Адбыўся візіт прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у Грузію

06 лістапада 2018

top.jpgПа запрашэнню Алавердскай епархіі Грузінскай Праваслаўнай Царквы і кіраўніцтва рэгіёна Кахеція з 2 па 4 лістапада адбыўся візіт прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у Грузію паведамляе сайт Пасольства Рэспублікі Беларусь у Грузіі.

Па благаславенню мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, ад Беларускай Праваслаўнай Царквы прыняў удзел у паездцы старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства протаіерэй Мікалай Коржыч, інфармуе сайт Аляксандра-Неўскага благачыння Мінскай епархіі.

Міністэрства культуры прадстаўляў выкладчык УА «Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў», намеснік старшыні ГА «Беларускі саюз мастакоў» Глеб Отчык.

2 лістапада ў Патрыяршай рэзідэнцыі ў Тбілісі беларускую дэлегацыю прыняў Свяцейшы і Блажэннейшы Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі Ілія ІІ.

У гэты ж дзень у кафедральным храме Алавердскай епархіі Грузінскай Праваслаўнай Царквы адбылася цырымонія ўрачыстай перадачы іконы прападобнай Еўфрасінні Полацкай з часціцай яе святых мошчаў. Абраз напісаны дацэнтам кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юрыем Падоліным у сааўтарстве з выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Глебам Отчыкам.

На сустрэчы святыні прысутнічалі: мітрапаліт Алавердскі Давід, першы намеснік дзяржаўнага ўпаўнаважанага губернатара Кахетыі Іраклій Шыашвілі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Грузіі Міхаіл Міхайлавіч Мятлікаў, святары і набожныя міране Грузінскай Праваслаўнай Царквы.

Мітрапаліт Давід сардэчна падзякаваў гасцям за паднесеную ў дар святыню і папрасіў перадаць падзяку мітрапаліту Паўлу і беларускім вернікам.

Даведка

Кафедральны храм Алавердскай епархіі быў пабудаваны ў першай чвэрці XI стагоддзя і з'яўляецца адным з самых высокіх збудаванняў свайго часу (да 2004 года быў самым высокім храмам Грузіі). Рэстаўрацыі, адна з якіх адбылася пасля землятрусу, некалькі змянілі аблічча сабора, але да гэтага часу ён застаецца выдатным узорам сярэднявечнага грузінскага дойлідства. Архітэктурны ансамбль сабора абнесены крапасной сцяной. Акрамя сабора самога па сабе, у ансамбль уваходзяць сярэднявечная трапезная, званіца, летні палац. У саборным храме захаваліся фрагменты насценнага жывапісу XI, XV і XVII стагоддзяў. У XVII-XVIII стагоддзях тут дзейнічаў жаночы манастыр, у якім пражывалі асобы царскага роду, якія прынялі манаства.

3 лістапада адбыліся афіцыйныя сустрэчы беларускай дэлегацыі з кіраўніцтвам рэгіёну Кахетыя, а таксама азнаямленчыя экскурсіі па святынях Грузінскай Царквы.

4 лістапада протаіерэй Мікалай Коржыч і іерэй Антоній Куракевіч, які суправаджаў яго ў паездцы, саслужылі мітрапаліту Алавердскаму Давіду за Бажэственнай літургіяй у манастыры святога Георгія.

Church.by