Адбыліся ўрачыстасці з нагоды 30-й гадавіны адраджэння Люблінска-Холмскай епархіі Польскай Праваслаўнай Царквы

04 красавіка 2019

top.jpg

25 сакавіка ў Любліне прайшлі ўрачыстасці з нагоды 30-й гадавіны адраджэння Люблінска-Холмскай епархіі.

Кожны год для вернікаў Холмшчыны і Паўднёвага Падляшша свята Благавешчання Прасвятой Багародзіцы становіцца падставай для ўспамінаў, якія тычацца рашэння сабора епіскапаў Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ад 25 сакавіка 1989 года аб адраджэнні царкоўных структур існаваўшай раней Холмскай епархіі. Пастанова іерархаў Царквы стала пачаткам рознабаковага адраджэння і развіцця праваслаўнай традыцыі на гэтай тэрыторыі. Не менш важнай падзеяй было рукапалажэння правячага архіерэя — уладыкі Авеля, якое было здзейснена 14 мая 1989 года ў Спаса-Праабражэнскім саборным храме Любліна. Юбілейны 2019 год стаў годам сумеснай падзякі Богу за ласку, яўленую духавенству і міранам Люблінскай зямлі.

Урачыстасці ў гонар гадавіны і прэзентацыя альбома «Праваслаўная Люблінска-Холмская епархія 1989-2019 гг.» праходзілі ў Ваяводскай публічнай бібліятэцы імя Гераніма Лапацінскага ў Любліне. У будынку сабраліся святары епархіі, прыхаджане, прыхільнікі Праваслаўя з ліку мясцовых навукоўцаў і прадстаўнікоў свецкай улады, а таксама чытачы бібліятэкі. Падчас урачыстасцяў таксама была прэзентаваная выстава «Усходнеславянская культурная спадчына: кансервацыя, рэстаўрацыя і аблічбоўка малюнкаў старажытных цэркваў і іх убрання ў Малапольшчы, Падкарпацці, Любліншчыне і Падляшшы», на якой паказаны працэс рамонтных работ у дзевятнаццаці праваслаўных храмах.

Вячэрняе святкаванне ўдастоілі сваёй прысутнасцю: рымска-каталіцкі мітрапаліт Люблінскі, арцыбіскуп Станіслаў Будзік, генеральны дырэктар Люблінскага Ваяводскага ўпраўлення Агата Груля, віцэ-спікер Люблінскага ваяводства Збігнеў Вайцяхоўскі, памочнік мэра Любліна Здзіслаў Нядбала, Люблінскі ваяводскі захавальнік помнікаў доктар Дарыюш Капцеўскі, дырэктар Ваяводскай публічнай бібліятэкі імя І. Лапацінскага Тадэвуш Славецкі, а таксама Славамір Паўлоўскі, ганаровы доктар міжканфесійнага інстытута пры Люблінскім каталіцкім універсітэце. Мерапрыемства вёў летапісец Люблінска-Холмскай епархіі Станіслаў Дамброўскі.

У першай частцы ўрачыстасцяў адбыўся канцэрт духоўных песнапенняў у гонар Найсвяцейшай Багародзіцы. Канцэрт адкрыў епархіяльны моладзевы хор Спаса-Праабражэнскага прыхода Любліна пад кіраўніцтвам Паўліны Хвайко. Далей выступіў хор «Холмшчына» пад кіраваннем матушкі Агнешкі Лотыш, а таксама хор Туркавіцкага манастыра пад кіраваннем сястры Яўфаліі (Залатаровай). На заканчэнне гэтай часткі мерапрыемства выступіў хор Люблінскага кафедральнага сабора пад кіраўніцтвам чытальніка Андрэя Баўблея. Падчас выканання заключнага твора, «Умацуй Божа», сольную партыю выканаў саліст Люблінскай філармоніі Данііл Ісаеў.

Другая частка мерапрыемства была прысвечана прэзентацыі юбілейнага альбома «Праваслаўная Люблінска-Холмская епархія 1989-2019 гг.» на 312 старонках публікацыі прадстаўлена гісторыя і сучаснасць у жыцці манастыроў і прыходаў. Альбом прапануе чытачу здзейсніць фотападарожжа, падчас якога ён зможа пазнаёміцца з багаццем царкоўнай архітэктуры Холмшчыны і Паўднёвага Падляшша.

З падрабязным апісаннем выдання выступіў рэдактар альбома доктар Яраслаў Харкевіч. Аўтар, які вядомы сваімі асабістымі публікацыямі альбомаў і кніг, заявіў:

— Немагчыма не заўважыць, што прадстаўлены юбілейны альбом — гэта не толькі вынік маёй немалой гадавой працы, але перш за ўсё вынік самаадданага архіпастырскага служэння ўладыкі Авеля. Немагчыма ўявіць сабе, як выглядала б Праваслаўе на тэрыторыях, якія ляжаць у межах гэтай епархіі, калі б не малады і энергічны архіпастыр, які ўзяў яе штурвал трыццаць гадоў таму і не толькі трымае яго, агінаючы рыфы, якія ўзнікаюць з розных бакоў, але плыве ўсё смялей, трымаючы абраны курс абвяшчэння Праваслаўнай веры сярод людзей, якіх, як ён сам напісаў ва ўводзінах, тут ужо не павінна было быць.

Як адзначыў рэдактар, па благаславенню архіепіскапа Авеля даход ад продажу альбома будзе пералічаны на будаўніцтва комплексу манастыра Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў Туркавічах.

Вялікай колькасцю цёплых слоў падкрэсліў годнасць юбілею каталіцкі мітрапаліт Люблінскі, арцыбіскуп Станіслаў Будзік. Іерарх падкрэсліў сваё шматгадовае знаёмства з архіепіскапам Авелем, а таксама станоўчую дынаміку канфесійнага дыялогу. Мітрапаліт адзначыў узорныя сяброўскія адносіны хрысціянскага Усходу і Захаду на тэрыторыі Любліншчыны з часоў арцыбіскупа Юзэфа Жыцінскага.

— Марыя, Якая прыняла Слова з такой вялікай пакорай і ахвотай, няхай падтрымлівае ўладыку архіепіскапа Авеля. Няхай яна вучыць яго аддаваць сябе волі Божай і адкрывае яму натхненне Духа Святога. Няхай архіепіскап у сіле Духа Святога і далей сведчыць пра сваю веру. Няхай і далей падтрымлівае Люблін як горад рэлігійнай згоды і ўзор канфесійнага міру для навакольных, і няхай атрымлівае ад гэтага вялікае суцяшэнне, мір у сэрцы. Мы заўсёды будзем вам удзячныя і да вас добразычлівыя —  сказаў арцыбіскуп Станіслаў.

Архіепіскап Люблінскі і Холмскі Авель падзякаваў духавенству, пеўчым і вернікам за прысутнасць і дапамогу ў арганізацыі урачыстасцяў. Словы падзякі таксама былі адрасаваныя афіцыйным гасцям, якім уручылі альбомы з адпаведнымі прысвячэннямі.

Мерапрыемства завяршыла сумесная трапеза-агапа ў памяшканнях бібліятэкі.

Cerkiew.pl / Church.by