Свяшчэнны Сінод на пасяджэнні ў Мінску дасць ацэнку дзеянням Канстанцінопальскага Патрыярхату

11 кастрычніка 2018

top.jpg

Старшыня Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ У. Р. Лягойда пракаменціраваў афіцыйную заяву, апублікаваную на сайце Канстанцінопальскага Патрыярхату па выніках пасяджэння Свяшчэннага Сінода Канстанцінопальскага Патрыярхату, якое адбылося 9-11 кастрычніка 2018 года ў Стамбуле.

«Канстанцінопальскім Патрыярхатам здзейснена беспрэцэдэнтнае антыкананічнае дзеянне, якое з'яўляецца спробай разбурэння асноў праваслаўнага кананічнага ладу. Інакш нельга ацаніць заяву Канстанцінопаля аб уступленні ў кананічныя зносіны з раскольнікамі і з асобай, адлучанай ад Царквы», — заявіў У. Р. Лягойда.

«Свяшчэнны Сінод Рускай Праваслаўнай Царквы на бліжэйшым пасяджэнні 15 кастрычніка ў Мінску дасць належную ацэнку гэтага дзеяння», — дадаў ён.

Па словах старшыні аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ, апеляцыя Канстанцінопальскага Патрыярхату да кананічнай прэрагатывы разглядаць падобныя звароты — гэта новая тэорыя, якая падтрымліваецца пераважна самім Канстанцінопалем.

У заяве Канстанцінопальскага Патрыярхату, у прыватнасці, гаворыцца аб аднаўленні кіраўніка т. зв. «Кіеўскага патрыярхату» Філарэта Дзенісенкі, кіраўніка «Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы» Макарыя Малеціча «да іх іерархічнага або свяшчэнніцкага звання» і аб вяртанні іх верных у зносіны з Царквой. Таксама ў заяве сказана пра «адмену юрыдычнай сілы Сінадальнага ліста 1686 года... які прадаставіў Патрыярху Маскоўскаму праз іканамію права высвяціць мітрапаліта Кіеўскага, абранага саборам духавенства і міран яго епархіі».

Пад старшынствам Свяцейшага Патрыярха Варфаламея I Свяшчэнны Сінод Канстанцінопальскага Патрыярхату на апошняй сесіі таксама пацвердзіў раней прынятае рашэнне аб тым, што Усяленскі Патрыярхат прыступае да прадастаўлення аўтакефаліі Царкве Украіны і заявіў аб прыняцці «апеляцыі ад Філарэта Дзенісенкі, Макарыя Малеціча і іх паслядоўнікаў, якія апынуліся ў расколе не па дагматычных прычынах».

Фота: ТАСС 

Патрыярхія.ru / Church.by