Студэнты двух лідскіх каледжаў даведаліся аб духоўным подзвігу свяціцеля Георгія (Каніскага)
08 чэрвеня 20177 чэрвеня ў Лідскай епархіі прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 300-годдзю з дня нараджэння свяціцеля Георгія (Каніскага), архіепіскапа Магілёўскага. Гутарку аб жыццёвым шляху святога з навучэнцамі Лідскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа правёў загадчык кафедры царкоўнай гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі протаіерэй Аляксандр Раманчук.
Айцец Аляксандр распавёў моладзі пра выдатнага архіпастыра, царкоўнага педагога, багаслова, філосафа, літаратара і гісторыка.
Архіепіскап Георгій скончыў Кіева-Магілянскую акадэмію, выкладаў у ёй тэалогію, быў прафесарам, а затым і рэктарам. У Магілёве падзвіжнік заснаваў духоўную семінарыю. Свяціцель Георгій вядомы не толькі сваёй асветніцкай дзейнасцю, але і самаадданай барацьбой за свабоду праваслаўнага веравызнання ў Рэчы Паспалітай.
У гэты ж дзень протаіерэй Аляксандр Раманчук правёў сустрэчу з духавенствам Лідскай епархіі, таксама прысвечаную подзвігу Магілёўскага свяціцеля.