Памёр прафесар Ульрых Луц — самы вядомы ў свеце даследчык Евангелля паводле Матфея

28 кастрычніка 2019

Ulrich-Luz.jpg

Пасля працяглай хваробы памёр адзін з выдатных даследчыкаў Свяшчэннага Пісання Новага Запавету, прафесар Бернскага ўніверсітэта доктар Ульрых Луц.

Ульрых Луц нарадзіўся 23 люты 1938 года ў горадзе Мэнендорф (Швейцарыя). Вывучаў багаслоўе ў Цюрыху, Гётынгене і Базелі, дзе яго выкладчыкамі былі Г. Концэльман, А. Швейцэр і Г. Эбэлінг. У 1970-1971 гадах выкладаў у Міжнародным хрысціянскім інстытуце ў Токіё, з 1972 па 1980 гадах быў прафесарам Новага Запавету ў Гётынгене, пасля чаго выкладаў ва ўніверсітэце горада Берн (Швейцарыя). З'яўляўся самым вядомым даследчыкам Евангелля паводле Матфея.

На працягу многіх гадоў, з 1998 года, прафесар доктар Ульрых Луц актыўна працаваў у Міжнародным таварыстве даследчыкаў Новага Запавету (SNTS), узначальваючы яго Усходнееўрапейскую камісію.

У бытнасць прэзідэнтам SNTS, а таксама старшынёй Усходнееўрапейскай камісіі, Ульрых Луц надаваў вялікую ўвагу развіццю багаслоўскай адукацыі ў краінах Усходняй Еўропы. Яго стараннямі былі створаны біблейскія бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу і Сафіі, істотна папоўнены біблейскай літаратурай фонды багаслоўскіх бібліятэк у Бялградзе і Мінску.

Прафесар Ульрых Луц двойчы бываў у Беларусі — у свой першы прыезд у лютым 2006 года ён пазнаёміўся з жыццём Інстытута тэалогіі БДУ і Мінскіх духоўных школ, прыняў удзел у закладцы капсулы ў падмурак будынка Мінскай духоўнай акадэміі, які будаваўся, выступіў з лекцыямі ў Мінскай духоўнай семінарыі, Інстытуце тэалогіі, на факультэце міжнародных адносін БДУ і сталічнай гімназіі № 11. Другі раз прафесар Луц быў у Мінску ў якасці саарганізатара Пятага Усходнееўрапейскага сімпозіума даследчыкаў Новага Запавету «Евангельскія вобразы Госпада Іісуса Хрыста ў царкоўнай традыцыі і біблейскай навуцы», які адбыўся ў верасні 2010 года.

Сёння дзякуючы працам прафесара доктара Ульрыха Луца бібліятэка Хрысціянскага адукацыйнага цэнтра і Інстытута тэалогіі валодае ўнікальнымі выданнямі, прысвечанымі найноўшым даследаваннямі ў галіне біблістыкі. У яго асобе заўсёды здзіўлялі неабыякавасць і невычэрпны энтузіязм навукоўца, які ён умеў перадаваць усім, хто з ім меў зносіны.

Хрысціянскі адукацыйны цэнтр / Church.by