Адбылася анлайн-канферэнцыя XVI Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прысвечаных 500-годдзю Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі
21 мая 202015 мая на працягу ўсяго дня праходзіла анлайн-канферэнцыя XVI Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, прысвечаных 500-годдзю Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі.
У гэтым годзе кнігазнаўчыя чытанні адбыліся як відэаканферэнцыя ў рэжыме рэальнага часу з магчымасцю размовы з дапамогай пытанняў да дакладчыкаў і відэарэпартажаў з прэзентацыямі. Кнігазнаўцы з розных краін, праявіўшы цікавасць, падалі заяўкі на ўдзел і тэксты дакладаў. На партале Нацыянальнай бібліятэкі зарэгістравалася больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны. Навукоўцы накіравалі каля 60 артыкулаў для публікацыі ў матэрыялах канферэнцыі.
З прывітаннямі на адкрыцці навуковага форуму выступілі:
- Бондар Юрый Паўлавіч, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь, кандыдат палітычных навук, дацэнт;
- Матульскі Раман Сцяпанавіч, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, доктар педагагічных навук, прафесар;
- Слесараў Аляксандр Валер'евіч, прарэктар па навуковай рабоце Мінскіх духоўных акадэміі і семінарыі, кандыдат багаслоўя, дацэнт.
На працягу многіх дзесяцігоддзяў Нацыянальная бібліятэка Беларусі паспяхова збірае, вывучае і папулярызуе беларускую і сусветную кніжную спадчыну і тым самым забяспечвае духоўную і інтэлектуальную пераемнасць пакаленняў, перадачу фундаментальных каштоўнасцяў і ідэалаў, стварае ўмовы для ўзбагачэння ўнутранага свету і раскрыцця творчага патэнцыялу шырокага кола сваіх карыстальнікаў. Гэтая высакародная місія суправаджаецца таксама міжнароднымі кнігазнаўчымі чытаннямі, якія праводзяцца ў бібліятэцы ўжо трэцяе дзесяцігоддзе.
Сімвалічна, што сёлета кнігазнаўчыя чытанні прысвечаны 500-годдзю заснавання знакамітага Жыровіцкага манастыра і бібліятэкі. Манастыры здаўна служылі цэнтрамі культуры і літаратуры — тут перапісваліся і друкаваліся кнігі, ствараліся першыя бібліятэкі і школы. Жыровіцкі манастыр, пабудаваны на месцы цудоўнага яўлення іконы Божай Маці, ніколі не закрываўся і за доўгую гісторыю свайго існавання стаў буйным духоўным цэнтрам беларускага народа. Хрысціянскія духоўныя ідэалы і святыні натхнялі творцаў на плённую працу. На працягу пяці стагоддзяў у Жыровіцкім манастыры ствараліся і захоўваліся лепшыя ўзоры кніжнай, мастацкай, музычнай культуры нашага народа, інтэлектуальныя помнікі, дзейнічалі навучальныя ўстановы для свецкіх і духоўных асоб.
Праграма мерапрыемства ўключала больш за 60 дакладаў па наступных тэматычных блоках:
- Кніжная культура Жыровіцкага манастыра
- Рукапісная літаратура
- Гістарычныя кніжныя калекцыі
- Друкаваная кніга XVI–XVIII стст.
- Беларуская кніга ХІХ–XX стст.
- Кніга ў сучасным сацыякультурным асяроддзі
XVI Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні традыцыйна сабралі даследчыкаў і спецыялістаў, якія займаюцца вывучэннем кніжных помнікаў — найважнейшым складнікам культурнага і інфармацыйнага патэнцыялу краіны. Старажытныя традыцыі беларускага пісьменства і друку — яркае сведчанне высокага развіцця нацыянальнай культуры. У той жа час, застаючыся каштоўнай крыніцай для вывучэння нашага мінулага, беларуская літаратура становіцца асновай дынамічнага развіцця нацыянальнай культуры на сучасным этапе.
Запіс трансляцыі можна паглядзець тут.