёных у жыцці таго ці іншага народа.

— Крыжы на месцы масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій — гэта не палітычная інсталяцыя, а духоўная памяць пра людзей, якія прынялі смерць ад багаборніцкага рэжыму, — заявіў Вахтанг Кіпшыдзэ.

Ён заклікаў да ўзаемапаважлівага дыялогу пра лёс мемарыяльных крыжоў ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам, вынікі якога павінны быць прынятыя Царквой і беларускім грамадствам, безадносна палітычных перакананняў.

Пры гэтым прадстаўнік Рускай Царквы падкрэсліў, што «крыж не павінен станавіцца падставай для рэалізацыі палітычных амбіцый тых ці іншых грамадскіх груп».

Як паведамлялася, 4 красавіка ва ўрочышчы Курапаты былі знесены крыжы, устаноўленыя апазіцыйнымі актывістамі летам мінулага года. Пазней Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што ў Курапатах праводзяцца планавыя работы па добраўпарадкаванню ляснога фонду, у рамках якіх зносяцца аб'екты, устаноўленыя без якой-небудзь дазвольнай дакументацыі.

Урочышча Курапаты пад Мінскам з'яўляецца месцам пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Паводле розных звестак, у брацкіх магілах у Курапатах могуць знаходзіцца парэшткі ад некалькіх дзясяткаў да 250 тысяч чалавек. Тут спачываюць грамадзяне розных нацыянальнасцяў — акрамя беларусаў, таксама рускія, палякі, яўрэі, літоўцы. Тэрыторыя пахавання займае 15 га і ахоўваецца дзяржавай.

Интэрфакс / Church.by