Урачыстае пасвячэнне ў кадэты прайшло ў Полацку пры ўдзеле свяшчэннаслужыцеляў
24 снежня 202019 снежня, у дзень свята свяціцеля Мікалая Цудатворца, у Полацку адбыўся ўрачысты рытуал «Пасвячэнне ў кадэты». У кадэцкае брацтва ўступіла новае папаўненне.
Перад афіцыйнай цырымоніяй навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча наведалі Богаяўленскі кафедральны сабор і прынялі ўдзел у царкоўнай малітве. Малебен на пачатак усякай добрай справы здзейсніў кіраўнік аддзела Полацкай епархіі па сувязях з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь протаіерэй Аляксандр Шаховіч у саслужэнні іерэя Георгія Адынца. У сваім павучальным слове айцец Аляксандр падкрэсліў, што храм — гэта месца асаблівай прысутнасці Бога, а царкоўная малітва мае велізарнае значэнне ў жыцці кожнага веруючага чалавека, бо Сам Гасподзь казаў: «Дзе двое альбо трое сабра́ліся ў імя́ Маё, там Я сярод іх» (Мф. 18:20).
Пасля заканчэння богаслужэння святары ўручылі навучэнцам кадэцкага вучылішча маленькія іконкі свяціцеля Мікалая Цудатворца — нябеснага заступніка полацкіх кадэтаў. Жадаючыя мелі магчымасць атрымаць у дар нацельныя крыжы.
Урачысты рытуал «Пасвячэнне ў кадэты» адбыўся ў глядзельнай зале ДУК «Цэнтр культуры "Полацк"». Навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча далі клятву на вернасць «Кадэцкаму братэрству». Кожнаму быў уручаны «Білет кадэта».
Ад імя епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація кадэтаў павіншаваў кіраўнік аддзела Полацкай епархіі па сувязях з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь протаіерэй Аляксандр Шаховіч. Святар пажадаў новаму папаўненню дапамогі Божай у навучанні. Кожнаму кадэту айцец Аляксандр паднёс у дар Святое Евангелле.
На ўрачыстай цырымоніі «Пасвячэнне ў кадэты» прысутнічалі: прадстаўнікі Полацкага раённага выканаўчага камітэта, Наваполацкага гарвыканкама, вайскоўцы, прадстаўнікі сілавых структур, грамадскіх арганізацый, кіраўнікі прадпрыемстваў, а таксама выпускнікі Полацкага кадэцкага вучылішча, якія працягваюць у цяперашні час вучобу ў вышэйшых навучальных установах сістэмы нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.