Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл прыняў удзел у сустрэчы Прадстаяцеляў і дэлегацый Памесных Праваслаўных Цэркваў у Амане
27 лютага 202026 лютага 2020 года ў сталіцы Іарданіі горадзе Амане адбыўся сход Прадстаяцеляў і дэлегацый Памесных Праваслаўных Цэркваў. З ініцыятывай правесці сустрэчу для абмеркавання сітуацыі ў міжцаркоўных адносінах і пытанняў захавання праваслаўнага адзінства выступіў 21 лістапада 2019 года падчас знаходжання ў Маскве Блажэннейшы Патрыярх Іерусалімскі Феафіл ІІІ.
У сходзе прынялі ўдзел Блажэннейшы Патрыярх Феафіл, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, Свяцейшы Патрыярх Сербскі Ірыней, Блажэннейшы Мітрапаліт Чэшскіх зямель і Славакіі Расціслаў, а таксама дэлегацыя Румынскай Праваслаўнай Царквы на чале з мітрапалітам Тыргавішцкім Ніфантам і дэлегацыя Польскай Праваслаўнай Царквы, якую ўзначаліў архіепіскап Люблінскі і Холмскі Авель.
У складзе афіцыйнай дэлегацыі Рускай Праваслаўнай Царквы — Блажэннейшы мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый, старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату мітрапаліт Валакаламскі Іларыён, намеснік старшыні АЗЦС протаіерэй Мікалай Балашоў, начальнік Рускай духоўнай місіі ў Іерусаліме архімандрыт Аляксандр (Ялісаў), старшыня Сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах Царквы з грамадствам і СМІ У. Р. Лягойда.
Нарада пачалася агульнай малітвай, якая прагучала на некалькіх мовах.
Звярнуўшыся да прысутных са словамі прывітання, Прадстаяцель Іерусалімскай Праваслаўнай Царквы, у прыватнасці, адзначыў: «Мы ведаем, што адзінства — гэта дар Божы, і ўсведамляем сваю адказнасць за захаванне адзінства, якое завяшчалі нам апосталы».
«Сёння мы сабраліся тут у імя Госпада нашага Іісуса Хрыста — сказаў Блажэннейшы ўладыка. — У аснове нашага дыялогу ляжыць хрысціянская любоў, гэта — адзіны шлях да прымірэння. Адказ на ўсе нашы пытанні павінен быць знойдзены ў дыялогу і братэрскай любові».
Як падкрэсліў Патрыярх Феафіл, сход у Амане — не Сабор, а нефармальная брацкая сустрэча, мэта якой — ініцыіраваць дыялог адносна праблем, з якімі сутыкаецца праваслаўны свет у цяперашні нялёгкі час. «Мы спадзяемся, што гэтая сустрэча закладзе асновы для пошуку рашэнняў. Мы павінны змагацца з падзеламі і накіроўваць свае намаганні на захаванне адзінства і вядзенне дыялогу», — падкрэсліў ён.
Далей прагучала слова Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла.
Падзякаваўшы Блажэннейшаму Патрыярху Феафілу, які склікаў сустрэчу, Яго Свяцейшасць падкрэсліў: «Гэта мужны і верны крок, і я ўпэўнены, што ён увойдзе ў гісторыю. У такія няпростыя для Праваслаўя часы першая па часе з'яўлення Апостальская кафедра зноў выконвае сваю гістарычную місію аднаго з ключавых цэнтраў сусветнага Праваслаўя».
Прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы таксама выказаў сардэчную падзяку Каралю Іарданіі Абдале II ібн Хусэйна аль-Хашымі за ветлівае садзейнічанне ў арганізацыі сустрэчы.
«Вялікая і заслуга Прадстаяцеляў і прадстаўнікоў Памесных Цэркваў, якія прыбылі на гэтую сустрэчу, бо сама згода прыняць у ёй удзел у некаторых выпадках патрабавала пэўнай смеласці. Але клопат пра захаванне адзінства Святой Царквы падштурхнула нас адкінуць усе іншыя меркаванні і па запрашэнню Яго Блажэнства прыбыць сюды», — канстатаваў Свяцейшы Патрыярх Кірыл.
Ён адзначыў, што сёння Праваслаўная Царква апынулася перад пагрозай падзелаў, падобных на якія не было без малога тысячу гадоў: аднабакова пераглядаюцца межы кананічных тэрыторый; адмяняюцца царкоўныя дакументы шматвяковай даўнасці; раскол на Украіне не пераадолены, а намаганні яго пераадолець не дасягаюць сваіх мэтаў; унія падымае галаву; заўважны пачатак небяспечных працэсаў на кананічнай тэрыторыі Сербскага Патрыярхату — у Паўночнай Македоніі, у Чарнагорыі. «Прычына гэтага крызісу мне бачыцца ў страце адзінага разумення ўладкавання Царквы і прыроды першынства ў ёй. Тысячу гадоў таму, у 1054 годзе, Царква сутыкнулася з тым жа выклікам, і наступствы мы адчуваем дагэтуль», — выказаў меркаванне Свяцейшы Уладыка.
Патрыярх Кірыл упэўнены: каб супрацьстаяць гэтай пагрозе, неабходна пачаць усеправаслаўнае абмеркаванне назапашаных праблем. Ён сфармуляваў найбольш вострыя з іх:
«Па-першае, гэта праблема разумення першынства ў Царкве; спробы абгрунтаваць дамаганні на сусветнае вяршэнства пры дапамозе спецыяльна для гэтай мэты створанай багаслоўскай аргументацыі; адсутнасць сістэмы саборнага кантролю дзеянняў кафедры, якая першынствуе, адмаўленне неабходнасці кансенсусу пры прыняцці рашэнняў ва усеправаслаўным маштабе. Гэтыя пытанні варта усеправаслаўна асэнсаваць.
Другое — гэта пагроза інстытуту аўтакефаліі ў Царкве; адсутнасць агульнаправаслаўна прызнанага, бясспрэчнага для ўсіх механізму прадастаўлення аўтакефаліі; спробы ўвесці няроўнасць паміж «старэйшымі» і «малодшымі» аўтакефальнымі Цэрквамі.
Трэцяе — гэта існуючыя спробы аспрэчваць кананічныя межы аўтакефальных Цэркваў, пераглядаць і адмяняць аднойчы прынятыя дакументы гістарычнай важнасці, якія вызначаюць гэтыя межы.
Чацвёртае — прэтэнзіі першага сярод роўных Прадстаяцеляў у сям'і Памесных Праваслаўных Цэркваў на права прымаць апеляцыі з любой Царквы і пагрозы выкарыстання гэтых апеляцый як інструмента ўмяшання ва ўнутранае жыццё іншых Памесных Цэркваў таксама, глыбока перакананы, патрабуюць асэнсавання і абмеркавання.
Пятае — узнікненне анамальнай сітуацыі, калі першы іерарх, насуперак базавым прынцыпам кананічнага права, выступае ў якасці суддзі ў справе, дзе ён з'яўляецца адным з бакоў, прадстаўляючы сябе апошняй інстанцыяй у разглядзе гэтай справы.
І шостае — гэта праблема стварэння так званых «стаўрапігій» на тэрыторыях іншых Памесных Цэркваў без іх згоды або супраць іх волі».
«Сёння перад намі стаіць задача змагацца за адзінства ўсіх Праваслаўных Цэркваў, адзінства сярод нас», — адзначыў Свяцейшы Патрыярх Сербскі Ірыней. Прадстаяцель Сербскай Праваслаўнай Царквы засведчыў: «адзінае правільнае рашэнне — гэта сабраць Сабор, сказаць на ім тое, што трэба сказаць, і вырашыць пытанні ў духу Праваслаўя».
Ён канстатаваў, што Сербская Царква выступае за захаванне кананічных прынцыпаў і хрысціянскай спадчыны. «Няхай дапаможа нам Бог і ўнясе адзінства ў нашу Царкву. Таму што раскол — гэта трагедыя для Царквы», — сказаў Патрыярх Ірыней.
Пра важнасць усеправаслаўнага абмеркавання сітуацыі, якая склалася, а таксама вырашэння праблем у адпаведнасці са святымі канонамі казаў і мітрапаліт Тыргавішцкі Ніфан, які прадстаўляў на сустрэчы Румынскую Праваслаўную Царкву. «Мы мяркуем, што для будучага магчымага Сабора Прадстаяцеляў або будучай агульнаправаслаўнай сустрэчы трэба правесці падрыхтоўчую канферэнцыю, каб належным чынам абмеркаваць парадак дня такой сустрэчы, які прывёў бы да рэальнага яднання ў праваслаўным свеце», — адзначыў іерарх.
Архіепіскап Люблінскі і Холмскі Авель, у сваю чаргу, сказаў пра тое, што Польская Праваслаўная Царква вельмі занепакоеная драматычнай сітуацыяй у праваслаўным свеце. «Мы молімся аб тым, каб было знойдзена рашэнне», — засведчыў кіраўнік дэлегацыі. Ён таксама адзначыў, што адсутнасць адзінства сярод Праваслаўных Цэркваў перашкаджае сведчанню перад неправаслаўным светам.
Прадстаяцель Праваслаўнай Царквы Чэшскіх зямель і Славакіі Расціслаў падзякаваў Блажэннейшаму Патрыярху Феафілу за запрашэнне да дыялогу, падкрэсліўшы: «Толькі сустракаючыся і абмяркоўваючы існуючыя праблемы, можна знайсці рашэнне, якое будзе цалкам адпавядаць Свяшчэннаму Пісанню і царкоўным устанаўленням».
Далей прагучала выступленне Блажэннейшага мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя, які распавёў удзельнікам сходу пра падзеі, якія адбываюцца ў межах Украінскай Праваслаўнай Царквы.
Нагадаўшы, што Украінская Праваслаўная Царква, якая знаходзіцца ў складзе Маскоўскага Патрыярхату, утворана ў 1990 годзе праз атрыманне Граматы Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі аб дараванні самастойнасці ў кіраванні, Блажэннейшы мітрапаліт Ануфрый адзначыў: «На працягу часу ўнутраныя і знешнія абставіны, якія перажывала Святая Украінская Праваслаўная Царква і ўкраінскі народ, стымулявалі працэсы ўдасканалення ўжо наяўных незалежнасці і самастойнасці царкоўнага жыцця і служэння. Сёння мы маем дэ-факта сапраўдную аўтакефалію. У нас функцыянуе Свяшчэнны Сінод, у нас ёсць Архіерэйскі Сабор, у нас ёсць незалежны царкоўны суд. Мы самастойна абіраем і рукапалагаем архіерэяў, адкрываем новыя епархіі. У нас ёсць свае духоўныя навучальныя ўстановы, розныя сінадальныя ўстановы па ўзаемадзеянню са знешнім светам і сацыяльным служэннем».
Ён распавёў аб сітуацыі з расколамі ва ўкраінскім Праваслаўі, адзначыўшы, што наступствам так званага аб'яднаўчага працэсу, ініцыіраванага ў 2018-2019 гадах Патрыярхам Канстанцінопальскім Варфаламеем, стала толькі павелічэнне расколу.
Блажэннейшы мітрапаліт Ануфрый таксама падрабязна спыніўся на кроках Канстанцінопальскага Патрыярха ў дачыненні да царкоўнай сітуацыі на Украіне, адзначыўшы, што гэтыя дзеянні парушаюць каноны Царквы і канстатаваўшы, што рашэннем крызісу ва ўкраінскім Праваслаўі магла б стаць ліквідацыя гэтых парушэнняў.
«Сёння некаторыя кажуць, што моцным сродкам для вылячэння царкоўнага расколу ва Украіне з'яўляецца атрыманне аўтакефальнага статусу для Украінскай Праваслаўнай Царквы. Хачу быць шчырым перад Богам і сваім сумленнем і скажу: упэўнены ў тым, што аўтакефальны статус Украінскай Праваслаўнай Царквы не вылячыць раскол. Магчыма, некаторыя раскольнікі вернуцца ў лона кананічнай Царквы, але не ўсе. Аўтакефалія не дае гарантыі абсалютнага адзінства. І ў існуючых у свеце аўтакефальных Цэрквах ёсць свае расколы», — падкрэсліў ён.
На думку прадстаяцеля Украінскай Праваслаўнай Царквы, на парадку дня стаіць выбудоўванне такога саборнага царкоўнага кіравання «якое будзе запатрабаваным і эфектыўным для спасіцельнага служэння Святой Саборнай Апостальскай Праваслаўнай Царквы ў новай сусветнай прасторы». «Паспяхова вырашыць гэтую праблему мы зможам толькі тады, калі мы адмовімся ад сваіх асабістых амбіцый і будзем дзейнічаць у духу боскага змірэння і братэрскай любові», — упэўнены ён.
У ходзе далейшага абмеркавання прагучалі выступленні, у якіх былі разгледжаны асобныя аспекты закранутых тэм і узняты шэраг іншых пытанняў, якія хвалююць зараз Памесныя Праваслаўныя Цэрквы.
Свяцейшы Патрыярх Кірыл выказаў пажаданне, каб цяперашні сход стаў першым у чарадзе такіх сходаў, і звярнуўся да Блажэннейшага Патрыярха Іерусалімскага Феафіла з просьбай ініцыіраваць наступную брацкую сустрэчу на Святой Зямлі.
У гэты ж дзень удзельнікі сходу сустрэліся з каралём Іарданіі Абдалой II ібн Хусейнам аль-Хашымі.
Вечарам Прадстаяцелі Памесных Праваслаўных Цэркваў і кіраўнікі царкоўных дэлегацый узгаднілі тэкст выніковага прэс-рэлізу.
У дакуменце, у прыватнасці, адзначаецца, што сход, які прайшоў у Амане, паслужыў умацаванню братэрскіх сувязей паміж удзельнікамі сустрэчы і Цэрквамі, якія яны прадстаўлялі, садзейнічаючы ўмацаванню міру ў Хрысце паміж імі.
У тэксце прэс-рэліза таксама гаворыцца аб канкрэтных праблемах, перад якімі стаіць цяпер Праваслаўе. Так, удзельнікі сустрэчы ўказалі на неабходнасць агульнаправаслаўнага абмеркавання царкоўнай сітуацыі, якая склалася на Украіне, для вырашэння наяўных праблем і вылячэння падзелаў. Адносна царкоўнай сітуацыі ў Паўночнай Македоніі ўдзельнікі сустрэчы пагадзіліся з тым, што дадзенае пытанне павінна вырашацца ў рамках дыялогу ўнутры Сербскай Царквы пры агульнаправаслаўнай падтрымцы. Што ж тычыцца Чарнагорыі, дзе быў прыняты закон, які прадстаўляе ўладам магчымасць забраць у кананічнай Царквы гістарычныя царкоўныя будынкі, Прадстаяцелі і прадстаўнікі Праваслаўных Цэркваў настойліва заклікалі кіраўніцтва гэтай краіны паважаць і выконваць фундаментальныя правы ўласнасці, у тым ліку ўласнасці царкоўнай.
Падкрэслена, што праблемы, якія маюць агульнаправаслаўнае значэнне, у прыватнасці, пытанне прадастаўлення аўтакефаліі, павінны вырашацца ў ходзе міжправаслаўнага дыялогу.
Дэлегацыі прыйшлі да адзінага меркавання аб неабходнасці правесці новую сустрэчу для ўмацавання брацкіх адносін з дапамогай малітваў і дыялогу; адзначаецца, што такая сустрэча магла б прайсці да канца 2020 года. Падпісанты дакумента выказалі надзею, што Патрыярх Варфаламей далучыцца да дыялогу са сваімі сабратамі Прадстаяцелямі.