Сінод Антыяхійскай Праваслаўнай Царквы выступіў з заявай аб сітуацыі ў праваслаўным свеце

08 кастрычніка 2018

top.jpg

У ходзе пасяджэння, якое адбылося 3-6 кастрычніка 2018 года ў Успенскім манастыры ў Баламандзе (Ліван), Свяшчэнны Сінод Антыяхійскай Праваслаўнай Царквы прыняў камюніке. У дакуменце гаворыцца:

Пасля абмеркавання сітуацыі ў праваслаўным свеце айцы Сінода пацвердзілі, што Антыяхійская Царква выказвае вялікую трывогу ў сувязі з дзеяннямі, якія вядуць да змены геаграфіі Праваслаўных Цэркваў з прычыны перагляду гісторыі, і лічыць, што аднабаковае прачытанне гісторыі не служыць праваслаўнаму адзінству, але распальвае разлад і падзел сярод сыноў адной Царквы. Яны падкрэслілі, што Антыяхійская Царква адхіляе прынцып стварэння паралельных цэркваў у межах кананічных граніц існуючых Патрыярхатаў або Аўтакефальных Цэркваў як сродак для вырашэння канфліктаў ці як нешта de facto, якое існуе ў праваслаўным свеце.

Антыяхійская Царква вуснамі яе айцоў сцвярджае, што вырашэнне пытання даравання аўтакефаліі для пэўнай Царквы павінна быць узгоднена з праваслаўнай эклезіялогіяй і з прынцыпамі, прынятымі аднагалосным рашэннем усіх цэркваў у мінулыя гады. Гэтыя прынцыпы абвяшчаюць, што рашэнне аб аўтакефаліі абавязкова патрабуе згоды Маці-Царквы і згоды ўсіх Праваслаўных Аўтакефальных Цэркваў. Антыяхійская Царква настойвае на неабходнасці захоўваць прынцып кансэнсусу як у сумеснай праваслаўнай дзейнасці, так і ў дачыненні да спрэчных пытанняў у праваслаўным свеце як сапраўдную гарантыю адзінства Праваслаўнай Царквы.

Антыяхійская Царква папярэджвае аб небяспецы ўступлення Праваслаўнай Царквы ў міжнародную палітычную барацьбу і аб шкодзе выкарыстання Праваслаўнай Царквой падыходаў, заснаваных на палітычных, расавых або этнічных элементах.

Антыяхійская Царква заклікае Яго Свяцейшасць Усяленскага Патрыярха склікаць тэрміновы сход Прадстаяцеляў Праваслаўных аўтакефальных Цэркваў для абмеркавання змяненняў, з якімі сутыкаецца праваслаўны свет у сувязі з пытаннем аб прадастаўленні аўтакефалій новым Цэрквам, і для выпрацоўкі сумесных рашэнняў, перад прыняццем канчатковых пастаноў па гэтаму пытанню.

Антыяхійская Царква падкрэслівае важнасць духоўнай нядрэмнасці ў гэты крытычны перыяд гісторыі і неабходнасць захавання міру і адзінства Царквы, і заклікае да пільнасці, каб не патрапіць у палітычныя пасткі, таму што, як паказвае гісторыя, гэта пазбаўляе сілы Праваслаўную Царкву і аслабляе адзінае праваслаўнае сведчанне ў свеце.

Служба камунікацыі АЗЦС / Church.by